27 красавiка 2024, Субота, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабода слова ў Беларусі: 2017 год стаў адным з самых крызісных

2
Свабода слова ў Беларусі: 2017 год стаў адным з самых крызісных

У 2017 годзе канфліктаў паміж уладамі і журналістамі было больш, чым за тры папярэднія гады разам узятыя.

Такія лічбы прадстаўнікі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» агучылі на прэс-канферэнцыі ў Менску.

- У 2017 годзе пры выкананні прафесійных абавязкаў журналістаў у Беларусі затрымлівалі 101 раз, 103 разы журналістаў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, 69 раз журналісты атрымлівалі штрафы за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, 12 спраў скончыліся для нашых калегаў арыштамі, - акрэсліў маштабы праблемы старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

Бастунец расказаў, што агульная колькасць канфліктаў уладаў з журналістамі ў 2017 годзе дасягнула 197 выпадкаў - гэта больш, чым за тры папярэднія гады разам узятыя. Таму можна сказаць, што 2017 год стаў адным з самых крызісных ў сферы свабоды слова ў Беларусі.

- Таксама наc вельмі непакоіць інфармацыя пра тое, што ўладамі распрацоўваюцца чарговыя змяненні ў Закон аб СМІ, а мы нават не ведаем, пра якія менавіта змяненні ідзе гаворка. Яшчэ 10 кастрычніка 2017 года мы накіравалі афіцыйны заказны ліст новаму міністру інфармацыі Беларусі, але да сённяшняга дня адказ на гэты ліст намі не атрыманыя, - распавёў Андрэй Бастунец.

Са слоў сябра праўлення БАЖ, кіраўніка юрыдычнага напрамку Алега Агеева, у 2017 годзе юрысты Беларускай асацыяцыі журналістаў актыўна дапамагалі калегам абараняць свае правы. У 13 выпадках агульнымі намаганнямі ўдалося спыніць пераслед журналістаў па тых ці іншых справах, паведаміў сябра праўлення ГА «БАЖ», кіраўнік юрыдычнага напрамку Алег Агееў.

- На гэты момант у рэгіёнах Беларусі з намі супрацоўнічаюць 13 юрыстаў, якія займаюцца не толькі непасрэдна дапамогай калегам, але і павышэннем прававых навыкаў сярод журналістаў. У 2017 годзе ў нас адбыўся цэлы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб максімальна папярэджваць магчымыя канфліктныя сітуацыі, каб журналісты ў іх не траплялі, - дадаў Агееў.

Са слоў Агеева, юрысты БАЖ дапамагалі калегам падрыхтаваць цэлы шэраг скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН, якія неўзабаве будуць разглядацца гэтым камітэтам. Таксама рыхтаваліся і накіроўваліся звароты да спецдакладчыка ў пытаннях свабоды слова ААН і спецдакладчыка аб свабодзе СМІ АБСЕ. Такім чынам мы імкнуліся задзейнічаць усе прававыя і міжнародныя механізмы для абароны нашых калегаў.

- Галоўную занепакоенасць БАЖ па-ранейшаму выклікаюць бясконцыя штрафы журналістам паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. На гэты момант улады Беларусі вядуць татальны пераслед журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, суды адбываюцца фактычна кожны тыдзень, і мы не можам маўчаць у такой сітуацыі, - падкрэсліў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

- Акрамя ўсіх іншых зваротаў і лістоў Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала зварот у Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай абавязаць заканадаўцаў ліквідаваць прабелы ў заканадаўстве, якія на гэты момант дазваляюць штрафаваць журналістаў за тое, за што іх немагчыма штрафаваць. На самай справе артыкул 22.9 КаАП не прадугледжвае адказнасці журналістаў. Найбліжэйшымі днямі мы сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам накіруем такі зварот, - дадаў Андрэй Бастунец.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках