2 траўня 2024, Чацвер, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Яўсеенка: Проста будзе бунт

70
Алесь Яўсеенка: Проста будзе бунт
Фота: ria.ru

Паветра ў краіне працятае электрычнасцю.

Увесну гэта года Гомель нечакана праявіў сябе як цэнтр маштабных пратэстаў супраць дэкрэтау №3. Акцыі былі, бадай, не менш яркімі і шматлікімі, чым у Менску. І вось з 1 вяртаюць злашчасны дэкрэт аб «дармаедах».

Як настроены людзі ў адным з самых пратэстных рэгіёнаў вясны-2017? З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алеся Яўсеенкі.

- Дэкрэт №3, як і варта было чакаць, вярнулі. Ды яшчэ з такімі каментарамі, накшталт лукашэнкаўскага «рыдлёўку ў зубы - і працуйце». Як на гэта рэагуюць людзі?

- Разумееце, я чалавек просты - ад народа, як кажуць. Самому часта даводзілася трапляць у цяжкія жыццёвыя сітуацыі, сярод такіх жа простых людзей жыву і размаўляю з імі.

Таму я магу з поўнай упэўненасцю сказаць: абстаноўка ў краіне вельмі наэлектрызаваная.

Людзям перакрылі любыя магчымасці дабіцца праўды і справядлівасці ў судах і на мірных акцыях пратэсту. Чым далей - тым больш становіцца прорва непаразумення паміж народам і ўладай. Чыноўнікі прывыклі ігнараваць любыя патрабаванні людзей: спачатку займаюцца фармальнымі адпіскамі, а затым цынічна прапануюць «звяртацца ў суд». Як быццам не зразумела, на чыім баку будуць гэтыя суды! Ды і грошай у людзей банальна няма нават на тое, каб мыту заплаціць.

Таму сітуацыя электрызуецца ўсё больш і больш. І людзям у галаву прыходзяць самыя адчайныя думкі. Я нават не ведаю, як іх карэктна выказаць...

Проста спее бунт. Разумееце, калі ўлады не захочуць прыслухацца да мірных пратэстаў, то людзі гатовыя проста выбухнуць. Кажу па Гомелі, бо ведаю тут сітуацыю і настроі. Абстаноўка электрызуецца, як перад навальніцай: праблем назапашваецца ўсё больш, улада не можа іх вырашыць і людзі гатовыя пайсці на самыя рашучыя крокі.

У нас ужо было рознае: і працаўніца «Камінтэрна» падпаліла сябе на прахадной, і ў Асіповічах чалавек выкінуўся з акна пасля першай публікацыі дэкрэта аб «дармаедах».

Баюся, што калі ўлады не пачуюць голас розуму, цяпер, пасля паўторнага выхаду ў свет гэтага дэкрэту, наступствы будуць непрадказальныя. Таму што прыхаваная агрэсія ў народа - проста каласальная. У што яна выльецца - прагназаваць вельмі цяжка. Мы настойваем на выключна мірных і негвалтоўных акцыях пратэсту.

- Памятаецца, што яшчэ на вясновых акцыях уладам прапаноўваўся фармат перамоваў з абураным народам, а ідэя «круглага стала» лунала ў паветры. Ці хопіць ва ўладаў розуму пачуць народ гэтым разам?

- Хочацца спадзявацца на гэта. Хоць вясной ўлады павялі сябе як мінімум дзіўна. Людзі хадзілі да іх на перамовы вырашаць праблемы. Але калектыўныя звароты і паходы да чыноўніцтва нічым не заканчваліся.

Невялікі, але вельмі яркі прыклад: людзі з прыватнага сектара Гомеля, з вуліцы Яраслаўскай, хацелі вырашыць свае пытанні і звярнуліся да ўладаў. І вось адказ - у адзін цудоўны дзень на раён прыязджае кавалькада дыхтоўных, чорных аўтамабіляў і перагароджвае вуліцу, як у 90-х. Толькі цяпер у машынах - не бандыты, а чыноўнікі.

Прычым у кожным дарагім аўто - толькі па адным чыноўніку. Людзі проста асалапелі: навошта такая раскоша? Што яны хацелі гэтым паказаць? Што яны - самавітыя, а людзі - ніхто? Зразумела, што людзей гэта вельмі абурыла. Да таго ж ніякіх канкрэтных пытанняў гэтая «дэлегацыя» не развязала. Прыехалі пакрасавацца на дарагіх аўто - а праблем не вырашылі. Гэты прыклад вельмі паказальны: улада жыве ў сваім асобным свеце, людзей не слухае і з імі не раіцца.

- Наконт «асобнага свету»: часта даводзіцца чуць ад міністраў і самога Лукашэнкі пра нейкія «дасягненні», прычым прыводзяцца розныя «касмічныя» лічбы... Ці маюць гэтыя заявы нешта агульнае з рэальнасцю? Як на самой справе выглядае жыццё ў рэгіёне?

- Гэта ўсё - непрыкрыты цынізм і абраза для народа. Пра якія «паказчыкі» можна казаць, калі цэны на ўсё растуць, а людзям няма за што адправіць дзяцей у школу. Прыходзіцца да 1 верасня браць крэдыты, каб хоць неяк сабраць дзяцей на вучобу. Гэта што - «сацыяльная» дзяржава?!

У сваёй «статыстыцы» яны могуць любое трызненне падагнаць пад «навуковую платформу»: ідэалогія і прапаганда працуюць. Але гэта не мае нічога агульнага з рэальным жыццём.

Нават У Гомелі, горадзе з 600 тысячамі насельніцтва, зачыняюцца прадпрыемствы і фірмы. Прычым прадпрымальнікі з гэтай нагоды нават жартуюць: уваход рубель, выхад - два. Спачатку людзей руйнуюць праверкамі і санкцыямі, а потым, каб закрыць справу, патрабуюць велізарных выплат. Таму фірмы не працуюць, але і як бы не зачыняюцца. Вось і атрымліваецца сітуацыя, калі не беспрацоўных людзей значна больш, чым гэта паказвае статыстыка.

Знаёмыя ездзілі ў гэтым годзе адпачываць ва Украіну, у Адэсу. Прычым ад Чарнігава ехалі на цягніках Украінскай чыгункі. Дык там дзіцяці-замежніку давалі зніжку 50%. А якія цэны ва Украіне! Людзі потым кажуць, што не хочуць дамоў вяртацца. І пры гэтым украінцы ганарацца сабой, сваёй мовай і культурай. Ім не трэба вывешваць сацыяльную рэкламу «Люблю Украіну», як у нас. Яны і так любяць сваю краіну, а нашым дзецям сорамна там, што не могуць адказаць ім па-беларуску. А прапаганда кажа, што ва Украіне вайна і разруха... На самай справе нашу краіну давяла да разрухі цяперашняя ўлада.

Усё ў краіне пераблыталася ў такі клубок, у такі «вінегрэт», які ўлады ўжо не ў стане разблытаць.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках