27 красавiка 2024, Субота, 7:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заробкі будуць даваць рапсам?

49
Заробкі будуць даваць рапсам?

Паказчыкі драздоўскіх земляробаў пераўзысці немагчыма.

Галоўная падзея жніўня – безумоўна жнівень. Залатая часіна, саспела жыта. Але ўсё ж самыя цікавыя навіны прыходзяць з галоўных дзялянак краіны. Даўно вядома ўсім, што паказчыкі драздоўскіх земляробаў пераўзысці проста немагчыма. І нават зацятыя ўдарнікі тыповых нашых сотак даўно ўжо апусцілі крылы і паціху адышлі ў цень. Таму што там, на градах статусу асобнага, нават звычайная морква з такім імпэтам цягнецца да сонца, што хутка зможа нават зазірнуць за агарожу. Каб пераканацца, а ці не спяшаецца сюды яе даўні аматар Стывен Сігал.

Праміне яшчэ некалькі цёплых дзён і начэй, і з тых шчодрых палеткаў процьма спелых кавуноў хлыне на сталы ўдзячных ветэранаў. Шмат нечаканасцяў рыхтуе няўрымслівая ўлада.

Звычайны абыватэль, дасягнуўшы гэткіх поспехаў на дачы, павінен быў бы скакаць ад радасці ды мітусіцца са шлангам ў сваіх зарасніках кропу. Аднак правіцель нават пры відавочным лідарстве дазволіць сабе гэтага не можа. І як бы ні цешылі яго рэкорды асабістыя, а трывога за ўвесь аграрны сектар ужо не пакідае. А як там на франтах барацьбы за новы ўраджай? Ці ўсё добра з нашай тэхнікай, найлепшай у свеце? Ці не разлягліся там дзе-небудзь у цяньку легкадумныя камбайнёры?

Неверагодная спякота. Але ў расплаўленым паветры Брэстчыны ўжо акрэсліўся жнівеньскі міраж: змрочны дзядзька рашуча крочыць побач з камбайнам, які ўздымае хмару гарачага пылу. А той, рашучы, не зважаючы на спёку, ні на імгненне не адрывае позірку ад матавіла: а ці ўсе яно згінае каласкі? А ўслед, вытрымліваючы пачцівую дыстанцыю спяшаюцца мясцовыя начальнікі, зашпіленыя на ўсе гузікі.

Аднак гэта не Афрыка і ніякі не міраж. Гэта звычайная батальная сцэна. Хроніка той самай бітвы за ўраджай. І вядома ж, не магла не прагучаць у такіх варунках рэпліка для ўсёй краіны і ў пэўнай меры для гісторыі: “Как у нас с рапсом?”

Вось яно – у самую кропку! Хтосьці іншы, натхніўшыся бездакорнай працай матавіла, пачаў бы разважаць наконт якасці саломы, а тут і думаць няма чаго. Рапс і толькі. І ці варта здзіўляцца, што замест зусім магчымага ў такім выпадку адказу – а навошта ты тут увогуле патрэбны, матавіла прыехаў правяраць? – пачуўся карэктны і чаканы рапарт: будзем з рапсам!

Жаданая сутнасць. Дакладны доказ таго, што перазімуем. Краіна будзе з рапсам – не прападзем, не згінем. Менавіта дзеля вось гэткага аптымістычнага моманту і ўламіўся правіцель у самы эпіцэнтр бітвы за ўраджай. Нават немачыма ўявіць, як бы там пайшло ўсё ў полі без яго. Яшчэ незабыўны Чапаеў, вываліўшы на стол кацялок бульбы, вучыў сваіх паплечнікаў і далёкіх нашчадкаў, дзе павінен быць сапраўдны камандзір у розныя моманты бою. Стагоддзя не прайшло, а навука тая спатрэбілася.

Усё вышэй падымалася сонца. І з кожным рапартам чарговага вертыкальшчыка імкліва ўзрастала пачуццё гонару за дасягнутыя поспехі. І захацелася раптам не толькі спаборнічаць з камбайнёрамі ў армрэслінгу, прэзентаваць іх жонкам кветкі, але і ўвогуле зрабіць для сціплых працаўнікоў палёў штосьці вельмі канкрэтнае і па магчымасці карыснае. І ўзнікла нечаканая ідэя: а чаму гэтым людзям ды іншым грамадзянам не падвысіць заробак?

Вось так і вылецеў у той момант верабейка – слова, якое ўжо не зловіш. Пра верагоднаць сярэдняга заробку ў 1500 рублёў. Калі толькі падцягнуць у бліжейшыя два гады праблемныя прадпрыемствы да ўзроўню заможных. Але ж гэта не нагавіцы – як іх можна падцягнуць? Нават малыя сёння разумеюць, што ў такім выпадку спатрэбяцца рэформы. Глыбокія. Фундаментальныя. А дзе яны?..

У чыноўнікаў, якія пачулі тую навіну, круглыя звычайна твары выцягнуліся раптам і пачалі нагадваць выразны клічнік, які сімвалізуе поўнае недаўменне. Няўжо гэта спякота на высокага кіраўніка так паўплывала? Або, магчыма, натхніла матавіла?

А калі ўжо навіна пайшла ў масы, узрушыліся эканамісты ды іншыя скептыкі: якія тысяча пяцьсот?.. Дзе іх узяць? Краіна шукае па ўсім свеце, дзе пазычыць. Толькі ў гэтым годзе трэба выплаціць крэдыторам болей чатырох мільярдаў даляраў. Агульная запазычанасць расце няўхільна. І дасягнула ўжо 40,4 адсоткаў ВУП. Эканоміка застаецца саўковай, безнадзейна дэпрэсіўнай. Ваенны псіхоз дасягнуў узроўню апошняй стадыі колішняй халоднай вайны. Гэта той стан, калі ўсе каштоўнасці лёгка канвертуюцца ў зброю, а зваротнага ходу ўжо няма.

Акрамя таго, на шыі ў народа сядзіць неверагодная колькасць майстроў гумовай дубінкі, розных амапаўцаў, спецназаўцаў ды іншых адмыслоўцаў няведама чаго. А яшчэ безліч чыноўнікаў ды іншых спажыўцоў бюджэтных сродкаў. І ў гэткіх умовах абяцаць заробак у тысячу пяцьсот? Ды і ўвогуле падчас безнадзейнага крызісу абяцаць грамадзянам нейкія выгоды ў бліжэйшай будучыні – гэта хлестакоўшчына чыстай вады.

Аднак адкуль гэткія песімістычныя настроі? І што ўвогуле мы ведаем пра магчымасці дзіравага бюджэту нашай загадкавай краіны? І нарэшце, а чаму гэта Хлестакову ў момант найвышэйшага натхнення дазвалялася распавядаць пра сорак тысяч кур’ераў, а сціплыя шчыраванні правіцеля наконт магчымасці заможнага жыцця ў недалёкай будучыні выклікаюць адразу нейкія сумневы?

І ці не занадна позна спахапіліся? Неверагодная ідэя пайшла ў народ і стала ўсеагульным здабыткам. Найбольш дасведчаныя жанчыны пачалі ўжо асэнсоўваць дрэс-код, адпаведны новаму ўзроўню жыцця. А самыя рухавыя і практычныя дзядзькі паспяшаліся забяспечыць сабе з гэтай нагоды ранішні крэдыт у тых кропках, дзе наліваюць. Дык што, проста ўзяць ды перакрэсліць усе іх спадзяванні спрадвечным цынізмам ды нявер’ем у лепшае жыццё? Не, не мог правіцель беспадстаўна штосьці абяцаць свайму электарату, не маючы ў запасе нейкага рэзерву.

Напэўна ж усе гэтыя сумневы і разлікі выклікала звычайная тутэйшая недасведчанасць аб планах і задумах улады. Дык вось жа менавіта ў той самы дзень, калі правіцель павінен быў рашуча ўварвацца ў самы эпіцэнтр усенароднай бітвы за ўраджай, адбылося тое, што не адбыцца не магло. Вядома, у пэўнай меры гэта ўсё апокрыф. Падзея, якой магло не быць. І ўсё ж калі наогул нічога насамрэч не было, як у такім разе патлумачыць усё тое, што будзе адбывацца сёлета ўвосень?

Ходзяць чуткі, нібыта ранкам таго дня прад ад’ездам правіцель выйшаў у свой прысядзібны агород, каб гаспадарчым позіркам акінуць грады і аддаць загады тым, хто застаецца. Вынікам агляду ўсцешаны быў вельмі. Усё расло, буяла, спела. І ўвесь гэты ўзорны краявід мог быць красамоўным сімвалам краіны, квітнеючай пад мудрым кіраўніцтвам. А ў дадатак да ўсяго на адной з тых градаў, у густым ценю ад лістоў капусты, ён угедзеў раптам нечаканы самасей. Штосьці даўгавата-круглаватае, нават надзвычай пукатае, вядома, чырвона-зялёнае з неўтаймавана-шызым адценнем. Нечаканае і ў той жа час знаёмае да болю. Змахнуў расу, прачытаў крывыя літаркі. Ды гэта ж няйначай той самы дэкрэт нумар тры ў новай рэдакцыі!.. З вясны крыху забыты, але такі жаданы. Родны. Свой. Невядома, якім чынам яго занесла ў агарод. Аднак пусціў карэнне, спее, абуджае процьму спадзяванняў. Якая радасць! Гэта амаль тое ж, што знайсці нечакана дзе-небудзь у таёжнай глыбіні вядомы ўсім і разам з тым няўлоўны корань самога жыцця.

Сабраўшы разам усе свае агранамічныя веды, правіцель вызначыў безпамылкова, што ўнікальны самасей павінен выспець на самым пачатку кастрычніка. А дакладна – у ягоны самы першы дзень. І вось тады…

Нібы трапяткія галубы, па ўсёй краіне разлятуцца лісты шчасця. Пачнецца восеньскі сезон палявання на недалоўленых увесну тунеядцаў. Зноў зарыпяць судова-падатковыя сістэмы. Замітусяцца прыставы ды іншыя рупліўцы. І жывыя грошы ручаінкамі пацякуць ў фінасавыя патокі нашай магутнай калгасна-саўковай прорвы. І вось тады можна будзе і ракет накупіць, і заробкі падвысіць.

Дык што ж у такім выпадку застаецца? Хіба што ў поўнай меры ацаніць маштаб усеагульнай памяркоўнасці. Яна мае дакладны кошт. Не цяжка падлічыць. А наконт розных там рэформаў ды пераменаў лепей і не ўзгадваць. Асабліва перад сном. А то палезуць у галаву недарэчныя думкі. Вось чаму правіцель так раптам зацікавіўся ураджаем рапса? Ці не наважылася ўся гэтая каманда абяцаныя паўтары тысячы заробку выдаваць натурай – рапсам або кок-сагызам?

Іншых варыянтаў не прадбачыцца.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках