Украіна створыць «кіл-зону» у Іране?
- 14.05.2026, 21:04
- 2,010
У Персідскім заліве абмяркоўваюць ідэю.
Сузаснавальнік кампаніі Fire Point Дзяніс Штылерман расказаў Financial Times, што дроны могуць быць выкарыстаныя для стварэння «кіл-зоны» ў Іране, падобнай да той, якую стварылі ўкраінскія вайскоўцы на фронце супраць краіны-агрэсара Расіі. Публікацыя выйшла 14 мая.
Па яго словах, Украіна здольная арганізаваць «зону паражэння» глыбінёй да 200 км унутры тэрыторыі Ірана і ўздоўж узбярэжжа, размясціўшы ў паветры дзяжурныя ўдарныя дроны. Падобную тактыку, сцвярджае ён, можна было б ужываць і супраць расійскіх нафтавых танкераў у Балтыйскім і Чорным морах — пры згодзе заходніх партнёраў.
Штылерман адзначыў, што краіны Персідскага заліва зацікавіліся гэтай канцэпцыяй, аднак чакаюць адабрэння з боку ЗША. У Вашынгтоне афіцыйна на ініцыятыву пакуль не адрэагавалі.
Fire Point актыўна нарошчвае вытворчасць пасля паўнамаштабнага ўварвання краіны-агрэсара Расіі ва Украіну, адзначаецца ў публікацыі. Кампанія выпускае далёкабійныя дроны і крылатыя ракеты, якія выкарыстоўваюцца для удараў па аб’ектах у глыбіні расійскай тэрыторыі, уключаючы нафтавую інфраструктуру. Паводле дадзеных кампаніі, каля траціны ўкраінскіх удараў па мэтах у РФ ажыццяўляюцца з дапамогай беспілотнікаў Fire Point.
У кампаніі таксама заявілі, што ў 2026 годзе вывелі на арбіту два спадарожнікі і плануюць запусціць дзясяткі новых апаратаў у 2027 годзе, каб зменшыць залежнасць Украіны ад амерыканскіх тэхналогій і спадарожнікавых сістэм.