5 траўня 2024, Нядзеля, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНК патрабуе ўвесці санкцыі супраць сілавікоў і іхніх сем'яў

28
БНК патрабуе ўвесці санкцыі супраць сілавікоў і іхніх сем'яў
ФОТА: GETTY IMAGES

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу звярнулася да грамадскасці і ўрадаў дэмакратычных краін Захаду.

Зварот быў прыняты на пасяджэнні БНК, якое прайшло 26 траўня ў Менску.

Charter97.org прыводзіць тэкст заявы цалкам:

«Летась дэмакратычныя краіны Захаду скасавалі персанальныя абмежаванні на ўезд на сваю тэрыторыю для кіраўнікоў і функцыянераў беларускага рэжыму, вінаватых у злачынствах супраць правоў чалавека. Але надзеі аўтараў новай заходняй палітыкі на «лібералізацыю» рэжыму былі разбураны ягоным жорсткім і бесчалавечным стаўленнем да ўдзельнікаў выключна мірных акцый пратэсту 2017 года.

Больш за тысячу чалавек былі незаконна затрыманыя. Зноў з'явіліся дзесяткі палітвязняў. Ёсць факты тайнага затрымання і зняволення. Практыкай сталі катаванні. Напрыклад, прадстаўніка БНК у Менску Сяргея Кунцэвіча пасля затрымання катавалі электрашокерам, патрабуючы выдаць месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча перад плануемай мірнай дэманстрацыяй 25 сакавіка. Ёсць інфармацыя пра катаванні іншых затрыманых у «справе патрыётаў».

Мы разумеем жаданне заходніх палітыкаў спрабаваць весці дыялог з беларускім рэжымам. Але дыялог не можа адбывацца на фоне эскалацыі рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу заклікае ўрады дэмакратычных краін увесці фактычныя абмежаванні на ўезд на сваю тэрыторыю для асоб, якія вінаватыя ў палітычных рэпрэсіях. Беларускія праваабаронцы могуць падаць спіс адпаведных асоб.

Улічваючы маральныя пакуты, якія адчуваюць блізкія арыштаваных, збітых, якія былі аштрафаваныя або звольненых з працы паводле палітычных матываў, мы ўважаем маральным, калі б абмежаванні на ўезд распаўсюджваліся таксама на блізкіх тых асоб, хто вінаваты ў рэпрэсіях.

Мы нагадваем, што беларускі рэжым сістэматычна выкарыстоўвае негалосную забарону на ўезд для непажаданых яму замежных палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў. Мы заклікаем грамадскасць дэмакратычных краін да салідарнасці з пацярпелымі ад палітычных рэпрэсій у Беларусі, з нашай барацьбой за свабоду і дэмакратыю.

Жыве Беларусь!»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках