У «Белсата» хочуць канфіскаваць тэхніку, якую не адабралі раней
1- 16.01.2018, 18:58
- 13,523
Гаворка ідзе пра апаратуры, якую адабралі падчас ператрусу ў менскіх офісах «Белсату».
У Першамайскі РУУС была накіраваная скарга адносна тэхнікі, якую не вяртаюць ўжо амаль год.
12 студзеня не дачакаўшыся афіцыйнага адказу, фрылансер паехаў у аддзяленне міліцыі, каб даведацца пра лёс заявы. Да яго выйшаў Уладзіслаў Падрэз, які раней вёў справу Аляксандра Баразенкі. Пасля размовы міліцыянт патэлефанаваў і папрасіў журналіста прыйсці да яго яшчэ раз у суботу 13 студзеня. Пры гэтым афіцыйнай позвы выпісана не было. У выніку журналіст атрымаў пратакол за незаконнае выкарыстанне таварнага знаку на апаратуры «Белсата».
Паводле прадстаўніка «Белсата» ў Беларусі Аляксея Мінчонка, міліцыянты хочуць давесці справу да суду і канфіскаваць тую тэхніку, якая яшчэ не была канфіскаваная.
«Мне падаецца, супрацоўнікі Першамайскага РУУС дзейнічаюць несамастойна. Яны маюць загад любымі сіламі не вяртаць нашую тэхніку і спрабуюць падвесці гэтае жаданне пад заканадаўства. І будуць спрабаваць канфіскаваць тэхніку, якую суд яшчэ не канфіскаваў, але якая знаходзілася ў міліцыі пасля ператрусаў. Цяпер трэба чакаць прызначэнне даты суду. Гэта можа адбыцца цягам месяца. Мы не пакінем гэтую справу і будзем дамагацца вяртання тэхнікі», – кажа Аляксей Мінчонак.
Фармальнаю прычынаю ператрусаў і канфіскацыяў стала нібыта незаконнае выкарыстанне «Белсатам» таварнага знаку.
Справа вакол таварнага знаку цягнецца не першы год
Яна сталася прадметам судовых разбіральніцтваў паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым. Паводле яго, СМІ, якое транслюе з тэрыторыі Польшчы, парушае ягоныя бізнэсовыя інтарэсы. Летась ён склаў чарговую скаргу.