26 красавiка 2024, Пятніца, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Днямі расейцы ўтапілі танк у вадаёме»

34
«Днямі расейцы ўтапілі танк у вадаёме»

Што робіць у Беларусі Кантэміраўская дывізія пасля афіцыйнага заканчэння вучэнняў «Захад-2017».

На станцыі Вярэйцы пад Асіповічамі пачалася пагрузка бронетэхнікі Кантэміраўскай дывізіі 1-й танкавага войска, якое ўдзельнічала ў вучэннях «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі, паведамляе «Белсат».

Пагрузка, якая пачалася яшчэ ў першай палове дня 20 верасня, адбывалася ля пасажырскай станцыі на вачах мясцовых жыхароў. Тэхніку таксама добра відаць і з электрычак, якія курсуюць паміж Асіповічамі і Менскам.

РАСЕЙСКАЯ ТЭХНІКА Ў ВЯРЭЙЦАХ

«Усіх ворагаў перамаглі - вось і з'язджаем», - жартуе расейскі капітан, якога журналісты сустрэлі ў краме каля станцыі.

Патруль беларускай камендатуры тлумачыць: тыя падраздзяленні, баявая задача якіх ужо была выкананая, пачалі пагрузку сёння, яшчэ да афіцыйнага заканчэння манеўраў. Але частка расейскіх вайскоўцаў пакуль застаецца на палігоне.

РАСЕЙСКАЯ ТЭХНІКА НА СТАНЦЫІ ВЯРЭЙЦЫ

20 верасня ў Вярэйцах грузіўся Ямпальскі мотастралковы полк Кантэміраўскай дывізіі - байцы з адпаведнымі нашыўкамі нясуць варту з абодвух бакоў чыгункі.

«Жылі мы тут у намётах, побач з палігонам. Шмат нас было. А цяпер вось вяртаемся... Вучэнні прайшлі паспяхова», - распавядае радавы Ямпальскага палка Андрэй.

Суразмоўца «Белсата» - кантрактнік, служыць у войску 1,5 года. Нарадзіўся ён ва ўкраінскім Днепрапятроўску (цяпер - Днепр), але пражыў усё жыццё ў Расеі. Андрэй упэўнены: Расея - самая магутная краіна ў свеце.

«Калі б мы хацелі вас акупаваць - мы б акупавалі, і вы нават не зразумелі б нічога. Проста хадзілі б потым і дзіваваліся, што сталі расейцамі. Як мы з Крымам зрабілі... Расея - вялікая дзяржава. Яе ніхто ніколі не пераможа», - кажа Андрэй.

РАСЕЙСКАЯ ТЭХНІКА Ў ВЯРЭЙЦАХ
РАСЕЙСКАЯ ТЭХНІКА Ў ВЯРЭЙЦАХ

Тым часам кіроўца таксоўкі, які падвозіў журналістаў у Вярэйцы, успамінае:

«На днях расейцы ўтапілі танк у вадаёме - грыбнікі фатаграфавалі і смяяліся. А наогул, стралялі яны і за межамі палігона. Проста пры дарозе можна было ўбачыць, як страляюць», - кажа ён.

Нагадаем, 20 верасня - фінальны дзень супольных стратэгічных манеўраў «Захад-2017». Цяпер, паводле інфармацыі Мінабароны, цягам дзесяці дзён расейскія войскі павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі, а беларускія - вярнуцца ў месцы сталай дыслакацыі.

Сёлета да вучэнняў «Захад-2017» было прыкаваная асаблівая ўвага міжнароднай супольнасці.

На брыфінгах прадстаўнікі Мінабароны неаднаразова падкрэслівалі «празрыстасць» усіх мерапрыемстваў, звязаных з «Захадам-2017». Разам з тым, на спецыяльна створаным сайце не паведамляліся важныя дэталі. Напрыклад, не была апублікаваная інфармацыя аб канкрэтных падраздзяленнях 1-а танкавага войска, якія бралі ўдзел у манеўрах, не ўдакладнялася, на які аэрадром прыбывала расейская авіяцыя.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках