26 красавiка 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Смалявічах успомнілі пра землякоў-габрэяў

2
У Смалявічах успомнілі пра землякоў-габрэяў

Кожны год 13 верасня ў Смалявічах ушаноўваюць памяць больш як 2 000 габрэяў.

У Смалявічах паміналі габрэяў, вязняў гета. Ля помнікаў ахвярам фашызму 13 верасня гучала памінальная малітва, а замест кветак да іх ўскладалі камяні, паведамляе ex-press.by.

Кожны год 13 верасня ў Смалявічах узгадваюць больш як 2000 габрэяў, якія загінулі ў 1941 годзе - усе яны былі вязнямі мясцовага гета. Іх расстрэльвалі ў месцах, дзе цяпер пастаўлены помнікі. З 2006 года сюды прыязджае галоўны рабін рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч.

- У кожнага рабіна ёсць месцы, куды ён, апроч сваіх шматлікіх і важных абавязкаў, прыязджае маліцца аб нявінна загінулых. Такіх месцаў вельмі шмат у свеце. Я размаўляў са спецыялістамі сусветна вядомага цэнтра ўшанавання і вывучэння трагедыі ў Ерусаліме «Яд Вашэм». Яны кажуць пра тое, што ў свеце кожны дзень нешта робіцца, каб памяць пра катастрофу была жывая. Так і павінна быць. І нашы штогадовыя сустрэчы ў Смалявічах - частка гэтай вялікай справы. Гэта павінна прадаўжацца - для памяці, для нашчадкаў, - распавёў рабін Рыгор Абрамовіч.

Трагедыя, у памяць пра якую пастаўлены манумент, адбылася ў рове недалёка ад хутара Апуток. Тут было забіта больш за 2 000 чалавек - у асноўным жанчыны і дзеці са Смалявіцкага гета.

ЖЫХАР СМАЛЯВІЧАЎ СЯРГЕЙ СМОЛЯР - АДЗІН З ТЫХ, ХТО СТАРАЙЦЦА ЗАХОЎВАЦЬ І ПЕРАДАВАЦЬ ВЕДЫ ПРА АХВЯР ГАЛАКОСТА НАСТУПНЫМ ПАКАЛЕННЯМ.

- На пачатку саракавых гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі пражываў адзін мільён габрэяў, з якіх восемсот тысяч было расстраляна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Паводле розных звестак у Смалявічах немцы забілі больш за дзве тысячы чалавек габрэйскай нацыянальнасці, - распавёў старшыня Барысаўскага габрэйскага грамадскага аб'яднання «Свет Меноры» Міхаіл Перац.

ПАВОДЛЕ ГАБРЭЙСКІХ ЗВЫЧАЯЎ НА МАГІЛЕ КЛАДУЦЬ НЕ КВЕТКІ, А КАМЕНЬЧЫКІ.

Ёсць шмат абгрунтаванняў - чаму габрэі прыносяць камяні да магіл. Паводле аднаго з іх, прыносячы з сабой камень, ты пакідаеш часцінку сябе самога побач з тым, каго памінаеш. І паказваеш іншым людзям, што гэтую магілу нядаўна наведвалі.

Яшчэ адзін помнік загінулым габрэям - на могілках у Смалявічах, усталяваны ў 2013 годзе з ініцыятыве Барысаўскага габрэйскага грамадскага аб'яднання «Свет міноры».

- Два гады нашая абшчына збірала матэрыялы і дакументы, якія пацвярджаюць гібель двухсот габрэяў недалёка ад хутара Куровішча, які і знаходзіўся недалёка ад могілак. Паводле апошніх знойдзеных дакументаў высветлілася, што перад тым, як вывесці на масавы расстрэл людзей са Смалявіцкага гета, было адабрана блізу двухсот мужчын-габрэяў, якіх і вывезлі на хутар. Такія довады ўдалося знайсці дзякуючы дапамозе работнікаў мясцовага краязнаўчага музея і пошуку прадпрымальніка Сяргея Смоляра, якім мы бязмежна ўдзячныя, - расказаў Міхаіл Перац.

ПРАГУЧАЛА ПАМІНАЛЬНАЯ МАЛІТВА - «КАДЗІШ».

Помнікі ўсталяваныя ў Смалявічах на грошы Фонду сям'і Лазарусаў, які займаецца ўшанаваннем месцаў загубы беларускіх габрэяў падчас Галакоста. З 2004 у Беларусі ўсталявана 99 помнікаў. У Барысаўскім раёне, у вёсцы Мсціж, фондам таксама ўстаноўлены помнік - тут у кастрычніку 1941 года расстралялі 101 габрэя.

У Беларусі налічваецца блізу 300 месцаў, дзе падчас Галакоста загінулі яўрэі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках