25 красавiка 2024, Чацвер, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковая: Дэкрэт аб «дармаедах» ніхто не скасоўваў

36
Падатковая: Дэкрэт аб «дармаедах» ніхто не скасоўваў
ФОТА: SVABODA.ORG

Грошы «дармаедаў» вяртаць не збіраюцца, рабаўніцкі дэкрэт №3 працягвае працаваць.

Яшчэ 9 сакавіка Лукашэнка паабяцаў, што законапаслухмяным «дармаедам» вернуць выплачаныя грошы. Аднак юрыдычна дэкрэт №3 працягвае працаваць, а як вяртаць грошы за падатак на «дармаедаў» у падатковых інспекцыях не ведаюць.

«Можа, у 2018 годзе вернем грошы»

9 сакавіка 2017 года, калі па Беларусі пракацілася хваля пратэстаў супраць дэкрэта №3, Аляксандр Лукашэнка прыпыніў спрэчны закон. Дакладней, даручыў не збіраць падатак на працягу года. Таксама ён паабяцаў вярнуць грошы тым «дармаедам», што пайшлі працаваць.

МАРШ «НЕДАРМАЕДАЎ» У ВОРШЫ

«Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы з бюджэту на яго патрабаванне вернем гэтыя грошы», - казаў Лукашэнка.

На самай справе, вярнуць выплачаныя за «падатак на дармаедаў» грошы сёння немагчыма. Ні пастаноў, ні законаў, ніякіх дакументаў на гэты конт не існуе. Нешматлікія выпадкі, калі людзі спрабавалі атрымаць назад выплачаны падатак, скончыліся нічым.

Пра такі выпадак «Радыё Свабода» распавёў Леанід Судаленка, праваабаронца і прававы інспектар прафсаюза РЭП з Гомеля. Да Судаленкі звярнулася жанчына, якая заплаціла падатак, а пасля заявы Лукашэнкі паспрабавала вярнуць яго.

«Я дапамагаў ёй рыхтаваць зварот у падатковую інспекцыю, - кажа спадар Судаленка. - Ёй нешта няўцямнае там сказалі. Што цяпер схемы вяртання няма. Калі яна будзе распрацавана, то ў 2018 годзе яны вернуць грошы».

Леанід Судаленка

Пры тым, што падатак аплацілі больш за 40 тысяч чалавек, вельмі нешматлікія спрабавалі вярнуць выплачаныя грошы. А ў суд наогул ніхто не звяртаўся.

«Людзі, што заплацілі падатак - гэта не байцы, - кажа спадар Судаленка. - Яны не пойдуць судзіцца. Калі б знайсці чалавека байцоўскага характару, які б пагадзіўся пайсці ў суд і запатрабаваў ад падатковай тыя грошы, я б з задавальненнем узяўся за такі выпадак. Але няма такіх людзей».

Уладам лепш забыцца на гэты дэкрэт

Леанід Судаленка дапамагаў абскардзіць дэкрэт №3 шматлікім жыхарам Гомельскай вобласці. Ён кажа што зменаў у заканадаўстве не было: быў толькі вусны загад Аляксандр Лукашэнка.

«Дэкрэт дзейнічае ў тым выглядзе, што і ў студзені, калі падатковыя накіроўвалі «лісты шчасця», - кажа праваабаронца. - Яны не норму закона выконваюць, а тое, што сказаў аўтар дэкрэту».

Пратэст супраць Дэкрэту № 3 у Бабруйску

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у Міністэрстве падаткаў і збораў. На пытанне, як вярнуць выплачаныя па дэкрэце грошы, на гарачай лініі міністэрства адказваюць, што гэта немагчыма.

«Нічога не было прыпынена, дэкрэт дзейнічае і цяпер, - тлумачыць кансультант. - Пакуль няма магчымасці вярнуць, таму што ў нас няма дакументаў, на падставе якіх вяртаць грошы. Створана рабочая група, якая разглядае варыянты, як вяртаць грашовыя сродкі, якія раней заплацілі. Яны рыхтуюць праект».

На самай справе не толькі праект, але і папраўкі ў дэкрэт павінны былі быць гатовыя да канца сакавіка. Менавіта ў такі тэрмін Лукашэнка даручаў «дэпутатам нацыянальнага сходу» перапрацаваць закон. І толькі 16 траўня ўрад стварыў міжведамасную працоўную групу, каб распрацаваць новую канцэпцыю дэкрэта №3.

«Перспектывы дэкрэта? Казаў тады і зараз кажу: улада зліла гэты дэкрэт ва ўнітаз, і больш яна да яго не вернецца ў тым выглядзе, у якім ён існаваў, - кажа спадар Судаленка. - Па-мойму, лепш забыць на яго і стварыць новы дакумент».

Як варыянт ён прыводзіць ідэю страхавой медыцыны. Сэнс яе ў тым, што бясплатна трапіць у паліклініку або бальніцу можа толькі той чалавек, які мае картку страхавых узносаў.

«Такая цывілізаваная форма існуе ў Еўропе», - кажа спадар Судаленка.

Да канца года ёсць час

Да 20 лютага падатак павінны заплаціць тыя, хто працаваў менш за 183 дзён у 2015 годзе. Раз дэкрэт працягвае дзейнічаць без зменаў, значыць павінны рыхтавацца спісы «дармаедаў» 2016 года. Але ці падлічваюць іх, так і не зразумела.

16 траўня Ўрад стварыў камісію, каб перарабіць дэкрэт

У раённых падатковых інспекцыях адмаўляюцца адказваць, ці рыхтуюць спіс леташніх «дармаедаў». Таксама, такой інфармацыі не ўдалося атрымаць і ў самім Міністэрстве падаткаў і збораў.

«Па гэтым пытанні я вам нічога сказаць не магу, - адказалі ў прэс-службе міністэрства. - Дэкрэт дзейнічае. Яго ніхто не скасоўваў. Што да змен - гэта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Усё, што дэкрэтам загадана, мы выконваем, як адміністратары. Але мы не метадалогію дэкрэту».

У сваю чаргу, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, наадварот, раіць звяртацца да падаткавікоў.

«Інфармацыю збіраем не мы, а падаткавікі, - сказала Вольга Шцін, прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. - Цяпер праводзіцца работа над канцэпцыяй. Прыходзяць прапановы ад грамадзян: нам і тэлефануюць, і пішуць. Да канца года яшчэ ёсць час, і мы працуем».

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках