6 траўня 2024, панядзелак, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Неўзабаве за працу будуць плаціць паветрам

26
Неўзабаве за працу будуць плаціць паветрам

Кожны дзень прыносіць новыя «весткі з палёў».

То тут, то там улады ўжываюць усе больш дасканаленыя спосабы «выбівання» грошай з беларусаў. Як правіла, гаворка ідзе не пра «перагіны» на месцах: чыноўнікі рэалізоўваюць метады, на якія атрымалі «дабро» з самага верху.

Учора стала вядома аб тым, што ў Берасцейскай вобласці завінавачаных за «камуналку» запісваюць у праблемныя сем'і з перспектывай перадачы дзяцей у органы апекі. Мясцовыя ўлады пры гэтым спасылаюцца на загад Мінадукацыі, выдадзены яшчэ ў 2007 годзе.

Ці азначае гэта, што дзяцей за завінавачанасць за «камуналку» пачнуць забіраць ва ўсёй краіне? На гэта і іншыя пытанні Charter97.org адказвае былая настаўніца з шматгадовым стажам і віцебская каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец.

- Як вы пракаментуеце ініцыятыву ад уладаў Берасцейшчыны? Ці распаўсюдзіцца такая практыка на іншыя вобласці, напрыклад, на Віцебскую?

- Цяжка каментаваць такую цынічную практыку: разлучаць сям'і пра звычайную завінавачанасць перад камунальнікамі. Але, думаю, што нам давядзецца набрацца мужнасці і змагацца з гэтым і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Бо ўсё, што супярэчыць здароваму сэнсу, даволі хутка становіцца ў нас паўсюднай практыкай.

Мяне здзіўляе толькі адно: як улада ўмудраецца рабіць выгляд, што не заўважае, дзе парушыла «чырвоную рысу». На іх думку, усе павінны «ўзяць рыдлёўку ў зубы», а таксама «раздзецца і працаваць». Пытанне толькі ў адным: дзе працаваць, калі праз эканамічны крызіс працы няма? А праца і заробак патрэбны, каб аплаціць тую самую злашчасную «камуналку»? Няўжо незразумела, што гэтыя прымусы і паборы толькі напальваюць абстаноўку і людзі пачынаюць «закіпаць». Або ўлада толькі робіць выгляд, што не разумее відавочнага?

У развітых краінах ёсць мноства льготных пазіцый, паводле якіх на кожнае дзіця разлічваецца і праезд, і аплата кватэры, і многія іншыя выплаты. Беларусы што - значна багацейшыя за еўрапейцаў, калі ў нас няма такіх ільгот?

- Але мы ж ведаем, што гэта не так...

- Вось менавіта. Адказ тут просты: Беларусь ператварылі ў краіну для аднаго чалавека і ягонай сям'і. Ну і для вышэйшага эшалона чыноўнікаў, якія актыўна рохкаюць каля «найсвятлейшага» карыта. І ад гэтага свайго «карыта» яны набраліся абсалютна свінскага стаўлення да людзей.

Але калі яны думаюць, што «людзі праглынуць» і гэтым разам - то моцна памыляюцца. Людзі ўжо наеліся гэтага «свята», якое трывае толькі на адной вуліцы.

Для народа ва ўладаў адказ адзін - «грошай няма». А пры гэтым у тым жа Віцебску толькі на пляцоўку для сумнеўнага помніка княгіні Вользе марнуюць паўмільёна даляраў. Аддайце лепш грошы дзецям з тых самых «няшчасных» сем'яў. Але такога ўлады не зробяць. У іх задача выразная і ясная: у людзей адабраць і падзяліць паміж сабой.

А тых, хто не можа заплаціць падаткі, трэба проста вывернуць на левы бок. І ў выпадку з «камуналкай» улады намацалі самае адчувальнае месца: бо штрафы або адключэнне святла палохае значна менш, чым перспектыва пазбавіцца дзяцей. І людзі вымушаныя будуць круціцца, як вужы на патэльні, каб заплаціць у скарбніцу.

- Плата за «камуналку» ўсіх патрэб рэжыму не забяспечыць. Што яшчэ могуць абкласці паборамі, каб дапамагчы «адной сям'і» перажыць эканамічны крызіс?

- На гэтае пытанне ўжо адказалі ў свой час пісьменнікі Радзішчаў і Салтыкоў-Шчадрын. Яны дакладна апісалі партрэт лукашэнкаўскай дзяржавы і яе кіраўнікоў ва ўсіх іпастасях.

Беларусь сямімільнымі крокамі вяртаецца ў 18-е і пачатак 19-га стагоддзя - у эпоху росквіту прыгоннага права і паншчыны. Усе атрыбуты ўжо ў наяўнасці: заробкі выплачваюць «натуральнай прадукцыяй» або не выплачваюць наогул; звольніцца нельга, нават калі не плацяць; калі страціў працу - усё адно плаціш падаць або павінен адпрацаваць, збіраючы, напрыклад, камяні на полі... А цяпер яшчэ пачалі і сем'і разлучаць, як пры прыгоне.

Застаецца толькі чакаць, што неўзабаве ўвядуць падатак на паветра. Або, што яшчэ больш адпавядае логіцы ўладаў - талоны на паветра з зафіксаванай нормай. Тры літры на дзень на чалавека, напрыклад. А калі не ўклаўся - плаці ў падвойнай суме. Не здзіўлюся, калі заробак за працу хутка пачнуць выдаваць паветрам.

Такая перспектыва чакае беларусаў, калі не пачаць актыўна пратэставаць. Я не стамляюся гаварыць: людзі, не дайце сябе закабаліць канчаткова! Калі мы пакажам, што здольныя пратэставаць і змагацца за свае правы - усе гэтыя недарэчныя падаткі абавязкова прыдумаюць і ўвядуць. Супраціўляцца трэба ўжо цяпер.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках