23 красавiка 2024, aўторак, 9:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады «дапрацоўваюць» дэкрэт «аб дармаедах»

67
Улады «дапрацоўваюць» дэкрэт «аб дармаедах»

Пад канец года незадаволенасць людзей дасягне піка.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў вядомы відэаблогер з Гомеля, актыўны ўдзельнік вясновых акцый пратэсту Максім Філіповіч.

- Пасля пратэстных акцый гэтай вясны ваша імя вядома, мабыць, кожнаму, хто цікавіўся падзеямі ў Беларусі. Азіраючыся назад, як вы ацэньваеце вясну 2017 году?

- Пачатак народных пратэстаў быў бурным і актыўным. Ні я, ні многія іншыя людзі нават не чакалі такога. Не чакалі, што ў Гомелі на мітынг выйдуць тры тысячы чалавек. Не чакалі пяцітысячнага Марша ў Менску. Ды і ў іншых гарадах усё праходзіла незвычайна актыўна.

Але ў далейшым акцыі пратэсту пайшлі на спад. Спецслужбы пастараліся запалохаць людзей перад акцыяй 1 траўня: многіх арыштавалі, многіх адвезлі кудысьці на «размову». Мне наогул у той дзень не далі выйсці з пад'езду.

- Вы сказалі, што многія нават не чакалі такіх маштабных пратэстаў. У чым прычыны таго, што столькі людзей выйшлі на вуліцы?

- Прычыны відавочныя. Ва ўмовах такога заняпаду эканомікі, калі прадпрыемствы падтрымліваліся на паверхні штучна, людзей пачалі выкідваць на вуліцу, называючы гэта «скарачэннямі». Хоць гэта ніякія не «скарачэнні» - проста людзям не працягваюць кантракты.

І вось ва ўмовах, калі адны людзі засталіся без працы, а тыя што працуюць сталі атрымліваць на парадак меншыя заробкі, прымаюць дэкрэт аб «дармаедах» і павышаюць пенсійны ўзрост. Сама ж улада сваімі дзеяннямі і «выклікала» на сябе гэтыя пратэсты.

У такіх умовах патрабаваць ад людзей яшчэ нешта заплаціць - гэта проста нейкае вар'яцтва. А людзі адрэагавалі адэкватна: выйшлі на вуліцы.

- Ці зніклі кудысьці фактары, якія выклікалі масавыя народныя пратэсты?

- Вядома, гэтыя фактары нікуды не дзеліся, эканамічны крызіс працягваецца. Я думаю, што пратэстныя акцыі паўторацца. Таму што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца - ніякага паляпшэння я не бачу.

Дэкрэт №3 ніхто не скасоўваў, яго проста пакуль «замарозілі» для дапрацоўкі. Не ўсе пакуль гэта разумеюць, у тым ліку і некаторыя мае знаёмыя. Але я ім тлумачу. За 23 гады гэтай улады многія развучыліся крытычна ўспрымаць інфармацыю і бараніць свае правы. Людзей трэба навучаць, з імі трэба працаваць.

А жыццё ў Беларусі будзе станавіцца горшым і горшым з кожным днём. З улікам таго, што ўлада нічога не робіць для выпраўлення сітуацыі - будзе горш утрая. Незадаволеных будзе становіцца ўсё больш. Таму чакаем новых выхадаў людзей на вуліцы.

- Калі гэта можа адбыцца?

- Думаю, што да канца гэтага года - пачатку наступнага будзе самы пік пагаршэння жыцця насельніцтва, народнай незадаволенасці і пратэстных настрояў. Зноў жа, скончыцца так званая «дапрацоўка» дэкрэта №3 і гэта зноў прывядзе да росту незадаволенасці.

- Вам як блогеру, які здымаў рэалістычныя сюжэты, даводзіцца часта мець зносіны з простымі людзьмі. Што больш за ўсё раздражняе беларусаў цяпер?

- Самы вялікі раздражняльнік - гэта абсалютная адсутнасць ва ўлады здольнасці да дыялогу. Людзей раздражняе, што іх ніхто не хоча чуць, што з імі ніколі не раяцца пры вырашэнні самых вострых пытанняў.

Я быў у многіх гарадах падчас пратэстнай вясны 2017 года. Мяне ўразіла, наколькі глухая сцяна паміж уладай і народам. Людзі выходзілі, жадаючы развязання іх праблем шляхам дыялогу - у інфармацыйным полі і непасрэдна. А ім у адказ заяўлялі: «вашы акцыі несанкцыянаваныя». А потым і зусім пачаліся арышты і затрыманні. Гэта самая адмоўная рыса беларускай улады - няўменне весці дыялог з абураным народам.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках