7 траўня 2024, aўторак, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Любоў Санкевіч: Калі б не карупцыя, якую развёў Лукашэнка, мы жылі б як у Еўропе

12
Любоў Санкевіч: Калі б не карупцыя, якую развёў Лукашэнка, мы жылі б як у Еўропе
ФОТА: «Радыё Свабода»

На ўчорашняй акцыі салідарнасці актывістка з Бабруйска публічна папрасіла прабачэння за тое, што ў 1994 годзе галасавала за Лукашэнку.

Актывістка Любоў Санкевіч з Бабруйска за кароткі час стала тэле- і відэазоркай. Вядомасць прыйшла да жанчыны 22 чэрвеня пасля інтэрв'ю на пікеце салідарнасці з палітвязнямі ў Менску, дзе яна публічна папрасіла прабачэння за тое, што ў 1994 годзе галасавала за Лукашэнку.

Пасля вяртання ў родны Бабруйск прыгоды для пенсіянеркі не скончыліся. На вакзале Любоў Міхайлаўну затрымалі міліцыянты і павезлі ў пастарунак складаць пратаколы. Там Санкевіч стала дрэнна, яна выклікала хуткую дапамогу і трапіла ў лякарню, паведамляе «Радыё Свабода».

Сёння Любоў Санкевіч адчувала сябе лепш і таму пастанавіла пайсці на справы ў горад, але зноў сутыкнулася з міліцыяй. Якраз у пачатку інтэрв'ю да Любові Міхайлаўны проста на вуліцы падышлі міліцыянты і запатрабавалі праехаць з імі ў аддзел міліцыі на размову з кіраўніком. «Надзявалі мне кайданкі, але сама я не паеду. Хай выклікаюць позвай, больш за тое, без адваката я з ім размаўляць не пайду», - сказала праз тэлефон Любоў Міхайлаўна. Праз некалькі хвілінаў яна ўсё ж змагла пазбавіцца ад суправаджэння, і размова з журналістамі прадоўжыўся.

- Вы казалі на плошчы, што расчараваліся ў Лукашэнку. У чым канкрэтна?

- Ведаеце, я паводле адукацыі бухгалтар, больш за 30 гадоў адпрацавала з лічбамі. Што тут казаць пра Лукашэнку, калі ўсе паказнікі даўно паўзуць уніз. Заводы зачыняюцца, заробкі падаюць, людзям няма дзе працаваць і няма як зводзіць канцы з канцамі. Пры гэтым карупцыя расце. Калі б не карупцыя, якую развёў Лукашэнка вакол сябе, мы жылі б як у Еўропе. Грашовыя ўклады не вярнуў, кватэру, якую я атрымала яшчэ ў СССР, даводзіцца выкупляць. Вось якраз іду з ашчаднай касы, рэшткі пенсіі аддала. Скаргі не дапамагаюць. А што скарджуся, што пратэстую, дык яшчэ і караюць, палююць на мяне, як на злачынцу. Так за што мне цяпер любіць Лукашэнку? Вельмі шкадую, што галасавала за яго.

- А каго хацелі б бачыць на яго месцы? Хто справіцца?

- Мікалай Статкевіч. Ён смелы, хоць нешта пачало рабіцца, калі ён выйшаў з турмы. Але не зайздрошчу нікому, хто прыйдзе на пасаду прэзідэнта пасля Лукашэнкі, бо так шмат ён наламаў дроваў.

- Вы да якой партыі больш схільныя?

- Некалі ўжо ў незалежнай Беларусі я хацела ўступіць у КПБ. Але расчаравалася. Цяпер мне больш падабаецца «Народная Грамада». У СССР я была беспартыйная. Калі працавала каля Туапсэ, то клікалі ў кампартыю, але адмовілася. Мяне тады несправядліва звольнілі, не захацела займацца карупцыяй, як там было прынята. Так напісала першай жанчыне-касманаўтцы Валянціне Церашковай ліст, усё расказала. Яна за мяне заступілася, ва ўсякім разе, на працы мяне аднавілі. А потым я прыехала ў Бабруйск, працавала бухгалтаркай на заводзе, тут выйшла на пенсію. І вось змагаюся за свае правы, за тое, каб не прыціскалі. Але цяпер да скаргаў іншае стаўленне - не толькі нічога не робяць, але яшчэ і пераследуюць.

- У вас жа ёсць зямлячка, Лідзія Ярмошына, кіраўніца ЦВК. Да яе не звярталіся па дапамогу?

- Добра яе ведаю, нашы сыны ў адзін клас хадзілі. Але ад яе дапамогі не чакаю. Неяк сустрэла яе ў Менску, прасіла проста юрыдычнай кансультацыі, але не. Кажа: «Нічым не магу вам дапамагчы». Ну вядома, яна ж дапамагае Лукашэнку, Качанавай, а не такім, як я. Вось так: да чужой Церашковай звярнулася, яна дапамагла, а свая Ярмошына - адбой.

- Але яе праца - «выбары». Дарэчы, вы пасля 1994 года на выбары хадзілі?

- Мяркуеце, у нас ёсць выбары? Скажу як назіральніца на прэзідэнцкіх «выбарах» 2010 года - няма ў нас выбараў. Не было тады яўкі. Але калі палова людзей і галасавала, то ішлі галасаваць за іншых - за Саннікава, за Статкевіча і Някляева, але не за Лукашэнку. Я на ўчастку публічна абуралася, калі падлічвалі галасы, то старшыня камісіі маліў, каб іх не падводзіла, каб супакоілася.

- Вы казалі на ўчорашняй акцыі, што раней вас штрафавалі. А калі зноў аштрафуюць, ды яшчэ маёмасць апішуць, як у некаторых апазіцыянераў?

- Што будзе, тое і будзе, але мяне не спыняць. У мяне вось дзве ўнучкі растуць, і я не хачу, каб ім засталася тая ж доля - бяспраўе, галеча, міліцыянты цябе ганяюць, як нейкага злачынцу. Таму не супакоюся.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках