27 красавiка 2024, Субота, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі засакрэцілі вымовы чыноўнікам

12
У Беларусі засакрэцілі вымовы чыноўнікам
БАРЫС СВЯТЛОЎ
ФОТА: IPR BELARUS

Дзіўны вынік невялікага журналісцкага расследавання.

Генпракуратура надумала праверыць, ці выконваюцца ўсе патрабаванні заканадаўства падчас выкарыстання «аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны». І знаходзіць мноства парушэнняў. Парушэнні сур'ёзныя, але цяпер не пра гэта.

Чытаем сайт Генпракуратуры: «Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты Міністр культуры Рэспублікі Беларусь».

Як канкрэтна пакаралі міністра культуры Барыса Святлова, да якой адказнасці ён прыцягнуты? У Генпракуратуры «Еўрарадыё» на гэтае пытанне адказу не даюць.

Генпракуратура: «Не мы вынеслі пастанову. Мы інфармавалі аб парушэннях законнасці, пра невыкананне заканадаўства напоўніцу, захады рабіў Саўмін».

Значыць, звяртаюся ў Саўмін. Там спачатку дзівяцца майму пытанню, а потым проста адмаўляюцца хоць неяк факт прыцягнення міністра культуры да дысцыплінарнай адказнасці каментаваць. Праўда, не пацвярджаючы, але і не адмаўляючы самога факта пакарання.

Апошняя магчымасць атрымаць хоць нейкую інфармацыю - Мінкульт. Але і памочнік міністра культуры Аляксандр Карачун не можа мне нічым дапамагчы.

Аляксандр Карачун: «Для мяне таксама было нечаканасцю атрымаць такую інфармацыю. Я тут - без каментароў! Міністра цяпер увогуле няма - ён у Кіеве. Ён, напэўна, і не бачыў яшчэ гэтай навіны».

Як кажуць - дыму без агню не бывае. Можа, пакаранне сапраўды было, але гэтага не хочуць афішаваць? Калі адпаведная пастанова была прынятая, то яно павінна знайсціся на спецыяльным афіцыйным прававым партале.

Апошняе «масавае» прыцягненне службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці на партале датавана... 2005 годам! Тады вымовы і папярэджанні атрымалі амаль 70 чыноўнікаў цягам года. Некаторыя з іх - нават двойчы за год.

А пачынаючы з 2006 года - цішыня. Знаходзім адзіную пастанову ўрада, дзе гаворыцца аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці. Датавана яна 2009 годам і выглядае наступным чынам:

1. Для службовага карыстання.

2. Для службовага карыстання.

3. Для службовага карыстання.

Відавочна, што ўрад проста засакрэціў інфармацыю аб пакараных чыноўніках. Ну, галоўнае, каб ім самім паведамілі пра гэта.

Ну, а яшчэ адным вынікам нашага невялікага журналісцкага расследавання стала тое, што інфармацыя аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці міністра культуры з сайта Генпракуратуры знікла...

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках