26 красавiка 2024, Пятніца, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Докшыцкім раёне на зрэзе дрэва праступіла аблічча Ісуса Хрыста

У Докшыцкім раёне на зрэзе дрэва праступіла аблічча Ісуса Хрыста
ФОТА: SB.BY

Жыхары вёскі Вялікія Сітцы сталі сведкамі незвычайнай з'явы.

Стары ясень у вёсцы Вялікія Сітцы спілавалі яшчэ ў канцы ліпеня. У тым месцы, дзе адляцела кара, праз два тыдні мясцовыя жыхары заўважылі незвычайныя змены: з'явіліся дзве сіметрычныя постаці, якія нагадваюць Ісуса Хрыста і Дзеву Марыю, піша sb.by.

Ясень рос ля плота сям'і Макатовічаў. Вялікі вымахаў. Настолькі быў стары, што ніхто і не памятае, хто і калі яго садзіў. Але час зрабіў сваю справу: дрэва струхлела - і ад граху далей наважылі яго спілаваць. А тыдзень таму другакласнік Максім Макатовіч цягнуў маму ў дзве рукі, здзіўлена прыгаворваючы: «Мам, ну хутчэй! Пойдзем божухну глядзець!»

Аблічча з'явілася як раз на тым месцы, дзе адышла кара, калі пілавалі дрэва. Здалёку глядзіш - і сапраўды цуд. Нават вочы можна разгледзець, бачны авал твару, выразны сілуэт. Калі даследаваць паблізу, прыкметны шматгранны колер з мноствам адценняў. Кара тут злёгку выпуклая і неймаверна гладкая, нібы хтосьці акуратна шліфаваў, баючыся выйсці за мяжу контуру.

Хоць сярод людзей ходзіць гіпотэза, маўляў, не цуд адбыўся - усяго толькі кара стала прарастаць. Але відавочна адно: раней у Вялікіх Сітцах было ціха і спакойна, цяпер жа - не праціснуцца. Сюды едуць і ідуць - пешшу, на машынах, роварах. У адзіночку і цэлымі дэлегацыямі, з лампадамі і кветкамі. Адны - перад цудам пакланіцца і памаліцца, іншыя - падзівіцца, трэція - падабраць простае тлумачэнне незвычайнай з'явы. Нават нягледзячы на скептычнае стаўленне некаторых, людзей з кожным днём становіцца ўсё больш, сцвярджае Алена Макатовіч. Яна і сама не раз хадзіла падзівіцца цуду і сцвярджае, што аблічча змяняецца - становіцца ярчэйшым і выразнейшым. Перакананая, што гэта добрае прадвесце: маўляў, абразы, намаляваныя чалавекам, губляюць сваю сапраўдную каштоўнасць у параўнанні з такімі з'явамі прыроды, якія падобныя на цуд.

Мясцовыя ўспамінаюць, што цуды пачаліся яшчэ ў той дзень, калі пілавалі дрэва. Надвор'е стала змяняцца літаральна на вачах, ледзь метал закрануў ясень. Але ён ніяк не здаваўся: нават заточаным ланцугам праца была не па зубах. Піла раз-пораз глухнула, ланцуг рваўся. Таму давялося спілаваць вышэй за запланаваную адзнаку.

...Але ёсць у Вялікіх Сітцах свая маленькая таямніца. Менавіта таму цуд і здарыўся - праводзяць паралелі старажылы. І ўзгадваюць даўнюю трагедыю, якая ўзрушыла ўсю вёску яшчэ ў пачатку дваццатага стагоддзя, калі праз вялікую суму грошай забілі мясцовага святара. Меркаваны забойца жыў непадалёк...

У наш час праступілае аблічча можна трактаваць як заўгодна, называючы гэта невытлумачальным цудам або цалкам звычайнай з'явай прыроды, а можа гэта чарговае прадвесце, што нішто ў гэтым жыцці не праходзіць бясследна.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках