26 красавiка 2024, Пятніца, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Трамп: паўгода прэзідэнцтва - у лічбах

5
Дональд Трамп: паўгода прэзідэнцтва - у лічбах
ДОНАЛЬД ТРАМП

20 ліпеня споўнілася шэсць месяцаў з дня інаўгурацыі Дональда Трампа.

У чацвер 20 ліпеня споўнілася шэсць месяцаў з таго дня, як Дональд Трамп прынёс прысягу ў якасці 45-га прэзідэнта ЗША.

Для былога будаўнічага магната гэтыя паўгода ў Белым доме былі вельмі неспакойнымі. Ягоныя рэйтынгі ўхвалення ніжэйшыя, чым у кожнага з амерыканскіх прэзідэнтаў у першыя месяцы пасля абрання, аднак ягоныя прыхільнікі, мяркуючы з усяго, не збіраюцца ад яго адмаўляцца, піша «Голас Амерыкі».

За першыя 182 дні прэзідэнцтва Трамп неаднаразова ўступаў у вострыя дыскусіі з палітычнымі апанентамі, часцяком у сваёй улюбёнай сацсетцы, «Твітэры», дзе ён за гэты час апублікаваў 991 допіс. Ён таксама шмат абураўся з нагоды расследаванняў магчымых сувязяў блізкіх да яго асоб з расейскімі інтарэсамі, якія сталі вынікам высноў амерыканскай выведвальнай супольнасці пра тое, што Масква ўмешвалася ў выбары 2016 года, каб дапамагчы Трампу перамагчы.

Трамп атрымаў адну вялікую перамогу, атрымаўшы падтрымку Сэната ў абранай ім кандыдатуры новага суддзі Вярхоўнага суда, кансерватара Ніла Гарсача. Аднак у астатнім заканадаўчая ініцыятыва Трампа пакуль прыжываецца дрэнна, і абяцанае ім скасаванне закона аб ахове здароўя, прынятага ягоным папярэднікам Баракам Абамам, блізкае да краху ў Кангрэсе.

Амерыканскія СМІ склалі падборку ключавых лічбаў, якія характарызуюць прэзідэнцтва Трампа.

Прынятых і падпісаных законапраектаў: 42 (ніводнага вялікага).

Замежныя паездкі: тры, восем краін (Сірыя, Ізраіль, Бэльгія, Італія, Ватыкан, Польшча, Нямеччына і Францыя).

Дзвюстароннія сустрэчы з замежнымі лідарамі: 54, плюс 102 тэлефонныя размовы з кіраўнікамі іншых дзяржаў.

Паездкі на гольф-курорты ў Фларыдзе, Нью-Джэрсі і Вірджыніі, якія належаць яму: ад 33 да 40, паводле звестак розных СМІ (у тым ліку 21 з першых 26 уікэндаў у Белым доме).

Прэс-канферэнцыі: 13 (большасць разам з замежнымі лідарамі і толькі адзін сольны выступ).

Інтэрв'ю: 48, часцей за ўсё - каналу Fox News (13 разоў).

Звальненні: прынамсі тры (в.а. генеральнага пракурора Салі Етс, дарадца ў нацыянальнай бяспецы Майкл Флін і кіраўнік ФБР Джэймс Комі).

Рэйтынг ухвалення: у сярэднім 38,3 адсотка паводле звестак апошніх апытанняў (сам Трамп назваў гэты паказчык «нядрэнным»).

Выхадаў з міжнародных пагадненняў: 2 (Трансціхаакеанскае гандлёвае партнёрства і Парыжскае пагадненне аб клімаце, накіраванае на скарачэнне выкідаў парніковых газаў у найбліжэйшыя гады).

Дзён да канца чатырохгадовага прэзідэнцкага тэрміну: 1 279. Трамп ужо выказаў намер вылучацца на другі тэрмін у 2020 годзе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках