26 красавiка 2024, Пятніца, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Шунто: «Крумкачы» хочуць таго, што астатнія клубы маюць як належнае

3
Дзяніс Шунто: «Крумкачы» хочуць таго, што астатнія клубы маюць як належнае
ДЗЯНІС ШУНТО
ФОТА: KRUMKA.BY

Футбольны клуб пачаў кампанію збору грошай.

Камандзе неабходныя амаль 125 тысяч рублёў на арэнду стадыёна, працу трэнераў і футбалістаў, на дзіцячыя каманды, а таксама прысутнасць ратавальнікаў і «хуткай» на матчах. Краўдфандынгавая кампанія праходзіць на платформе «Талака».

З гэтай нагоды кіраўнік клуба Дзяніс Шунто правёў у Менску прэс-канферэнцыю, на якой расказаў аб усіх праблемах клуба, паведамляе euroradio.fm.

Аб абавязку БАТЭ і судзе з былым трэнерам Уладзімірам Пяценкам

Мы выбіліся з графіка і не можам яго выконваць проста цяпер. У ліпені і жніўні мы не змаглі выплаціць неабходную суму БАТЭ. Барысаўцы могуць накладваць арышт на маёмасць клуба. Але маёмасці як такой, якая можа зацікавіць БАТЭ, няма. Вялікага сэнсу ў гэтым я не бачу, ва ўсякім выпадку. Я думаю, БАТЭ гэта выдатна разумее. Ім больш выгадна, каб мы жылі і існавалі, паволі выплачвалі запазычанасць.

Што тычыцца Пяценкі, то ён падаў у грамадзянскі суд. У тым ліку і гэта праблема. На мінулым тыдні было пасяджэнне. Наш дырэктар хварэе, мы не змаглі прысутнічаць. Калі дырэктар зможа быць гатовы, мы будзем рзвязваць гэтае пытанне. Іх жа таксама ў Менску няма. Дыялогу не атрымліваецца. Дакладней, ён немагчымы (фізічна).

Аб абавязках футбалістаў, заробках у клубе і вяртанні Іванова

У кожнага футбаліста ёсць свой тэрмін запазычанасці. Пакуль гэта досыць вялікія тэрміны. Футбалісты ішлі нам насустрач, разумеючы сітуацыю. Сітуацыя непрыемная, але не крытычная. Усе хлопцы ведаюць, у якой сітуацыі клуб, ведаюць, што будзе ў найбліжэйшыя 4 месяцы, і гатовыя да гэтага. Я задаволены тым, які склад мы сабралі за гэтыя 2 месяцы. Мы не бралі людзей з вуліцы, а бралі футбалістаў, за якімі назіралі і якія вольныя цяпер. Самы вялікі заробак сярод футбалістаў — 2000 рублёў. Але я б не хацеў канкрэтна называць імёны.

Філ Іваноў вярнуўся без умоў. Проста жаданне прадаўжаць супрацоўніцтва ў Філа і клуба было настолькі вялікім, што нічога не мела значэння: ні мінулае, ні будучыня. Філ выдатна разумее, у якой сітуацыі клуб, таму я не баюся дэмаршаў ад яго.

Супрацоўнікі клуба заробак атрымліваюць, але мала і рэдка. Такая сітуацыя.

Асабіста ў мяне даход ёсць. Але ў мяне ёсць і шмат завінавачаных маіх. Мне вінныя больш, чым я, напэўна. Грошы, калі былі, раздаваў налева і направа. Асабіста на сябе ў месяц выдаткоўваю даляраў 500.

Аб зборы грошай для клуба і аб тым, што будзе, калі нічога не атрымаецца

125 тысяч рублёў трэба сабраць за 2 месяцы. Сума патрэбная да 1 лістапада. Мы хочам, каб нам дапамаглі, каб закрыць існыя выдаткі, каб грошы, якія з'яўляюцца ад партнёраў і заснавальнікаў, дапамаглі разабрацца з пазыкамі. Сітуацыя форс-мажорная. Здарыўся ланцужок няўдалых падзей і пастаноў. Калі нам будзе нададзеная гэтая дапамога, мы наладзім баланс, выплацім запазычанасці, прывядзем іх у працоўны выгляд і спакойна скончым чэмпіянат. У мяне бліжэй да канца года самога грошы будуць, ёсць крыніца даходаў. У іншых кампаньёнаў узніклі абставіны, яны не могуць дапамагаць. Але да лістапада будуць іншыя магчымасці. А зімой супаставім магчымасці. Калі не будзе магчымасцяў, якія мы планавалі папярэдняй зімой, то будзе склад слабейшы, будзем гуляць з маладымі футбалістамі. Але ў чэмпіянаце мы прадоўжым удзел.

Калі мы сыдзем, то ні аб якой вышэйшай лізе не можа быць і гаворкі. У ніжэйшых лігах...Цяжка сказаць. Запазычанасці застануцца, мы не зможам гуляць і ў другой лізе, я падазраю. Проста тады чакаецца банкруцтва з ліквідацыяй. Вельмі не хочацца паміраць. Таму я тут. Ёсць сілы і ідэі, ёсць вера. Спадзяюся, што гэта не канец, а пачатак новай эпохі.

Аб магчымым продажы клуба

Прапаноў аб набыцці клуба не паступала. Было ў плане набыцця долі, але гэта было да крызісу з сыходам футбалістаў. Потым чалавек прапанаваў пагаварыць пазней, зімой. Але кантрольны пакет ніхто купіць не прапаноўваў.

Тут вельмі шмат нюансаў. Я не гатовы цяпер назваць суму. Перш за ўсё, трэба выплаціць нашы запазычанасці, а далей усё залежыць ад умоў, якія нам будуць ставіць. Страта ўлады мяне не вельмі хвалюе. Я б хацеў займацца спартовай часткай, гэта ў мяне атрымліваецца. На жаль, за тры гады не ўдалося нармальна выбудаваць офіс і камерцыйную частку. Магчыма, задача апрыёры немагчымая.

Аб сваіх памылках

Не змог пабудаваць камерцыйную частку і офіс. Трохі занядбаў футбольную каманду. У адрозненне ад мінулых збораў, я не быў на аніводным з іх і не адчуў сітуацыю ўнутры калектыву ў стаўленні да трэнера, іх матывацыю. Гэта сталася праблемай у пачатку сезону і вылілася ў дрэнныя вынікі і канфлікт. Больш думаў пра тое, як прыцягнуць грошы, а не будаваць каманду.

Зімой былі прапановыя 10-25 тысяч даляраў за футбалістаў. Але мы іх не разглядалі, здавалася, што гэта мала. Цяпер мы не змаглі ўтрымаць гульцоў, шкада. Тыя ж Шыкаўка і Талейка — мы іх давялі да вышэйшай лігі. Прадаваць я іх не збіраўся, мы іх хацелі развіваць далей. Але так склалася, што ў нас не выявілася футбалістаў, якіх мы развівалі, і кампенсацый за іх. Памылкі, перш за ўсё мае, напэўна, прывялі да гэтага.

Пра дапамогу з боку дзяржавы

Я прасіў узяць долю дзяржаве, каб мы былі на роўных умовах. Даволі нелагічна, што адзін клуб плаціць падаткі, а 15 астатніх з гэтых падаткаў атрымліваюць свой бюджэт. Раз у краіне такія правілы, хацелася б, каб для ўсіх яны былі роўныя. Я хадзіў у НАК і выканкамы, але не атрымалася. Калі б такая дапамога была, я б яе ўзяў. Тое, што я цяпер прашу, клубы маюць як належнае. Проста я прашу гэта не праз падаткі, якія плацяць усе, а наўпрост. Мы падкрэсліваем, што мы прыватны клуб і ў нас няма іншых крыніц фінансавання. Так, гэта з аднаго боку прадмет гонару, але з іншага боку, мы хочам мець хоць бы роўныя правы. Калі б дзяржава не дапамагала нікому, мы б і не прасілі. Я хацеў, каб мы карысталіся падаткам на нерухомасць, як нашы канкурэнты. Мы хацелі, каб 25% узяла дзяржава, і мы падпадалі б пад гэты закон. Пра гэта размаўлялі, але людзям гэта было нецікава.

Напраўду летам нам дапамог НАК. Калі мы стваралі дзіцячую школу, дзякуючы Максіму Рыжанкову, НАК пералічыў грошы для палёў, і мы імі карысталіся. Гэта істотная дапамога, за што мы вельмі ўдзячныя Рыжанкову.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках