5 траўня 2024, Нядзеля, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Дыктатура баязлівая

8
Яўген Афнагель: Дыктатура баязлівая
ФОТА: SVABODA.ORG

Вясна 2017 года навучыла беларусаў перамагаць.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- 22 чэрвеня ў Менск прыязджаюць міністры замежных спраў 17-ці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ці дапушчальна з пункту гледжання еўрапейскіх каштоўнасцяў здзяйсняць такія візіты ў краіну, дзе ёсць палітвязні?

- Такія візіты недапушчальныя не толькі з пункту гледжання маральных каштоўнасцяў, але і з пункту гледжання элементарнай логікі.

Аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заяўлялі пра тое, што «выбары» ў нашай краіне праходзяць з парушэннем закона. З гэтага вынікае, што і Лукашэнка, і «дэпутаты», і прызначаныя і зацверджаныя імі міністры нелегітымныя. Калі некаторыя еўрапейскія чыноўнікі ўважаюць за дапушчальнае на роўных сустракацца і дамаўляцца з тымі, хто займае свае пасады незаконна, то гэтым яны проста зневажаюць сябе.

Акрамя таго, у верасні ў Беларусі пройдуць супольныя з Расеяй вайсковыя вучэнні «Захад-2017». Яны з'яўляюцца пагрозай не толькі для незалежнасці нашай краіны, але і для шэрагу дзяржаў, чые міністры будуць знаходзіцца ў Менску 22 чэрвеня. Абаронная дактрына некаторых з іх, напрыклад Польшчы і Украіны, называе Расею галоўнай крыніцай небяспекі. Навошта ехаць да хаўрусніка Пуціна напярэдадні такіх вучэнняў?

- Актывісты апазіцыі збіраюцца праводзіць акцыю ў Менску 22 чэрвеня. Чаму важна ў гэты дзень выйсці на вуліцу?

- Як вы сказалі раней, 22 чэрвеня ў Менск прыязджаюць кіраўнікі МЗС краін, якія ўваходзяць у Цэнтральна-Еўрапейскую ініцыятыву. Яны будуць сустракацца з Лукашэнкам, Макеем, іншымі чыноўнікамі, якія наўрад ці ўспомняць аб палітычных крымінальных справах і катаваннях у турмах. Міжнародны форум улады выкарыстоўваюць у сваіх прапагандысцкіх мэтах.

Маўчанне апазіцыі ў гэты дзень - дэманстрацыя згоды як з дыктатарам, так і з дзіўнай палітыкай некаторых нашых суседзяў, якія дэманстратыўна заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Пікет у гэты дзень, які пройдзе а 18:00 на Кастрычніцкай плошчы, - магчымасць заявіць пра тое, што ў цэнтры Еўропы па-ранейшаму ёсць палітвязні.

- Вы, як каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», звярнуліся да ўдзельнікаў сесіі ПА АБСЕ 5-9 ліпеня ў Менску з заклікам узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі. Што вы хочаце сказаць міністрам, якія прыязджаюць 22 чэрвеня?

- Мы неаднаразова былі сведкамі таго, як прынцыповая пазіцыя дэмакратычных краін дапамагала дамагчыся вызвалення палітычных вязняў. Так было ў 2008 годзе, калі з турмаў выйшлі Аляксандр Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Так было ў 2011 годзе, калі была вызваленая вялікая частка вязняў, якія атрымалі тэрміны за Плошчу.

Можна ўспомніць і мінулае стагоддзе: паслядоўная і выразная пазіцыя лідараў вядучых заходніх краін прымусіла савецкіх кіраўнікоў не толькі выпусціць з турмаў дысідэнтаў, але і пачаць перабудову. Сусветныя лідары не баяліся СССР, не верылі яго хлуслівым правадырам і маглі адрозніць дабро ад зла. Рональд Рэйган і Маргарэт Тэтчар увайшлі ў гісторыю як пераможцы камунізму. Хочацца спадзявацца, што і сёння сярод лідараў дэмакратычнага свету знойдуцца тыя, хто дапаможа разбурыць дыктатуру ў цэнтры Еўропы і зрабіць кантынент свабодным ад тыраніі.

- На вясновых акцыях пратэсту беларусы паказалі, што яны гатовыя праяўляць салідарнасць у барацьбе за свае правы. Чаму цяпер трэба праявіць такую ж салідарнасць з палітвязнямі?

- Улады ўважліва адсочваюць рэакцыю грамадства на свае дзеянні. Яны глядзяць, ці гатовыя мы змагацца за свае правы, за сваіх таварышаў, за лідараў. Калі гатовыя, яны адыходзяць. Так адбылося вясной, калі Лукашэнка прыпыніў дзеянне дэкрэта №3.

Калі мы будзем змагацца за вызваленне палітвязняў, яны выйдуць на свабоду. Калі не, то іх колькасць вырасце. Таму яшчэ раз хачу звярнуцца да ўсіх, каму неабыякавы лёс Дзмітрыя Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага, палітвязняў паводле «справы патрыётаў»: толькі ад нас залежыць, як хутка ўсе яны пакінуць турмы і ўбачаць сваіх родных і блізкіх. Вясна 2017 года навучыла нас перамагаць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках