25 красавiка 2024, Чацвер, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Увосень заробак $100 для многіх стане рэальнасцю

93
Увосень заробак $100 для многіх стане рэальнасцю

Улады хочуць ператварыць Беларусь у адзін вялікі «працоўны лагер».

Пра тое, якія выклікі чакаюць беларускіх працоўных увосень гэтага года, у інтэрв'ю Charter97.org распавёў старшыня Незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

- Нядаўна кіраўнік праўладнай федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда як ні ў чым не бывала заявіў аб тым, што ў Менску прадпрыемства працавала па 48 хвілін на дзень. Як вы пракаментуеце такую заяву чыноўніка?

- Хачу сказаць, што ў маёй практыцы барацьбы за правы працоўных такога абуральнага выпадку яшчэ не было. Гэта невялікае прадпрыемства, там працуе блізу 100 чалавек, але і для іх улады не змаглі забяспечыць правы на годную працу і паўнавартасны заробак.

Не менш абуральна і тое, што старшыня праўладнай федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда заявіў пра гэта з высокай трыбуны як пра адзінкавы негатыўны прыклад. А што ён зрабіў, чыноўнік на прозвішча Орда, каб гэты прыклад стаў пазітыўным? Чаму людзі, якім не стае на жыццё праз 48-хвілінны працоўны дзень, павінны яго ўтрымліваць? Навошта патрэбен такі «прафсаюз», які не можа нічога зрабіць для абароны правоў працоўных?

Заява Міхаіла Орды - гэта паказальны прыклад таго, як рэжым у Беларусі спрабуе існаваць за кошт працоўнага чалавека. Пазбаўленыя працы людзі павінны яшчэ і ўтрымліваць войска дзяржаўных «дармаедаў».

Вядома, бываюць усякія цяжкасці ў працы прадпрыемстваў, і ў варунках крызісу многім даводзіцца пераходзіць на трохдзённы ці чатырохдзённы графік. Але калі на прадпрыемствах дзейнічаюць незалежныя прафзвязы - яны да канца змагаюцца за правы працоўных. Таму што ўсякае скарачэнне працоўнага часу можна зрабіць так, каб максімальна былі ўлічаныя інтарэсы працоўных. А афіцыйны «прафсаюз» - гэта проста прыдатак Мінпрацы, ён не дзейнічае самастойна. У выніку ўсё ў краіне робіцца за кошт простых людзей, увесь цяжар крызісу кладзецца на плечы працоўных.

Беларусам даўно ўжо пара выходзіць з афіцыйных «прафсаюзаў» і аб'ядноўвацца, ствараючы свае ўласныя. Інакш проста давядзецца карміць чыноўнікаў- «дармаедаў».

- Якія яшчэ праблемы хавае ў сабе распаўсюджаная апошнім часам практыка пераводзіць людзей на няпоўны працоўны дзень?

- Тут трэба разумець адну важную дэталь: гэтыя людзі не толькі цяпер недаатрымаюць грошы, каб карміць свае сем'і. Гэтыя месяцы і гады не ўваходзяць затым у працоўны стаж. А гэта азначае, што людзі і ў будучыні не атрымаюць паўнавартасных пенсій. Асабліва ў святле новых правілаў разліку сумы пенсійнага забеспячэння.

Такім чынам, беларусам падкладаюць міну запаволенага дзеяння і за няўменне ўладаў справіцца з крызісам давядзецца плаціць не толькі цяпер.

- Якія з сацыяльных праблем могуць абвастрыцца гэтай восенню?

- Па-першае, нікуды не дзеўся сумна вядомы дэкрэт аб «дармаедах». Яго проста адправілі на дапрацоўку. І невядома яшчэ да чаго «дапрацуюць» улады ў канцы года сваю ініцыятыву збіраць падаткі з беспрацоўных. Наша задача - зрабіць так, каб гэты незаконны дэкрэт проста не працаваў.

Шчыра скажу, што мяне з прыцэлам на гэтую восень значна больш хвалюе іншае пытанне: усё паказвае на тое, што рэальныя даходы людзей будуць змяншацца. Усе аповеды чыноўнікаў, пачынаючы з самага галоўнага ў краіне, пра нейкія міфічныя лічбы - гэта абсалютная ўтопія. Восеньскай рэальнасцю можа стаць заробак 200-250 рублёў. Гэта значыць, у рэгіёнах людзі вымушаныя будуць працаваць за сто даляраў на месяц! А кошты на харчаванне і камунальныя паслугі будуць даражэць пасля летняга сезона.

Прычын, якія спарадзілі эканамічны крызіс, ніхто не касаваў і не ліквідаваў.

І тут пачнуцца яшчэ большыя праблемы: у нас вырасце прыхаванае беспрацоўе і пачнуцца рознага кшталту махінацыі чыноўнікаў, каб стварыць ілюзію працаўладкавання людзей.

Ужо цяпер у Беларусі значная частка насельніцтва працуе паводле прынцыпу «працоўнага лагера»: людзей зганяюць на грамадскія працы, не падпісваючы з імі нармальных дакументаў.

Улады робяць так, каб беларусы проста выжывалі ад заробку да заробку і не маглі сабе дазволіць нічога больш.

- Што мае намер у гэтай сітуацыі рабіць прафзвяз РЭП?

- Мы павінны аб'ядноўвацца і разам змагацца за годнае жыццё і свае правы. 7 кастрычніка - сусветны дзень барацьбы за годную працу. У гэты дзень мы плануем правесці ва ўсіх буйных гарадах Беларусі акцыі з патрабаваннем плаціць людзям нармальны заробак. Улады каторым разам падманулі беларусаў, называючы фантастычныя лічбы заробкаў і нічога не робячы ў рэальнасці. Час ужо спыніць гэтую хлусню і запатрабаваць у іх адказу за свае словы.

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках