27 красавiка 2024, Субота, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «круцяць» грашыма беларусаў?

14
Як «круцяць» грашыма беларусаў?
КРЫНІЦА: CARTOON.KULICHKI.RU

Найлепш трымаць свае грошы далёка ад прагных чыноўнікаў.

У аўторак недзяржаўны праект «Кошт урада» агучыў дзіўныя лічбы: высветлілася, толькі за кошт карупцыі пры дзяржзакупках Беларусь страчвае 600–800 мільёнаў даляраў за год. Такія сумы штогод асядаюць у руках лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, звязаных толькі з адной з шматлікіх «сфераў зацікаўленняў» беларускай дзяржавы.

Якія ў цэлым памеры карупцыі ў краіне? Як яшчэ «круцяць» грашыма беларусаў?

Уладзімір Кавалкін: У краіне ёсць тры галоўныя «вотчыны» чыноўнікаў-карупцыянераў

– Лепш за ўсё казаць пра лічбы, атрыманыя ў выніку дакладных метадаў даследавання, – распавёў сайту Charter97.org кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. – Такімі з'яўляюцца звесткі пра 600–800 мільёнах даляраў за год, атрыманыя з дапамогай даследаванняў міжнароднай арганізацыі Transparency International. Вызначана, што ў краінах з узроўнем карупцыі такім, як у Беларусі, пры дзяржзакупках у руках чыноўнікаў «асядае» 20–25% ад усіх вылучаных з бюджэту сумаў. Супаставіўшы гэта з звесткамі пра дзяржзакупкі ў нашай краіне, мы атрымліваем сярэднюю лічбу 700 мільёнаў даляраў за год. Гэта, як гаворыцца, верхняя частка айсберга.

Што ж тычыцца карупцыі ў цэлым, то ў Беларусі яе стымулюе непрапарцыйна «раздзьмуты» дзяржсектар, праз які праходзяць шматлікія фінансавыя плыні. Чыноўнікі валодаюць выключным правам на прыняцце важных пастановаў у гэтых плынях і, кажучы простай мовай, дзеляць грошы. Дзяржзакупки – гэта адзін з сектараў дзяржаўнай эканомікі, дзе можа разгуляцца апетыт карумпаванага чыноўніка.

Другі момант – дзяржаўнае размеркаванне зямлі, паляўнічых угоддзяў, рэк і іншых прыродных рэсурсаў у арэнду, прыватнае карыстанне, пад будаўніцтва. У гэтым сектары размах для карупцыі проста велізарны, таму што вялікія стаўкі і сумы для зацікаўленых асобаў.

Трэці момант – гэта шматлікія дазвольныя і забаронныя працэдуры: атрыманне ліцэнзіяў, падача розных дэкларацыяў, улік падаткаў, перасоўванне тавараў праз мяжу. Тут беларускім чыноўнікам вялікая «вольніца»: кожны з іх можа на сваё меркаванне нешта дазволіць, а нешта забараніць. Або проста «не заўважыць» парушэнні ці лішнюю колькасць тавару. У гэтай сферы ў чыноўніка ўзнікае зацікаўленасць «манетызаваць» сваё становішча.

Такім чынам, у Беларусі склаліся тры галоўныя «вотчыны» для чыноўнікаў-карупцыянераў: дзяржзакупкі, пераразмеркаванне буйных дзяржаўных актываў і дазвольна-забаронная дзейнасць. Дакладныя памеры грошай, якія «круцяцца» ва ўсіх трох сферах, патрабуюць асобнага даследавання, але калі ўзяць за ўзор звесткі ў адной з іх, дзяржзакупках, лічбы атрымліваюцца вельмі вялікія.

Наталля Рабава: Чыноўнікі вельмі неэфектыўна распараджаюцца народнымі грашыма

«Усюдыіснасць» беларускай дзяржаўнай сістэмы стымулюе чыноўнікаў да карупцыі, – мяркуе дырэктарка школы мэнэджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава. – Паколькі дзяржаўная ўлада «распараджаецца» практычна ўсім – ад алоўкаў да складанага медыцынскага абсталявання – нагрэць рукі на тых жа дзяржзакупках становіцца значна прасцей.

Пагадзіцеся, значна складаней пракруціць нейкія махінацыі, калі тваёй установе даецца магчымасць набыць для сябе толькі паперу, асадкі і іншыя канцтавары. Тут усё можна больш-менш праверыць. Але калі чыноўнікі ў краіне «адказваюць» за высокатэхналагічныя, інавацыйныя праекты, закупку складанага і малавядомага абсталявання – тут магчымасць «пакруціць» бюджэтнымі грашыма рэзка ўзрастае.

Сама беларуская сістэма, у якой усе максімальна зарэгламентавана і многае залежыць ад пастановы бюракрата, стварае магчымасці чалавечаму чынніку «праявіць сябе» і пайсці шляхам карупцыі. Калі эканамічныя пастановы ў краіне прымае не бізнэсмэн, які працуе сваімі грашыма, а чыноўнік, які распараджаецца нашымі – ён кіруецца сваімі матывамі.

Яго «стымул» складаецца ў тым, каб ціхенька атрымаць максімальны профіт у самым пачатку ўгоды. Беларуская палітычная сістэма, максімальна зачыненая, гэтаму спрыяе.

Чыноўнік вельмі неэфектыўна распараджаецца не сваімі грашыма і робіць гэта значна меней эфектыўна, чым гэта рабіў бы ўласнік. У апошні час гэта становіцца і праблемай дробнага і сярэдняга бізнэсу, які разумее, што найлепш трымаць свае грошы далёка ад прагных беларускіх чыноўнікаў. Дзяржаўная карупцыя паднялася з 7-га на 3-4 месца ў спісе праблемаў для прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках