25 красавiка 2024, Чацвер, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебскай вобласці настаўнікаў зганяюць «на бульбу»

40
У Віцебскай вобласці настаўнікаў зганяюць «на бульбу»

Цяпер галоўнымі працоўнымі рэсурсамі ўладаў сталі навучэнцы каледжаў, настаўнікі.

Трагедыя ў Маладзечанскім раёне, калі падчас уборкі ўраджаю загінула 13-гадовая дзяўчынка, пакінула свой адбітак на сістэме дапамогі сельгаспрадпрыемствам.

Цяпер галоўнымі працоўнымі рэсурсамі стануць навучэнцы каледжаў, настаўнікі. «На бульбу» выпраўляюцца ў большасці сваёй жанчыны і вучні каледжаў.

На жаль, нярэдка супрацоўнікі бюджэтных арганізацыяў аддаюць перавагу таму, каб маўчаць і цярпець нават тады, калі ім прапануюць не самыя выгодныя ўмовы працы. Да vkurier.by звярнулася Васільева Ганна, педагог вышэйшай катэгорыі з больш чым 30-гадовым стажам з сярэдняй школы №1 Новалукомля (Віцебская вобласць). Яе калектыў таксама быў прызваны на сельскагаспадарчыя барыкады краіны, прычым на збор ураджаю педагогам прапаноўваецца выдаткаваць свой метадычны дзень. Бо дапамагаць варта без шкоды для навучальнага працэсу.

«У нашай школе вісіць аб'ява, што настаўнікі ў свой метадычны дзень або ў суботу (паводле графіка) павінны выехаць на сельгаспрацы ў КУСГП “Кашчанскае”. Прадпрыемства абяцае своечасовую аплату ў натуральнай форме. Тлумачу: за ўрок настаўнік са стажам і вышэйшай катэгорыяй атрымлівае крыху менш за 5 рублёў. Мне за 4-5 гадзінаў цяжкой фізічнай працы заплацяць, у лепшым выпадку, вядро бульбы.

ФОТА: ГАННА ВАСІЛЬЕВА

Нашай згоды ніхто не пытае. Ніякай дамовы са мной асабіста прадпрыемства на заключала. Я не паеду. Мне 56, кантракт са мной на год, надбаўка маленькая. Гэта значыць пакараць мяне складана – я нічым не рызыкую. Але шкада людзей. Бо загоняць. А яны толькі мыкаць будуць, таму што існая сістэма кантрактаў і надбавак за лаяльнасць зрабіла з настаўніцтва, ды і іншых найманых супрацоўнікаў, бяспраўнае маўклівае быдла».

Можна зразумець абурэнне жанчыны: якое дачыненне педагогі могуць мець да ўборкі бульбы? Тым больш цяжка ўявіць, што настаўнікаў чакае годная аплата за цяжкую фізічную працу. На наступны дзень пасля таго, як Ганна Аркадзьеўна звязалася з журналістамі, меркаванне кіраўніцтва з нагоды сельгаспрацаў змянілася:

«Дырэктарка сказала мне, што я не еду, што завуч, якая складала гэты графік паездак у калгас, не ўлічыла ўсіх абставінаў. Пра якія абставіны яна казала, я не стала ўдакладняць. Мне ўсё адно – еду ці не еду. Мяне абурае сам факт таго, што людзей прымушаюць да практычна бясплатнай працы, і робіць гэта дзяржаўны орган улады, адкрыта і беспардонна. І ўсе маўчаць. Дзяцей баяцца пасылаць пасля леташняй трагедыі з дзяўчынкай у Маладзечанскім раёне. Затое могуць паслаць без афармлення працоўных стасункаў жанчынаў. А не дай Бог, некаму дрэнна стане, нехта пасля захварэе... Будзе як з той дзяўчынкай: вы не супрацоўнік гэтага прадпрыемства, з вамі не заключалася дамова».

Каб разабрацца ў сітуацыі, з якой сутыкнулася Ганна Аркадзьеўна, журналісты звярнуліся па каментар да праваабаронцы Беларускага хельсінкскага камітэта Паўла Левінава:

«Згодна з артыкулам 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прымусовая праца забароненая. Чытайце ўважліва працоўны кантракт (дамову) і службовыя абавязкі. Калі ў іх нічога не прапісана пра ўборку ўраджаю, то ніхто не мае права вас змусіць да выканання такой працы. Што рабіць, калі ўсё ж прымушаюць? Звярніцеся ў пракуратуру, якая абавязаная ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках