27 красавiка 2024, Субота, 3:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Оруэллу і не мроілася: У Гародні «пікет» у інтэрнэце прыраўнавалі да сапраўднага

20
Оруэллу і не мроілася: У Гародні «пікет» у інтэрнэце прыраўнавалі да сапраўднага

У Ленінскім судзе Горадні пачаўся адміністрацыйны працэс над Вольгай і Сяргеем Верамеенкамі.

Іх судзяць за змяшчэнне ў інтэрнэце здымкаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і надпісамі «У Гародні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!», перадае «Свабода».

Згодна з пратаколам, Вольга і Сяргей Верамеенкі абвінавачваюцца ў правядзенні пікетавання з дэманстрацыяй бел-чырвона-белага сцяга. Даючы сведчанні ў судзе і Вольга, і Сяргей Верамеенкі вінаватымі сябе не прызнаюць і намагаюць, што ніякага пікетавання яны не праводзілі.

Абодва патлумачылі, што зрабілі на вуліцы здымкі з бел-чырвона-белым сцягам, затым Сяргей апрацаваў іх у «фоташопе» і дадаў надпісы: «У Гародні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Ніякіх заклікаў, патрабаванняў, плакатаў - нічога ў іх не было.

Сяргей Верамеенка змясціў здымкі на ўласнай старонцы ў інтэрнэце, як заявіў сам у судзе, на знак салідарнасці з несправядліва, на ягоную думку, асуджаным гомельскім актывістам Васілём Паляковым, які выйшаў на акцыю з бел-чырвона-белым сцягам і за гэта быў пакараны 15 днямі арышту.

Верамеенкі намагалі, што фатаграфаванне з сцягам не можа падпадаць пад вызначэнне пікету.

«Няўжо, каб выйсці і сфатаграфавацца ў горадзе з нейкім аб’ектам, трэба браць дазвол у гарвыканкаме?» - пыталіся муж і жонка ў судзе.

Сяргей Верамеенка цытаваў закон, паказваў суду дзясяткі здымкаў людзей у Гародні, якія фатаграфуюцца з самымі рознымі сцягамі, у тым ліку савецкай эпохі, расейскімі ды іншымі, і іх за гэта да адказнасці не прыцягваюць.

Сведка-міліцыянт Аляксей Вайцешка намагаў у судзе, што Верамеенкі праводзілі менавіта пікет, нягледзячы на тое, што сам асабіста не бачыў, як і калі гэта адбывалася, і сведак, якія б гэта маглі засведчыць, таксама няма.

Паводле ягоных слоў, досыць таго, што здымкі з надпісамі былі выстаўленыя на адным з сайтаў у інтэрнэце і «ў выніку маніторынгу міліцыянты гэта асачылі», а дазволу з гарвыканкама, маўляў, на гэта не было.

Ён растлумачыў суду, што час правядзення пікету быў зафіксаваны з таго моманту, калі здымкі з'явіліся ў інтэрнэце: «Пікет быў праведзены ў інтэрнэце», - заявіў у судзе міліцыянт Вайцешка.

Сяргей Верамеенка хадайнічаў аб выкліку ў суд міліцыянта, які складаў на іх пратаколы, бо без ягонага тлумачэння няма яснасці, з якой прычыны наогул яны былі складзеныя. Суддзя задаволіў хадайніцтва і перанёс працэс на 30 траўня.

Уладзімір Хільмановіч

На пасяджэнні суда быў праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які звярнуў увагу на юрыдычныя казусы таго, як міліцыянты складаюць такія пратаколы і перадаюць іх у суд:

«Мы звыклі ўжо да ўсяго ў нашых судах, да розных фантазій сведак-міліцыянтаў. Але сёння сведка-міліцыянт Вайцешка прызнаў у судзе, што асабіста аддаў распараджэнне не толькі правесці апытанне падазраваных ва ўчыненні правапарушэння, а аддаў канкрэтныя інструкцыі мясцоваму міліцыянту, як складаць на іх пратакол. І самае цікавае, што потым у судзе сам жа Вайцешка выступае ў якасці адзінага сведкі. Гэта проста абсурд».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках