7 траўня 2024, aўторак, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія палякі гатовыя выйсці на акцыю пратэсту

4
Беларускія палякі гатовыя выйсці на акцыю пратэсту
Фота: charter97.org/ІВАН МЯЖУЙ

Актывісты Саюза палякаў Беларусі будуць пратэставаць супраць русіфікацыі польскіх школ.

Гарадзенскія ўлады прадаўжаюць ціснуць на мясцовых палякаў. 26 траўня кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс атрымала пісьмовую забарону на арганізацыю акцыі ў абарону польскіх школ, піша znadniemna.pl (пераклад - сharter97.org).

- Мы звярнуліся да гарадскіх уладаў па дазвол правесці акцыю пратэсту ў абарону польскіх школ. Дэманстрацыя павінна была адбыцца ў Каложскім парку. Яе мэта складалася ў тым, каб выказаць пратэст супраць абмежавання колькасці дзяцей, якія паступаюць у польскія школы, а таксама заяўленых змяненняў у беларускім заканадаўстве аб адукацыі. У пятніцу мы атрымалі ліст аб адмове, - сказалa Анжаліка Борыс.

Адзін з кіраўнікоў СПБ і журналіст Анджэй Пачобут таксама выказаўся аб праблемах польскіх школ:

«У 2017-2018 навучальным годзе пачаць навучанне ў польскай школе хацелі блізу 60 дзяцей. Улады скарацілі гэтую колькасць да 48. Зроблена гэта было са спасылкай на «недахоп месца і дрэнныя санітарныя ўмовы». Астатняя частка польскіх дзяцей будзе вымушаная вучыцца ў расейскамоўных школах.

Польская школа ў Горадні з'яўляецца адзінай установай, дзе заняткі праводзяцца ў адну змену. Расейскамоўныя школы ў Горадні і агулам у Беларусі, нягледзячы на значна горшыя варункі, гатовыя прыняць у першыя класы ў 2-4 разы больш дзяцей. Атрымліваецца, што нібыта «санітарныя нормы» выконваюцца толькі ў польскіх школах і не распаўсюджваюцца на астатніх дзяцей.

Такім чынам, мы маем справу з відавочнай дыскрымінацыяй паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасці.

Такая сітуацыя мае месца з таго моманту, калі пачаліся «пацяпленні» ў дачыненнях афіцыйнага Менска з Варшавай», - адзначае Анджэй Пачобут.

У 2015 годзе была ліквідаваная апошняя польская група ў дзіцячым садку №83 у Горадні. Гэта адбылося вельмі жорсткім чынам. Дзеці прыходзяць у дзіцячы садок і даведаюцца, што яны ўжо не польская група, а расейскамоўная. Цяпер у Беларусі няма ніякай магчымасці аддаць дзіця ў польскую групу.

Пазіцыя ўладаў палягае ў наступным: Міністэрства адукацыі не зацвердзіла вучэбную праграму для польскіх груп, таму заняткі павінны праходзіць на расейскай або беларускай мовах. Польскія групы ў дзіцячых садках бесперашкодна існавалі больш за 20 гадоў, аднак «пацяпленне стасункаў» Менска і Варшавы пахавала іх, адзначаюць актывісты Саюза палякаў.

У 2015 годзе ўлады пачалі абмяжоўваць колькасць дзяцей, якія паступаюць у першы клас польскай школы. Менавіта супраць гэтай практыкі збіраецца пратэставаць Саюз палякаў у Беларусі. Лідары арганізацыі хацелі правесці пратэст на законных падставах. Але ўрад не даў дазволу на арганізацыю акцыі.

Анджэй Пачобут заяўляе, што такая сітуацыя змушае Саюз палякаў Беларусі выйсці на несанкцыянаваную акцыю, бо яны не згодныя з дыскрымінацыяй у дачыненні да польскіх дзяцей.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках