18 траўня 2024, Субота, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі»: 22 чэрвеня запатрабуем скасаваць вучэнні «Захад-2017»

2
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі»: 22 чэрвеня запатрабуем скасаваць вучэнні «Захад-2017»
Арцём Чэрняк

Акцыя 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пройдзе пад лозунгамі «Свабоду палітвязням!» і «За мірную Беларусь!».

Пра гэта сайту грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» europeanbelarus.org заявіў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Арцём Чэрняк, падводзячы вынікі вясновых пратэстаў.

- Ты браў удзел амаль ва ўсіх акцыях, якія прайшлі ў Менску з лютага да траўня. Раскажы пра свае ўражанні.

- Напэўна, упершыню пасля Плошчы 2010 года ў людзей быў баявы настрой, вярнулася вера ў магчымасць пераменаў. Улады і многія СМІ шэсць гадоў убівалі нам у галаву, што вуліца нічога не вызначае, што пратэсты зніклі, але за пару месяцаў беларусы паказалі, што яны гатовыя змагацца і перамагаць. Гэтыя настроі, упэўненасць у сваіх сілах - галоўны вынік вясны 2017 года.

Хацелася б звярнуць увагу і на падрыхтоўку акцый. Уся краіна падхапіла наш лозунг - «Баста!». Спадабалася дынаміка і музычнае афармленне Марша абураных беларусаў, самаарганізацыя людзей у Дзень Волі, рашучасць удзельнікаў першамайскай акцыі, упэўненыя выступы лідараў і звычайных удзельнікаў пратэстаў. З'явіліся новыя лідары, асабліва ў невялікіх гарадах. Упэўнены, што яны яшчэ скажуць сваё слова і вельмі хутка.

- Што па-твойму, трэба рабіць далей?

- Ключавым кірункам летам для «Еўрапейскай Беларусі» павінны стаць барацьба супраць запланаваных на верасень супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў, якія пагражаюць не толькі незалежнасці нашай краіны, але і суседніх дзяржаў. Таксама трэба ўвесь час патрабаваць вызвалення палітвязняў - Дзмітрыя Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага, удзельнікаў «Справы патрыётаў».

На жаль, некаторыя праваабаронцы занялі дзіўную пазіцыю, «не заўважаючы» новых вязняў сумлення. Уладам такім чынам развязваюць рукі для новых рэпрэсій. Таму нам трэба змагацца за вызваленне тых, хто цяпер знаходзіцца за кратамі паводле палітычных прычын. Патрэбныя вулічныя акцыі, бо яны, як паказала вясна, - найбольш дзейсны рычаг уплыву на рэжым. Патрэбная салідарнасць з тымі, хто выходзіць на пратэсты, ідзе ў турмы як унутры краіны, так і за яе межамі.

- Актывіст Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Сяргей Кунцэвіч, які правёў у турме больш за два месяцы, заклікаў выйсці на акцыю 22 чэрвеня і запатрабаваць вызвалення палітвязняў. Падтрымліваеш?

- Вядома! Буду на Кастрычніцкай плошчы сам і заклікаю прыйсці туды ўсіх, каму неабыякавы лёс палітычных вязняў. Акрамя таго, на акцыю 22 чэрвеня мы выйдзем пад лозунгам «За мірную Беларусь!» і запатрабуем скасаваць вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якія з'яўляюцца пагрозай для бяспекі ўсёй Усходняй Еўропы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках