Мінабароны: У Беларусь прыбываюць расейскія падраздзяленні тэхнічнага забеспячэння
7- 14.08.2017, 10:27
- 23,927
Падрыхтоўка да вайсковых вучэнняў «Захад-2017» выходзіць на завяршальную стадыю.
Падрыхтоўка да беларуска-расейскага вучэння «Захад-2017» выходзіць на завяршальную стадыю, з 15 жніўня ў Беларусь пачнуць прыбываць воінскія часткі з РФ для адпрацоўкі пытанняў тылавога і тэхнічнага забеспячэння, паведамілі interfax.by у міністэрстве абароны Беларусі.
«Планавая падрыхтоўка да сумеснага вучэння ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі «Захад-2017» выходзіць на завяршальную стадыю», - праінфармавалі ў міністэрстве.
Там дадалі, што з 21 да 25 жніўня 2017 г. у межах планавай падрыхтоўкі ў «Захад-2017» адбудзецца сумеснае спецыяльнае вучэнне з органамі вайсковага кіравання, злучэннямі, вайсковымі часткамі і арганізацыямі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл дзвюх краін.
У Мінабароны паведамілі, што для стварэння рэальнай абстаноўкі і адпрацоўкі практычных дзеянняў сіл і сродкаў тылавога і тэхнічнага забеспячэння падчас вучэння, у якасці войскаў абазначэння з 15 жніўня ў Беларусь прыбываюць воінскія часці і падраздзяленні са складу расейскай часткі рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл).
Беларускія і расейскія вайскоўцы маюць намер адпрацаваць комплекс мерапрыемстваў у тылавым і тэхнічным забеспячэнні.
«Практычна будуць адпрацаваны пытанні тэхнічнага прыкрыцця аб'ектаў на даручаных участках вайскова-аўтамабільных дарог, эвакуацыі, рамонту і аднаўлення няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраення, разгортвання палявога магістральнага трубаправода, а таксама участкаў масавай запраўкі тэхнікі», - падсумавалі ў міністэрстве абароны Беларусі.
Нагадаем, што 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбудзецца Акцыя папярэджання, накіраваная супраць сумесных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017», пасля якіх вайсковы кантынгент РФ можа застацца ў Беларусі ў якасці акупацыйных частак.