Парашэнка: Сёлета Украіна атрымае смяротную зброю з ЗША
8- 2.01.2018, 21:26
- 16,812
Прэзідэнт Украіны анансаваў атрыманне амерыканскага абарончага ўзбраення ў 2018 годзе.
У 2018 годзе Украіна атрымае смяротнае абарончае ўзбраенне з ЗША. Пра гэта паведаміў у Facebook прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.
«Налета вайсковы бюджэт нашай краіны складзе рэкордныя 86 млрд грн. Мы атрымаем смяротную абарончую зброю ад нашых партнёраў з ЗША. І працягнем умацоўваць украінскае войска найноўшай вайсковай тэхнікай айчыннай вытворчасці», - напісаў ён.
Са слоў Парашэнкі, Узброеныя сілы Украіны сталі адным з самых эфектыўных войскаў у Еўропе.
20 снежня выданне The Washington Post паведаміла, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўпершыню дазволіла экспарт смяротнай абарончай зброі ва Украіну. Сцвярджалася, што камерцыйная ліцэнзія, ухваленая Дэярждэпам ЗША, прадугледжвае продаж снайперскіх вінтовак Barrett M107A1, боепрыпасаў і звязаных з імі камплектуючых на суму $41,5 млн.
У Дзярждэпе ЗША растлумачылі, што Украіна купляла невялікую колькасць гэтых відаў зброі на працягу некалькіх гадоў як да, так і пасля анэксіі Крыма Расеяй вясной 2014 года.
22 снежня тэлеканал ABC News са спасылкай на крыніцы ў Дзярждэпе паінфармаваў, што Трамп абвесціць аб адабрэнні ім плана продажу процітанкавых ракет Украіне, у тым ліку сістэм Javelin.
23 снежня ў Дзярждэпе паведамілі, што дадуць Украіне «ўзмоцненыя абарончыя магчымасці». У заяве амерыканскай адміністрацыі адзначаецца, што Украіна «з'яўляецца суверэннай краінай і мае права абараняцца».