26 красавiка 2024, Пятніца, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Распрадаецца маёмасць збеглага бізнэсоўца Авяр’янава

3
Распрадаецца маёмасць збеглага бізнэсоўца Авяр’янава
ЮРЫЙ АВЯР'ЯНАЎ
ФОТА: TUT.BY

На таргі выстаўлены парк забаў «Дрымлэнд» і «Аграфірма «Ілля».

На таргі выстаўлены парк забаў «Дрымлэнд» і «Аграфірма «Ілля», падкантрольныя ЗАТ «Растэм» Юрыя Авяр'янава. Гэта вынікае з інфармацыі, размешчанай на сайце Адзінага дзяржрэестра звестак аб банкруцтве, піша tut.by.

Блізу двух гадоў таму ў Юрыя Авяр'янава разгарэлася «вайна» з крэдыторамі за свае актывы. Банкі і падрадчыкі прасілі выплаціць запазычанасці, якія ўтварыліся праз рэалізацыю інвестпраектаў.

Пазней высветлілася, што прадпрымальнік асеў у Еўропе. Затым стала з'яўляцца інфармацыя, што кампаніі Авяр’янава адна за адной банкрутуюць.

У канцы 2016 года Эканамічны суд Менска прызнаў «Растэм» эканамічна неаплатным. У дачыненні да кампаніі была ўведзеная санацыя і зацверджаны яе план. Тэрмін санацыі - да 28 чэрвеня 2018 года.

У рамках працэдуры аздараўлення крэдыторы вызначылі выставіць на таргі два актывы. За «Аграфірму «Ілля» хочуць атрымаць мінімум 6,74 млн руб. Кошт «Дрымлэнда» складае 29,1 млн руб. «Аграфірма ўжо два разы выстаўлялася на таргі, «Дрымлэнд» - адзін. Пакуль не было аніводнай заяўкі», - сказала антыкрызісная кіраўніца «Растэма».

У структуру «Растэм» таксама ўваходзіць рынак будаўнічых матэрыялаў у мікрараёне Уручча. Ці будзе ён у найбліжэйшай будучыні выстаўлены на таргі? «У планах санацыі гэта прадугледжана. Але не думаю, што [рынак будзе выстаўлены на таргі] ў найбліжэйшыя два месяцы», - удакладніла антыкрызісная кіраўніца.

У дачыненні да яшчэ аднаго актыву Авяр’янава - ЗАТ «Гандлёвы свет - «Кальцо» - распачатая справа аб банкруцтве і адкрытая конкурсная вытворчасць. У снежні 2017 года Эканамічны суд Менскай вобласці адклаў разгляд справы, прызначыўшы экспэртызу фінансавага стану і аплатаздольнасці кампаніі. Правядзенне экспэртызы даручанае РУП «Белсудэкспэртзабеспячэнню».

На разгляд экспэртызы вынесеныя два пытанні: ці з'яўляецца абгрунтаваным план санацыi, прапанаваны кіраўніком ЗАТ «Гандлёвы свет - «Кальцо» і зацверджаны 28 лістапада 2017 года сходам крэдытораў? А таксама ці магчымае аднаўленне аплатаздольнасці завінавачанага згодна з прапанаваным планам санацыі?

Судовае разбіральніцтва паводле гэтай справы адкладзенае да 7 лютага.

Увосень Следчы камітэт прыняў да разгляду крымінальную справу ў дачыненні да Юрыя Авяр'янава, а таксама шэрагу кіраўнікоў камерцыйных структур у сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў суб'ектамі гаспадарання. Неўзабаве сілавікі затрымалі шэсць топ-мэнэджараў Авяр’янава. Сам бізнэсовец быў абвешчаны ў міжнародны вышук.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках