3 траўня 2024, Пятніца, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першыя квіткі на «Камяніцу-2017» ужо ў продажы

Першыя квіткі на «Камяніцу-2017» ужо ў продажы

Хэдлайнэрам фэсту сёлета будзе ўкраінскі гурт Onuka.

16 верасня пад Менскам адбудзецца дзявяты фестываль «Камяніца». Хэдлайнэрам сёлета будзе ўкраінскі гурт Onuka, які арганічна спалучае актуальную электроніку і традыцыйныя ўкраінскія інструменты. Першыя 500 квіткоў на імпрэзу каштуюць 5 рублёў 50 капеек, піша tut.by.

Першы альбом гурта Onuka выйшаў у 2014 годзе і адразу апярэдзіў дыск «Акіян Эльзы» ў хіт-парадзе ўкраінскага iTunes. Другі міні-альбом Vidlik, прысвечаны 30-годдзю чарнобыльскай катастрофы, выйшаў у 2016 годзе і ўразіў усіх не менш за дэбютны.

Кожнае выступленне Onuka - уражлівы спектакль з узаемадзеяннем музычных і візуальных элементаў.

Міжнародную хвалю папулярнасці Onuka прынёс выступ у якасці гасцей фіналу «Еўравізіі-2017» у Кіеве, пасля чаго запісы калектыву патрапілі ў хіт-парады iTunes у Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Нідэрландах, Даніі, Швэцыі, Бельгіі, Францыі, Швэйцарыі, Аўстраліі.

Пра гэты выступ напісаў нават брытанскі New Musical Express: «Яны перацягнулі коўдру на сябе забойным міксам традыцыйнага фольку, духавых і магутных тэхнавайбаў. 12 балаў ад нас».

Фэст пройдзе на пляцоўцы Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцы (4 кіламетры за аўтарынкам «Малінаўка»). Усе грошы ад квіткоў ідуць на рахункі музея і выкарыстоўваюцца для захавання ўнікальнай калекцыі беларускай драўлянай архітэктуры 18-20-га стагоддзяў.

Першыя 500 квіткоў на фестываль каштуюць 5 рублёў 50 капеек. Купіць іх можна толькі ў офісе Музея народнай архітэктуры і побыту - Менск, Кальварыйская д. 17, к.614. З 10.00 да 16.30, толькі з 22 да 25 жніўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках