27 красавiка 2024, Субота, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маштабная вакцынацыя ў Беларусі: Усе «за» і «супраць»

29
Маштабная вакцынацыя ў Беларусі: Усе «за» і «супраць»

У Беларусі выдаткоўваюць $1,2 мільёна на прышчэпкі супраць грыпу, але ці дапамагаюць яны?

З кастрычніка ў краіне пачынаецца масавая вакцынацыя ад грыпу. Дзяржава зробіць дарэмныя прышчэпкі больш чым мільёну беларусаў з групы рызыкі. Гэта будзе каштаваць 1 мільён 270 тысяч даляраў, яшчэ блізу 50 тысяч даляраў на прышчэпкі выдаткуе Міністэрства абароны. Усяго плануецца прышчапіць не менш 3,8 мільёна чалавек (блізу 40% усяго насельніцтва). Але навошта такая маштабная вакцынацыя, калі ў 2016 годзе на грып перахварэла усяго 5652 чалавека, піша Еўрарадыё.

Параўнаем з Літвой і Украінай. У Літве ў 2016 годзе прышчэпкі супраць грыпу зрабілі блізу 3,8% насельніцтва, ва Украіне - менш за 1%. У Літве балела грыпам 127,6 чалавека на 10 тысяч жыхароў, у Беларусі - 5,95 на 10 тысяч. Прышчэпкі дзейнічаюць!

З іншага боку, ва Украіне ў эпідэмічны сезон (верасень 2015 - травень 2016) на грып і ВРВІ перахварэла 5,8 мільёна чалавек, або 1380 на 10 тысяч насельніцтва. У Беларусі - больш за 3,33 мільёна (3500 на 10 тысяч). Атрымліваецца, што не дзейнічаюць?

Кіраўнік нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля Грыбкова падкрэслівае: «Галоўная мэта вакцыны - не пазбегнуць хваробы, а паменшыць цяжар захворвання, бо вакцына не дае 100% імунітэту ад грыпу».

Намеснік начальніка аддзела эпідэміялогіі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан кажа, што сярод тых, хто захварэў на грып амаль няма прышчэпленых: «Пры дапамозе аналізу, які мы праводзім сярод хворых на грып, можна адзначыць, што сярод прышчэпленых хварэе максімум 2-3%».

Але нягледзячы на тое, што з кожным годам адсотак прышчэпленых павялічваецца, колькасць тых, хто захварэў на грып у 2016 годзе таксама павялічылася - больш на цэлую тысячу.

Апошні раз эпідэмія грыпу адбылася ў Беларусі ў 2013 годзе, тады захварэла блізу 51 тысячы чалавек, а супраць грыпу было прышчэплена 36% насельніцтва. На наступны год прышчапілі за 3,5 млн чалавек, а грып захварэла толькі 146 беларусаў.

Цікава, што ў 2016 годзе прадпрыемству «Белмедпрэпараты» ўдалося перамагчы ў тэндэры на вытворчасць вакцыны ад грыпу. Выраблялі прэпарат «Грыпол». Іна Карабан патлумачыла, што здарылася з вакцынай: «Зараз гэтую вакцыну прывозяць з Расеі, а ў Беларусі яна толькі пакуецца. Але сёлета тэндэр выйграла расейская вакцына «Грыпол-плюс». Яна нічым не адрозніваецца ад нашай, але па кошце выходзіць танней».

Сёлета Беларусь чакаюць тры вірусы грыпу, адзін з якіх новы, імунітэт да яго ў насельніцтва яшчэ не сфармаваны. Закуплены чатыры розныя вакцыны: расейскія «Грыпол-плюс» і «Ультравак», нідэрландскі «Інфлювак» і французскі «Ваксігрып». За сродкі рэспубліканскага бюджэту для дзяржаўных устаноў быў набыты толькі «Грыпол-плюс». Гэта каштавала 2 457 122 рубля 20 капеек (блізу 1 мільёна 270 тысяч даляраў).

Для прыватных клінік і прадпрыемстваў праводзяцца асобныя тэндэры, там могуць быць іншыя вакцыны. Напрыклад МТЗ вырашыў закупіць 8200 доз вакцыны «Інфлювак». «Нафтан» выдаткуе на прышчэпку 51 тысячу рублёў.

Ва ўсіх гэтых вакцынах ёсць штамы ўсіх трох вірусаў грыпу. Паміж сабой яны адрозніваюцца колькасцю імунамадулятараў. Імунамадулятары зніжаюць імавернасць захворвання не толькі на грып, але і ВРВІ. Вось гэтыя інфекцыі чамусьці немагчыма стрымаць ніякімі масавымі прышчэпкамі: апошнім часам стабільна хварэе блізу 3-3,5 млн чалавек у год.

Апошні раз у Беларусі ад грыпу паміралі ў 2009 годзе, падчас эпідэміі свінога грыпу. Але прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Сяргей Жаваранак мяркуе, што дакладнай статыстыкі смяротнасці ад грыпу няма: «Складана адсачыць, колькі людзей штогод памірае ад грыпу, бо часцей за ўсё гэта здараецца праз ускладненні, якія ён прыносіць. Грып не будзе ўказаны як прычына смерці, а будзе нейкая іншая хвароба, якая з'явілася праз грып, таму гэтыя смерці і не трапляюць у статыстыку».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках