26 красавiка 2024, Пятніца, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежныя журналісты дайшлі да ААН

Незалежныя журналісты дайшлі да ААН
Андрэй Толчын і Кастусь Жукоўскі
ФОТА: БАЖ

Пастановы, якія прымаюцца ў Жэневе - пытанне будучыні, на якое сёння неабходна працаваць.

Прадстаўнік гомельскага аддзялення Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) фрылансер Кастусь Жукоўскі разам з аператарам Андрэем Толчыным падалі індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН у правах чалавека, паведамляе gomelspring.org.

На міжнародным узроўні фрылансеры заявілі пра сістэматычны цягам 2017 года пераслед за працу на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» (парушэнне права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі).

Летась фрылансера Жукоўскага суды ў Гомельскім рэгіёне прыцягвалі да буйных грашовых штрафаў 11 разоў агулам на суму прыблізна 9 тысяч руб, а ягонага калегу Андрэя Толчына судзілі 5 разоў на суму блізу 3-х тысяч за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам «Белсат», дзе паказваліся знятыя імі рэпартажы аб розных мясцовых праблемах.

«Летась мяне прыкоўвалі кайданкамі да дрэва, труцілі каля свінафермы невядомымі хімікатамі, вартавалі мяне каля дома, перашкаджаючы выезду на працу. Фактычна за сваю прафесійную дзейнасць цягам 2017 года я заплаціў штрафаў на суму блізу 4 тысяч еўраў, што прыблізна роўна сярэднегадавому заробку ў краіне агулам», - падвёў вынікі года К. Жукоўскі.

Юрыст БАЖ Леанід Судаленка, які меў даверанасць асацыяцыі прадстаўляць інтарэсы фрылансераў у судзе, заяўляе, што іх справы выявілі шэраг супярэчнасцяў нацыянальнаму заканадаўству міжнародным абавязацельствам краіны.

«Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі, наш жа нацыянальны Закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае саму сутнасць гэтага права. Кожны мае права свабодна выбіраць сабе абаронцу ў судзе, наш заканадавец абмежаваў гэта права выключна паслугамі адваката. Я ўпэўнены, што ў гэтых справах будуць устаноўленыя пералічаныя парушэнні правоў фрылансераў», - падкрэсліў юрыст.

І хоць беларускія ўлады пакуль не рэагуюць на пастановы Камітэта ААН у правах чалавека, фрылансеры мяркуюць, што пытанне выканання пастаноў, якія прымаюцца ў Жэневе, пытанне будучыні, на якое сёння неабходна працаваць.

«Акрамя ўстанаўлення непасрэдных парушэнняў нашых правоў у скаргах мы таксама паставілі пытанне пра абавязак беларускага ўрада змяніць нацыянальнае заканадаўства такім чынам, каб практыка яго ўжывання не прыводзіла ў далейшым да апісаных намі парушэнняў», - заявіў Андрэй Толчын.

Нагадаем, цяпер у Камітэце ААН у правах чалавека знаходзяцца на разглядзе дзве індывідуальныя скаргі фрылансера Жукоўскага пра пераслед яго буйнымі адміністрацыйнымі штрафамі за працу на тэлеканал «Белсат» у 2015-2016 гадах.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках