10 траўня 2024, Пятніца, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя дэталі «формулы Макрона» для Украіны

Сталі вядомыя дэталі «формулы Макрона» для Украіны
ФОТА: PHILIPPE WOJAZER/REUTERS

Расейскага «слана» будуць «есці» па кавалачках.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Украіны Канстанцін Елісееў назваў некаторыя складнікі «формулы Макрона» для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, паведамляе РБК. Упершыню пра існаванне гэтай формулы заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасля перамоў у Парыжы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

«Гэта значыць, так званая формула Макрона прадугледжвае супольную мэтанакіраваную працу, каб шляхам маленькіх, але канкрэтных крокаў забяспечыць поўнае выкананне менскіх дамоўленасцей. Пры гэтым ёсць разуменне, што развязанне ключавых пытанняў так званага пакета бяспекі менскіх дамоўленасцей з'яўляецца першачарговым», - растлумачыў Елісееў.

З ягоных слоў, існуе дамоўленасць аб правядзенні тэлефоннай канферэнцыі лідараў «нармандскай чацвёркі» пры ўдзеле кіраўнікоў СММ АБСЕ. «Пры гэтым плануецца, што размова лідараў павінна быць прадметнай, грунтоўна падрыхтаванай і накіраванай на эфектыўнае развязанне надзённых праблем у галіне бяспекі на Данбасе», - распавёў украінскі чыноўнік. Ён дадаў, што гаворка ідзе пра падрыхтоўку адпаведнага набору прыярытэтных пытанняў, якія можна было б падаць на разгляд лідараў Францыі, Нямеччыны, Расеі і Украіны.

Сярод першачарговых пытанняў - поўнае захаванне рэжыму спынення агню, наданне бесперашкоднага доступу СММ АБСЕ да ўсіх раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, занятых апалчэнцамі, гарантаванне бяспекі міжнародных назіральнікаў, развядзенне бакоў і адвядзенне цяжкай тэхнікі і вызваленне закладнікаў. Важнымі пунктамі плана з'яўляецца таксама, са слоў Елісеева, «дэакупацыя Данбаса» і вывад з тэрыторый непрызнаных рэспублік расейскіх войскаў і ўзбраенняў.

Масква неаднаразова афіцыйна заяўляла, што не ўдзельнічае ў канфлікце на ўсходзе Украіны.

Пра «формулу Макрона» прэзідэнт Украіны распавёў пасля заканчэння перамоваў у Парыжы з кіраўніком Французскай Рэспублікі, падчас якіх яны дамовіліся падрыхтаваць новыя прапановы для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. «Нашы дамоўленасці, што мы пакладзем на паперу праекты магчымых развязанняў «нармандскага фармату», магчыма, яны будуць называцца «формулай Макрона», мы зможам выставіць грамадству план дасягнення міру і дэакупацыі ўсходу Украіны», - сказаў тады Парашэнка.

«Развязанне, якое я прапанаваў прэзідэнту Парашэнку, усім бакам «нармандскага фармату», і, уласна, я ўжо гэта зрабіў прэзідэнту Пуціну: я б хацеў, каб спачатку былі на паперы выкладзеныя папярэднія ўмовы, якія трэба выканаць, намаганні, якія павінны ажыццявіць бакі», - патлумачыў тады Макрон.

Удзельнікі «нармандскага фармату» яшчэ ў кастрычніку мінулага года дамовіліся распрацаваць «дарожную мапу» выканання менскіх пагадненняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках