26 красавiка 2024, Пятніца, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянта прыцягнулі да адказнасці за брыдкаслоўе

8
Міліцыянта прыцягнулі да адказнасці за брыдкаслоўе
ГАЛІНА ЛОГАЦКАЯ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Актывістка дамаглася прыцягнення супрацоўніка міліцыі да адказнасці за брыдкаслоўе.

На пачатку сакавіка актывістка прафзвязу РЭП, мянчанка Галіна Логацкая хацела патрапіць на прыём да намесніка начальніка Маскоўскага РУУСа Менска Мікалая Рудніцкага.

Перад гэтым на жанчыну быў складзены пратакол апытання за ўдзел у маршы супраць Дэкрэту №3 17 лютага і яна наважыла прасіць супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя не складалі адміністрацыйнага пратаколу, бо не ўважае, што яна ўчыняла супрацьпраўныя дзеянні.

У выніку «цёплага прыёму», які аказалі праваахоўнікі ў РУУСе, жанчыну зневажалі, цягалі за валасы, нецэнзурна лаяліся. Яна атрымала пры гэтым цялесныя пашкоджанні і ўрэшце, хуткая дапамога адвезла яе ў лякарню. Апроч гэтага яе самую звінавацілі ў брыдкаслоўі і склалі адпаведны пратакол, праўда справу пазней спынілі. Адчуваючы, што падзеі развіваюцца непрадказальна Лагацкая паспела запісаць кавалак сваёй «гутаркі» з супрацоўнікамі міліцыі на тэлефон.

Праз некалькі дзён Лагацкая звярнулася да судмедэкспертаў, якія ўстанавілі наяўнасць на целе кровападцёкаў і гематом. Па атрыманні пісьмовай высновы судова-медыцынскай экспертызы яна, маючы на руках довады супрацьпраўных паводзін супрацоўнікаў міліцы, падала заяву ў Маскоўскае раённае аддзяленне Следчага камітэту аб распачынанні крымінальнай справы. Ды толькі дзе там!

Падчас праведзенай праверкі следчыя прышлі да высновы, што дакладна ўстанавіць, пры якіх абставінах узніклі цялесныя пашкоджанні на целе Лагацкай не ўяўляецца магчымым. Пры гэтым праўда, дзякуючы аўдыёзапісу, следчыя прызналі факт некарэктных паводзінаў супрацоўнікамі М. Руцкім і Ю. Міхалёнкам, а менавіта – што апошні сапраўды не стрымаліся і выказаліся ў яе адрас нецэнзурнай лаянкай.

У выніку следчая Маскоўскага райаддзела СК В. Сакалова пастанавіла адмовіць у распачынанні крымінальнай справы, бо не знайшла ў дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства.

Не пагадзіўшыся з такой пастановай Галіна Лагацкая з дапамогай юрыстаў Праваабарончага цэнтра «Вясна» падала скаргі на імя начальніка Маскоўскага раённага аддзялення СК і ў Пракуратуру Маскоўскага раёна Менска.

У скарзе жанчына адзначае, што следчай В. Сакаловай «не было дадзена належнай прававой ацэнкі дзеянням М. Руцкага і Ю. Міхалёнка, у ходзе якіх былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Зыходзячы з дыктафоннага запісу, на якім сапраўды чуваць шум, характэрны пры нанясенні ўдараў, можна зрабіць выснову, што М. Руцкі і Міхалёнак неправамоцна прымянялі ў дачыненні да мяне фізічны гвалт».

Лагацкая перакананая, што ў дзеяннях Руцкага маюцца прыкметы злачынства прадугледжанага ч.3. арт 426 Крымінальнага кодэксу: наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучаных з гвалтам, пакутамі ці знявагай пацярпелага.

Аднак і ў другі раз следчыя адказалі Лагацкай, што першапачатковая праверка была праведзеная поўная, падчас яе ўсе матэрыялы скаргі былі вывучаныя ўсёбакова і таму падстаў для скасавання ранейшай пастановы аб адмове ў распачынанні крымінальная справы не маецца.

А вось пракуратура Маскоўскага раёна Менска палічыла інакш і сваёй пастановай ад 10 траўня скасавала пастанову СК «з прычыны непаўнаты праведзенай праверкі і накіравала матэрыялы для правядзення дадатковай праверкі».

У той жа час упраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкама, куды адначасова накіравала зварот Галіна Лагацкая, правяло ўласнае службовае расследаванне, пад час якога было высветлена, што ў ходзе ранейшай праверкі выяўленыя факты грубых і нетактоўных паводзін з боку старэйшага прапаршчыка міліцыі Ю. Міхалёнка, за што ён прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці (цалкам пазбаўлены прэміі). Таксама паведамляецца пацярпелай, што матэрыялы ў дачыненні да Міхалёнка накіраваныя ў таварыскі суд.

Прызнаючы факт грубых паводзінаў супрацоўнікаў міліцыі, нецэнзурную лаянку, тым не меней, Маскоўскі РУУС пасля сваёй праверкі вынес пастанову аб спыненні справы аб адміністратыўным правапарушэнні ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Міхалёнка складу адміністратыўнага правапарушэння паводле арт 17.1 (дробнае хуліганства) КаАП. Маўляў, намеру на парушэнне грамадскага парадку ў апошняга не было.

Гэта менавіта той сумнавядомы артыкул, які супрацоўнікі міліцыі часта выкарыстоўваюць, каб пакараць удзельнікаў акцый пратэсту альбо актывістаў, сцвярджаючы, што апошнія брыдкасловілі і размахвалі рукамі. А вось на сябе прымераць «дробнае хуліганства» чамусьці не жадаюць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках