26 красавiка 2024, Пятніца, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз трэснуты мост над Прыпяццю дзеці засталіся без прышчэпак

8
Праз трэснуты мост над Прыпяццю дзеці засталіся без прышчэпак

«За рэчкай» выявіліся складанасці з планавай вакцынацыяй дзяцей.

Анастасія жыве ў вёсцы Верасніца Жыткавіцкага раёна. Гэта як раз тая Зарэчная зона Прыпяці, якая ледзь не адвалілася ад краіны, калі трэснуў мост. Цяпер у маладой мамы праблема: раптам высветлілася, што ў мясцовай бальніцы няма вакцыны для планавай прышчэпкі грудным дзецям. Магчымы варыянт за грошы, але заплаціць не так-то проста, трэба прайсці квэст, паведамляе onliner.by.

- Нібыта, дзяцей да года павінны бясплатна прышчапляць ад коклюшу, дыфтэрыі і слупняку, - кажа Наста. - Наколькі я разумею, без прышчэпкі проста не прымуць у садок. Не кажучы ўжо пра неабходнасць прафілактыкі. Нядаўна высветлілася, што бясплатнай вакцыны ў нашай бальніцы няма.

Анастасія з 5-месячным Сямёнам «прыпісаныя» да бальніцы горада Турава. Дзяўчына проста купіла вакцыну за свае грошы, так можна. Зрабілі першы ўкол, курс складаецца з трох з інтэрвалам у месяц. Пратэрмінаваць нельга, інакш прыйдзецца пачынаць усё спачатку.

- Нам заўтра трэ рабіць чарговы ўкол, я сёння тэлефаную, а мне кажуць, што няма вакцыны, - распавядае Наста. - Пры гэтым мяне ніхто не папярэдзіў, не патэлефанаваў...

Як варыянт, дзяўчыне параілі ехаць у бальніцу райцэнтра Жыткавічы, там аплачваць і - «можа, на наступным тыдні прывязуць». Не, у Тураве аплаціць нельга. Закавыка ў тым, што Жыткавічы на тым беразе, а пантонны мост (наведзены наўзамен трэснутага стацыянарнага), як мы памятаем, сарвала лёдам. Увогуле, ад Верасніцы да Жыткавіч па прамой - рукой падаць, але цяпер трэба ездзіць у аб'езд, гэта некалькі сотняў кіламетраў.

- Вось цяпер збіраюся у Тураўскую бальніцу, паспрабую перадаць гэтыя 37 рублёў за ўкол праз доктара, каб іх завезлі ў Жыткавічы... - сама шукае варыянты вырашэння ўласных праблем Анастасія. - То бок, атрымліваецца, гэта не мяне стымулююць зрабіць прышчэпку, а я спрабую прымусіць бальніцу знайсці вакцыну. І добра я, знайду грошы на вакцыну, але што рабіць іншым?..

Міністэрствам здароўя вызначаны нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. У адпаведнасці з ім дзеці з 3 месяцаў прышчапляюцца, між іншым, ад дыфтэрыі, слупняку і коклюшу. Для гэтага, як указана на сайтах беларускіх бальніц, выкарыстоўваецца так званая адсарбаваная коклюшна-дыфтэрыйна-слупнячная вакцына (АКДС) расейскай вытворчасці. Асабліва абумоўлены варыянт адмовы пацыента: «...медыцынскім работнікам павінны быць растлумачаны ў даступнай для разумення форме магчымыя наступствы адмовы ад прафілактычнай прышчэпкі. Адмова ад прафілактычнай прышчэпкі афармляецца запiсам у медыцынскіх дакументах пацыента і падпісваецца пацыентам (яго законным прадстаўніком) і медыцынскім работнікам».

Варыянт адсутнасці вакцыны ў канкрэтнай паліклініцы за рэчкай нарматыўнымі актамі не агаворваецца.

У Міністэрстве аховы здароўя нам паведамілі, што сітуацыя па захворванні дыфтэрыяй, коклюшам і слупяком у краіне шчасная і для вакцынацыі супраць гэтых інфекцый маюцца іншыя (акрамя АКДС) неабходныя імунабіялагічныя лекавыя сродкі.

Ва Упраўленні аховы здароўя Гомельскай вобласці пастараліся расшыфраваць гэты адказ. Са слоў галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі Таццяны Веліканавай, сёння АКДС замяняецца іншай вакцынай, «Эупента»:

- Сапраўды, былі перабоі з пастаўкамі, менавіта калі сканчалася вакцына АКДС. Новая бясплатная вакцына ўжо паступіла ў вобласць, і на наступным тыдні яна паступіць, між іншым, у Жыткавіцкі раён.

У Насты, зрэшты, асаблівы выпадак, бо яна раней абрала платную вакцынацыю іншым прэпаратам. Дзяўчына сцвярджае, што грошы ў Тураве ў яе ўсё ж пагадзіліся ўзяць, «пайшоўшы на саступкі». Таццяна Веліканава, у сваю чаргу, запэўніла: праблем з аплатай у Тураве ўзнікаць не павінна, ехаць у Жыткавічы неабходнасці няма.

- Аплаціць вакцынацыю можна як аддаўшы грошы ў касу тураўскай лякарні, так і па АРІП. Мы прасочым, каб правы пацыентаў не парушаліся.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках