26 красавiка 2024, Пятніца, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта ў Магілёве касілі раку?

16
Навошта ў Магілёве касілі раку?

У Сеціве бурнае абмеркаванне выклікала фота, дзе людзі на чоўне «косят» раку Дубровенку.

Фотаздымак, дзе пара людзей з косамі плыве па рацэ на чоўне сярод свежаскошанай расліннасці, выклала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» «Радыё Свабода».

Убачыўшы фота, каментатары кінуліся змагацца ў досціпе: адны выказалі здагадку, што такім чынам у Беларусі здабываюць марскую капусту, іншыя - што так у нас «дажынаюць» рыс, піша nn.by.

«Зялёны партал» разабраўся, навошта косяць траву ў рацэ Дубравенцы ў Магілёве і ці сапраўды гэта такі ўжо абсурдны занятак.

«Гэта чыстка ракі»

У Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў каментаваць здымак адмовіліся, бо «паміж рэальнасцю і фатаграфіяй можа ляжаць вялікая розніца».

А ў Магілёўскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя «Зялёнаму парталу» сказалі, што такім чынам супрацоўнікі Магілёўзелянбуду чысцяць раку, і парэкамендавалі звяртацца па больш падрабязныя тлумачэнні ў гэтую арганізацыю. Аднак у мясцовым Зелянбудзе праз занятасць супрацоўніка, які адказвае за добраўпарадкаванне, аператыўна атрымаць каментар не ўдалося.

Можа так і трэба?

Можна меркаваць, што такім чынам супрацоўнікі Магілёўзелянбуду змагаюцца з эўтрафікацыяй, або красаваннем вады. Яно адбываецца праз вялікую канцэнтрацыю біягенных элементаў. Праз іх празмернасць змяняецца ўся экасістэма, колькасць кіслароду ў вадаёме істотна зніжаецца, ад чаго ў выніку гіне фаўна.

Эўтрафікацыя можа быць выкліканая як старэннем вадаёма, так і антрапагеннымі фактарамі, напрыклад, трапляннем угнаенняў у ваду. Асноўныя хімічныя элементы, якія ёй спрыяюць, - фосфар і азот. Адным з этапаў эўтрафікацыі як раз з'яўляецца зарастанне вадаёма багавіннем.

«Гэта малпавая праца»

Аднак эколаг рэгіянальны каардынатар экалагічнага руху «Зялёны Дазор» Ігар Пастухоў мяркуе, што справа тут не ў барацьбе за чысціню ракі. Тым больш, што эўтрафікацыя, з ягоных слоў, спрыяе ў першую чаргу размнажэнню сіне-зялёных водарасцяў, ніжэйшых раслін, а не звыклых для нас аеру і чароту.

- Магчыма, на фота мы бачым банальнае засваенне грошай на ачыстку вадаёма, закладзенае ў бюджэт горада на гэтыя мэты. Гэта значыць, вадаём не зарос, а грошы выдадзеныя трэба асвоіць, вось і ствараецца бачнасць. Сажалкі чысцяць не так. Гэта складана. Часам іх чысцяць граблямі, калі сажалка невялікая, але гэта таксама непатрэбная праца. Касіць багавінне - гэта як складаным нажом калоць дровы, як касіць траву трымерам у студзені, - кажа эколаг.

Ён упэўнены, што ў гэтым выпадку на фота не відаць зарастання, таму найлепшае, што можна было зрабіць, - гэта не рабіць нічога.

- Рака - гэта экасістэма, і водныя расліны ў ёй відавочна не лішнія, - тлумачыць экспэрт.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках