26 красавiка 2024, Пятніца, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Комлік: Чакаю і веру ў мужа

6
Святлана Комлік: Чакаю і веру ў мужа
ІГАР І СВЯТЛАНА КОМЛІКІ

Жонка палітвязня Ігара Комліка распавяла пра свайго смелага мужа.

Больш за паўтара месяца Святлана Комлік штодня чакае вестак ад мужа, прафзвязнага актывіста і галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комлік.

Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва вялікай суме і на час следства пакінулі за кратамі ў следчым ізалятары №1, піша ПЦ "Вясна".

Праўда, не пра ўсё можна напісаць на паперы так, каб ліст, з волі цэнзара, пакінуў змрочныя сцены Валадаркі. Але ўсё адно - кожны ліст з-за кратаў - гэта хваляванне, трывога, надзея. А здараецца, што і радасць. Вось як зусім нядаўна было.

"Падгадаў Ігар з датай і акурат на мой дзень нараджэння я атрымала віншавальны ліст: з вершам, адмыслова напісаным, і з кветкамі маляванымі» - падзялілася ўражаннямі Святлана. - Ён нейкім дзіўным чынам заўсёды можа падгадаць дзень.

Памятаю, яшчэ ў пачатку нашага знаёмства, - мы яшчэ тады не былі жанатыя - я паехала ў пешы турыстычны паход на Каўказ і калі вярталася ў Менск, нават не чакала, што Ігар мяне будзе сустракаць, ды ён і не ведаў дакладна, калі я вярнуся, я нават і не ведала, як ён адгадаў час. Нават мае бацькі не ведалі, калі я дакладна вяртаюся. Мяне гэта вельмі ўразіла. Ён мяне праводзіў у дарогу, ён мяне і сустрэў".

ВІНШАВАЛЬНЫ ЛІСТ ІГАРА КОМЛІКА ЖОНЦЫ.

Цяпер Святлана Комлік на пенсіі і шмат часу бавіць на сямейным лецішчы каля Радашковічаў. Вядома, цяжкавата спраўляцца з надзелам без мужа, але яшчэ цяжэй успрымаць зняволенне блізкага чалавека, з якім плячом да пляча ідуць па жыцці 33 гады. Але Святлана Васільеўна верыць у найлепшае, і гэта дае ёй сілы чакаць.

Пытаюся пры сустрэчы ў гэтай прыязнай і, відаць, раней вельмі вясёлай жанчыны: як яны сустрэліся з Ігарам Комлікам, як пачалося іх супольнае жыццё?

- Як ён да мяне сватаўся? Ды гэта ж цэлая гісторыя. За мяне тады перажывала ўсё канструктарскае бюро ў вытворчым аб'яднанні «Планар», дзе я ў той час працавала, а за Ігара перажываў увесь ягоны аддзел, а ўсё праз тое, што ў мяне былі іншыя кавалеры, толькі Ігар вельмі хацеў стаць менавіта маім, адзіным. І ён усяляк дабіваўся гэтай, і калі прыходзіў да мяне -то кветкі дарыў, то першыя клубніцы, то шакаладку, карацей, заўсёды мяне сустракаў нейкім сюрпрызам.

Адзін час мы разам былі ў камітэце камсамола: ён ад завода, я ад канструктарскага бюро, гэта дазваляла нам знаёміцца бліжэй, падтрымліваць сяброўскія стасункі. Памятаю, неяк разам з ім мы рыхтавалі першакрасавіцкую гумарыстычную вечарыну, я тады адказвала за культуру, падрыхтоўку розных вечарын. Гэта нас збліжала. А потым...

У маладосці я любіла хадзіць у паходы, трэба было трэніравацца, а Ігар мне дапамагаў, прыбягаў раніцай перад працай, забіраў мяне і мы разам рабілі прабежкі, потым разыходзіліся па дамах і ехалі на працу. І вось так патроху і дабегаліся, - усміхаецца Святлана.

- Так прайшоў год. Калі мне споўнілася 25 гадоў, Ігар прынёс 25 гваздзікоў і падарыў мне разам з кветкамі гадзіннік. Я падумала тады, што такія падарункі альбо прымаць, альбо не прымаць. Калі прымаць, то гэта да чагосьці абавязвае. Падумала-падумала і надумала: так, гэта, відаць, сур'ёзна, ды і хлопец добры. Калі прапанаваў выйсці замуж - я пагадзілася не задумваючыся, бо да гэтага ўжо шмат падумала.

СВЯТЛАНА КОМЛІК І АНДРЭЙ КОМЛІК-ЯМАЦІН. ФОТА: ПЦ "ВЯСНА".

Які ён дома? Святлана Васільеўна нават і не задумваецца:

- Ігар заўсёды ўважлівы і да мяне, і да сына Андрэя, і да ўнукаў... У нас іх двое, і малыя вельмі любяць дзядулю, чакаюць яго.

Святлана Комлік распавядае, што муж у сям'і не вельмі патрабавальны: што дома згатавана, то і добра. Але калі здараецца вольны час - любіць і сам кулінарыць, ды не проста так, а абавязкова з душой. Мае свае ўлюбёныя рэцэпты, і торты выпякае, і пірожныя, усё робіць з любоўю.

Нагадаем, 15 верасня суд Партызанскага раёна разгледзеў скаргу Ігара Комліка на меру стрымання - утрыманне пад вартай. У скарзе ён прасіў змяніць меру стрымання, бо мяркуе, што яна ўжытая да яго беспадстаўна і ва ўтрыманні яго пад вартай падчас следства няма патрэбы.

Аднак суддзя пастанавіла, што мера стрымання абраная законна і абгрунтавана, бо Ігар Комлік абвінавачваецца ў "цяжкім" злачынстве. Яна пакінула пастанову намесніка генеральнага пракурора без змен, а скаргу без задавальнення.

А Святлане Комлік застаецца толькі чакаць. Чакаць і верыць, што пераможа здаровы сэнс і справа гэта рассыплецца, як восеньская труха.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках