2 траўня 2024, Чацвер, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палацы будуе ён, а грошы аддаваць - нам

24
Палацы будуе ён, а грошы аддаваць - нам

Лукашэнка пусціў на вецер мільярды даляраў.

Петыцыя з патрабаваннем не даваць грошай дыктатару, якую на сайце change.org падпісалі некалькі тысяч чалавек, была перададзена ў МВФ.

Адным з яе ініцыятараў стаў Дзяніс Казакевіч, беларус, які пражывае ў Бельгіі. У інтэрв'ю «Белгазеце» Дзяніс Казакевіч расказаў, чаму ўзяўся за гэтую ініцыятыву.

- «Беларусь знаходзіцца ў цесным перагаворным кантакце з МВФ», - заявіў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч пасля пашыранага пасяджэння пастаяннай камісіі ПП НС па бюджэце і фінансах. Але пакуль мы бачым, што місія МВФ з'ехала ні з чым. Як вы думаеце, ці ёсць у гэтым ваша заслуга?

- Мне здаецца, што само кіраўніцтва Беларусі забяспечыла такую рэакцыю МВФ. Няма жадання праводзіць структурныя рэформы, што з'яўляецца галоўным патрабаваннем фонду. Акрамя таго, па «справе патрыётаў» 14 невінаватых людзей сядзяць у СІЗА. Ну і самы, напэўна, галоўны фактар - гэта беспрэцэдэнтныя маштабныя вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі ў верасні, у якіх, паводле ацэнцы былога памочніка прэзідэнта РФ Андрэя Іларыёнава, возьмуць удзел 200 тыс. расейскіх вайскоўцаў. Геапалітычныя апетыты Пуціна растуць. Пачынаў ён у Чачні, развязаў вайну на паўднёвым усходзе Украіны. Якія ў яго планы на будучыню - можна толькі здагадвацца. З боку Захаду было б чыстым вар'яцтвам даваць мільярды даляраў найбліжэйшаму хаўрусніку Пуціна напярэдадні вайсковых вучэнняў.

- А як нарадзілася ваша ініцыятыва і што яна мае на мэце? Колькі чалавек на сёння падпісала петыцыю і як вы ведзяце агітацыю за збор подпісаў? Ці ёсць у вас інфармацыя пра рэакцыю МВФ на вашу ініцыятыву?

- Петыцыю падпісала 3318 чалавек. Збор подпісаў ужо скончаны. Патрабаванні петыцыі наступныя: мы патрабуем спыніць усе перамовы (уключаючы кансультацыі) паміж МВФ і кіраўніцтвам Беларусі да таго часу, пакуль усе незаконна затрыманыя не будуць вызваленыя і пакуль цяперашняе кіраўніцтва краіны застаецца ва ўладзе.

Петыцыя перададзена ў МВФ праз іх офіс у Брусэлі - яе афіцыйна прыняў прадстаўнік МВФ у ЕЗ Джэфры Фрэнкс. Даклад аб нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў кіраўніцтвам краіны прэзентаваны кіраўніку місіі МВФ па Беларусі Піцеру Долману падчас тэлефоннай размовы з ім. Долман адзначыў, што перадасць усю прадстаўленую інфармацыю работнікам місіі МВФ па Беларусі для разгляду. МВФ - незалежная міжнародная арганізацыя, таму не варта чакаць ад іх рэакцыі тыпу «дзякуй, хлопцы, мы азнаёміліся з петыцыяй і перадумалі даваць крэдыт Лукашэнку». Афіцыйнай рэакцыі МВФ на петыцыю з прэс-рэлізам на гэтую тэму, хутчэй за ўсё, не будзе. Першапачатковым адказам МВФ на петыцыю была фармальная адпіска. Потым яны змянілі сваё стаўленне і пагадзіліся на размову. Гэта абнадзейлівы сігнал. Канчатковай рэакцыяй будзе іх згода ці, спадзяюся, адмова ў выдаванні крэдыту афіцыйнаму Менску.

- Вы мяркуеце, што міжнародная арганізацыя, якая працуе непасрэдна з урадам краіны-пазычальніка, павінна прыслухоўвацца да меркавання шараговых грамадзян гэтай краіны?

- Праўдзівае меркаванне большасці грамадзян Беларусі нікому не вядома. Галоўны механізм зваротнай сувязі - выбары - у краіне адключаны вельмі даўно, з 1996 г. Якаснае сацапытанне правесці немагчыма - выканаўчая галіна ўлады цалкам кантралюе заканадаўчую і судовую галіну, а таксама агульнадаступныя СМІ. Таму мы не ведаем, як ставіцца большасць грамадзян Беларусі да тэмы выдачы крэдыту МВФ.

З чыста практычнага пункту гледжання ў гэтым выпадку ўрад краіны-пазычальніка нелегітымны, бо пасля незаконнага «рэферэндуму» 1996 г. аніводныя выбары ў Беларусі не прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Таму любыя дамоўленасці з урадам Беларусі сумнеўныя з пункту гледжання міжнароднага права. Рэжым не вечны, рана ці позна ў Беларусі пройдуць сумленныя выбары, прызнаныя ва ўсім свеце. Тады новы легітымны ўрад будзе мець поўнае права адмовіцца выплачваць пазыкі, узятыя пад гарантыі папярэдняга нелегітымнага ўраду, якое нікога не прадстаўляла.

У такой далікатнай сітуацыі Захаду мае сэнс прыслухоўвацца да меркавання актыўнай часткі грамадзянскай супольнасці, каб потым не страціць мільярдныя інвестыцыі. Як кажуць фінансісты, неабходна хеджыраваць рызыкі.

- Чаму патрабаванне адмовіцца ад выдавання пазык уладам Беларусі вы адрасуеце менавіта МВФ? Чаму не звярніцеся з аналагічнай петыцыяй у Мінфін РФ, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця або ў Народны банк КНР?

- МВФ быў абраны досыць выпадкова. Але калі б прыйшлося выбіраць з таго, што вы пералічылі, я б усё роўна абраў МВФ. Петыцыя носіць збольшага праваабарончы характар. З абаронай правоў чалавека ў Расеі ці КНР справы ідуць прыкладна, як і ў Беларусі. А галоўны офіс МВФ размешчаны ў ЗША, краіне, дзе свята шануюць правы чалавека і дзе ёсць незалежныя СМІ.

- У петыцыі вы пішаце аб дрэннай якасці дзяржаўнага мэнэджмэнту. Ён палепшыцца ў выпадку адмовы ад замежнага фінансавання дзяржавы?

- Не, не палепшыцца. І не пагоршыцца. У Беларусь прыйшоў масавы Інтэрнэт і мабільныя тэлефоны, з'явіліся айфон, Facebook і Google. Але адно працягвае быць нязменным - якасць кіравання краінай застаецца агіднай. Вось, напрыклад, тры (на самай справе іх нашмат больш) чорныя дзіркі ў бюджэце: лядовыя палацы, аграгарадкі, сельская гаспадарка - гэта дзясяткі пушчаных на вецер мільярдаў даляраў. Адсутнасць або наяўнасць сродкаў звонку ніяк не паўплывае на якасць кіравання. Адпаведна, адзіным практычным вынікам новых запазычанняў будзе нарастанне дзяржаўнай запазычанасці. Як ёміста заўважыў адзін з падпісантаў петыцыі: «Бярэ ён, а аддаваць нам».

Зразумела, адкуль бярэцца дрэнны мэнэджмэнт. На ўсіх узроўнях кіравання кадры фармуюцца паводле прынцыпу лаяльнасці да вышэйстаячых асоб і сяброўскіх сувязяў. Прафесійныя якасці адыходзяць на другі або трэці план. Асабістая ініцыятыва, здольнасць прымаць незалежныя рашэнні катэгарычна не вітаюцца і могуць пагоршыць праходжанне па кар'ернай лесвіцы. Таму любая нестандартная сітуацыя можа прывесці да крызісу. Пакуль існуюць такія прынцыпы падбору кадраў, Беларусь будуць скалынаць крызісы на ўсіх узроўнях.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках