27 красавiка 2024, Субота, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення

Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА
ФОТА: SPRING96.ORG

Праваабаронцы запатрабавалі вызваліць беларускага палітвязня.

Тэкст заявы апублікаваў сайт ПЦ «Вясна»:

Заява Amnesty International

22 жніўня 2017 года

Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць вязня сумлення Змітра Паліенку, пазбаўленага волі выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і свабоду мірных сходаў. Ён адбывае два гады турэмнага зняволення ў Бабруйску, блізу 100 км на паўднёвы ўсход ад Менска. Паліенка застанецца ў зняволенні да кастрычніка 2018 года, і ягоны прысуд не можа быць абскарджаны.

12 кастрычніка 2016 г суд Цэнтральнага раёна г. Менска прызнаў Змітра Паліенку вінаватым у «гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў», у адпаведнасці з артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавачванні звязаныя з велапрабегам, які адбыўся ў Менску 29 красавіка 2016 года з мэтай мірнага пратэсту супраць абмежаванняў правоў раварыстаў. У велагонцы ўзялі ўдзел блізу 35 веласіпедыстаў. Паводле інфармацыі праваабарончых арганізацый, якія назіралі за мерапрыемствам, неўзабаве пасля яго пачатку супрацоўнікі міліцыі спрабавалі спыніць прабег, выкарыстоўваючы непатрэбную і празмерную сілу супраць яго ўдзельнікаў. Шэраг раварыстаў былі кінутыя ў міліцэйскую машыну, дзе, як яны сцвярджаюць, іх збівалі і прымушалі ляжаць на падлозе, пры гэтым іх ровары кінулі ім на спіны і прымусілі ляжаць аж да прыбыцця ў аддзяленне міліцыі.

Змітра Паліенку абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку супрацоўніку міліцыі. Ён быў адзіным удзельнікам велапрабегу, супраць якога была распачатая крымінальная справа. Да суда, які адбыўся ў кастрычніку 2016 года, ён цягам пяці месяцаў знаходзіўся ў зняволенні. Падчас судовага працэсу супрацоўнік міліцыі прызнаў, што ён не ўпэўнены, што ягоную куртку сапраўды парваў Зміцер Паліенка, а іншыя сведкі не змаглі даць супраць яго паказанні.

Незадоўга да суда яму было выстаўленае дадатковае абвінавачанне ў «вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» ў адпаведнасці з артыкулам 343, часткай 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта абвінавачванне звязанае са спасылкай, якую, паводле абвінавачвання, Зміцер Паліенка размясціў на адной са сваіх старонак у сацыяльных сетках тры гады таму. Спасылка тычылася трансляцыі парнаграфіі на адным з беларускіх тэлеканалаў. Тэлерэжысёр тэлеканала пасля быў абвінавачаны і асуджаны, але відэа парнаграфічнага матэрыялу стала вірусным.

Зміцер Паліенка быў прызнаны вінаватым паводле абодвух артыкулаў і быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Зміцер Паліенка абскардзіў прысуд у Менскім гарадскім судзе, але адтэрмінаваны прысуд быў пакінуты ў дзеянні 27 снежня 2016 года.

10 і 20 сакавіка 2017 года Зміцер Паліенка быў прысуджаны да адміністрацыйных арыштаў тэрмінам на сем і пятнаццаць дзён, адпаведна. Першы адміністрацыйны арышт звязаны з судовым разглядам, на якім Зміцер Паліенка прысутнічаў у якасці назіральніка. Падчас абвяшчэння прысуду ён і іншыя назіральнікі крычалі «Ганьба!», за што суд абвінаваціў яго ў адпаведнасці з артыкуламі 17.1 і 23.4 КоАП Беларусі («дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» адпаведна). Другі адміністрацыйны арышт звязаны з мірнай акцыяй пратэсту, што прайшла 25 лютага супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра ў Менску. Яму было выстаўленае абвінавачванне ў адпаведнасці з артыкулам 23.34, часткай 3, адміністрацыйнага кодэкса Беларусі («арганізацыя або ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах»). Ён не быў вызвалены пасля адбыцця другога прысуду. Замест гэтага, ягонае ўтрыманне пад вартай было падоўжанае яшчэ на 10 дзён на падставах, якія не былі публічна апублікаваныя.

Улады сцвярджалі, што Зміцер Паліенка парушыў умовы адбыцця адтэрмінаванага прысуду, што было звязана ў тым ліку з двума адміністрацыйнымі арыштамі, згаданымі вышэй.

7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Менска скасаваў адтэрміноўку прысуду на два гады, які ў выніку ўвайшоў у дзеянне. Улічваючы час, які Зміцер Паліенка ўжо правёў у зняволенні, ён павінен быў адбыць у зняволенні 18 месяцаў і тры дні.

Amnesty International прааналізавала кожны са згаданых выпадкаў і мяркуе, што ўсе абвінавачванні супраць Змітра Паліенкі выцякаюць з мірнага ажыццяўлення ім сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў. Арганізацыя мяркуе, што Зміцер Паліенка стаў ахвярай пераследу з боку ўладаў праз ягоную мірную дзейнасць і, такім чынам, з'яўляецца вязнем сумлення. Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках