8 траўня 2024, Серада, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

#БНР100: Рабочая група ўзгадніла планы аб падрыхтоўцы да святкавання Дня Волі

6
#БНР100: Рабочая група ўзгадніла планы аб падрыхтоўцы да святкавання Дня Волі

Сёння адбылося пасяджэнне рабочай групы аб правядзенні масавай акцыі 25 сакавіка ў Менску.

Сустаршынямі рабочай групы абраныя Рыгор Кастусёў, Павел Севярынец і Яўген Афнагель.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

- Сёння адбылося пасяджэнне працоўнай групы аб правядзенні масавай акцыі 25 сакавіка ў Менску. Прысутнічала блізу 40 чалавек - вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў, актывістаў дэмакратычных сілаў з рэгіёнаў. Былі Аляксей Янукевіч, Вацлаў Арэшка, Павел Белавус, Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Зміцер Дрозд, Ніна Стужынская, Алена Талстая, Леанід Акаловіч, Юрый Губарэвіч, Славамір Адамовіч, Аляксей Марачкін, Уладзімір Халіп, Мікалай Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў і іншыя.

Створаны камісіі, якія зоймуцца працай у вызначаных накірунках - арганізацыйны, інфармацыйны, мастацкі, юрыдычны. Прызначаны адказныя.

Абмеркаваныя і прынятыя шэраг прапаноў аб падрыхтоўцы і правядзенні акцыі:

- Падаць заяўку у Менгарвыканкам аб правядзенні 25 сакавіка дэманстрацыі і мітынгу з канцэртам. 14.00 - збор удзельнікаў на плошчы Якуба Коласа, 15.00-16.00 - шэсце па праезджай частцы праспекту Незалежнасці і вуліцы Леніна да плошчы Свабоды, 16.00-18.00 - мітынг з канцэртам на плошчы Свабоды. Заяўку падпісваюць па адным прадстаўніку ад кожнай зацікаўленнай арганізацыі. Сваю згоду далі партыя БНФ, Рух «За Свабоду», Рух Салідарнасці «Разам», БСДП, Арт Сядзіба, прафсаюз РЭП, «Народная Грамада», «Еўрапейская Беларусь», АГП, БХД. Спіс адкрыты для прадстаўнікоў арганізацый, якія гатовы быць заяўнікамі акцыі. Падача заяўкі плануецца на 25 студзеня.

- Запланаваныя сустрэчы з чыноўнікамі і прадстаўнікамі афіцыйных уладаў. Мэта - сумеснае святкаванне Дня Волі ці, як мінімум, забяспячэнне лаяльнага стаўлення да правядзення вулічнай акцыі і іншых святочных мерапрыемстваў.

- Прапанавана зрабіць пісьмовыя звароты ва ўсе профільныя міністэрствы. Даручыць падрыхтоўку зваротаў і кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі Паўлу Севярынцу, Рыгору Кастусёву, Вячаславу Сіўчыку.

- Прынятая пастанова аб пачатку збору сродкаў для правядзення рэкламнай кампаніі акцыі 25 сакавіка. Рахунак будзе апублікаваны найбліжэйшым часам.

- Зацверджаны хэштэг мерапрыемства - #БНР100

Сустаршынямі рабочай групы абраныя Рыгор Кастусёў, Павел Севярынец, Яўген Афнагель.

22 студзеня на чарговым пасяджэнні нацыянальнага Аргкамітэта святкавання 100-годдзя БНР, якое пачнецца а 18-гадзіне, рашэнні рабочай групы павінны быць зацверджаныя.

Услед за ўчорашнім пасяджэннем аргкамітэту, сёння апазіцыя прадэманстравала адзінства і рашучасць. Спадзяюся мы іх убачым і 25 сакавіка на вуліцах Менску.

Як паведаміў «Радыё Рацыя» сустаршыня рабочай групы аб правядзенні масавай акцыі 25 сакавіка Павел Севярынец, на канцэрт з нагоды святкавання 100-годдзя абвяшчэння БНР будуць запрошаныя вядомыя беларускія музыкі.

- Мы распрацавалі структуру нашай рабочай групы, прызначылі каардынатараў з шасці камісій па накірунках. Акрамя гэтага мы абмеркавалі заяўку. Будзе не менш за 10 заяўнікаў ад асноўных партый і арганізацый. Абмеркавалі канкрэтны маршрут, які будзе прапанаваны для зацвярджэння аргкамітэтам. Збор а 14-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа. А 15.00 пачатак шэсця па праезнай частцы праспекта Незалежнасці да вуліцы Леніна, па вуліцы Леніна да плошчы Свабоды. І мітынг і канцэрт на плошчы Свабоды.

На канцэрт будуць запрошаныя Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя выканаўцы і музычныя калектывы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках