Палітвязня Cяргея Кунцэвіча катавалі электрычным токам
51- 21.05.2017, 12:20
- 24,493
Пра гэта стала вядома лідару БНК Мікалаю Статкевічу.
У інтэрв'ю Charter97.org лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч распавёў:
- Кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і адзін з прадстаўнікоў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Менску Сяргей Кунцэвіч быў арыштаваны КДБ напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка. Яго арыштавалі, таму што Сяргей дапамагаў мне заставацца на волі, каб я мог узяць удзел у акцыі на Дзень Волі. Ён эвакуяваў мяне ад станцыі метро, каб я мог адарвацца ад «знадворкі». Сяргея нейкім чынам вылічылі, магчыма, відэакамеры былі ў метро і на прыпынку, дзе я сядзеў у аўтамабілі.
Сяргей таксама адказваў за гукаўзмацняльную тэхніку для акцыі. Ён паставіў свой аўтамабіль каля Акадэміі Навук, дзе знаходзілася апаратура. Потым па СТВ паказалі фільм пра тое, што нібыта з гэтага аўтамабілі дасталі «кактэйлі Молатава». Але адначасова з'явілася інфармацыя аб тым, як гэтыя ж бутэлькі даставалі з мікрааўтобуса сіняга колеру без нумароў. Гэта значыць, тут відавочная грубая правакацыя. Але аднак Сяргей застаецца ў турме: спачатку яго трымалі ў следчым ізалятары КДБ, цяпер - у следчым ізалятраы МУС. Яму выставілі абвінавачанне ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў».
Цяпер мы атрымалі ад яго інфармацыю. У мяне няма сумневаў, што гэтая інфармацыя менавіта ад яго. Пры неабходнасці мы можам гэта лёгка давесці. Я прывяду некалькі цытат.
Пачатковыя словы: «Дыктатура трымаецца на жорсткасці і страху. Чым горшая эканоміка, тым больш будзе жорсткасці. Людзі, спыняйце баяцца!».
Далей цытую: «Катавалі электрашокерам, хацелі даведацца, дзе Мікалай».
Сяргей паведамляе, што знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Я сам яму пісаў шмат разоў, але лісты да яго не прапускаюць. Ён не ведае, што правакацыя супраць яго раскрытая, ён піша, што бутэлькі падкінула КДБ ля Акадэміі Навук. На знак пратэсту ён трымаў трохдзённую галадоўку.
- Мікалай, як вы пракаментуеце гэтую шакавальную інфармацыю?
- Вядома, шакуе гэтая інфармацыя аб катаваннях. Ведаючы Сяргея Кунцэвіча, я цалкам яму давяраю. Гэтая палітыка «лібералізацыі» прыйшла да такога канца. Так, палітыкаў у Беларусі выкрадалі, забівалі, катавалі іншымі спосабамі ў следчым ізалятраы КДБ у 2010 годзе, але каб вось так у адкрытую ўжо да метадаў гестапа - катаваць электрычным токам чалавека...
Мы да гэтага прыйшлі. У тым ліку, дзякуючы «добрым» палітыкам на Захадзе, якія вызначылі, што тут «лібералізацыя» і развязалі рукі беларускаму рэжыму, пасяліўшы ў яго пачуццё беспакаранасці.
Уявіце, што цяпер адбываецца з тымі маладзёнамі ў «справе патрыётаў», якія дагэтуль знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ і якіх спрабуюць падпісаць пад артыкул, што яны стваралі «вайсковае фармаванне»?!
Беларускі Нацыянальны Кангрэс і «Народная Грамада» зробяць усё магчымае, каб абараніць гэтых людзей.