26 красавiка 2024, Пятніца, 6:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У горадзе-спадарожніку Менска пабудавалі дом без гарачай вады і цяпла

34
У горадзе-спадарожніку Менска пабудавалі дом без гарачай вады і цяпла

Пры гэтым людзі плацяць за ацяпленне.

«Прыгожы, як на Баравой, а праблем, як у глухмені», — кажа адная з жыхарак новага дома ў Дзяржынску, дзе з пачатку месяцы няма гарачай вады. На балконах тут утвараецца наледзь, а ў пакоях сцены пакрываюцца цвіллю. З якімі праблемамі сутыкнуліся пакупнікі кватэр у горадзе-спадарожніку і як іх развязваюць выканаўцы — у матэрыяле tut.by.

Сацыяльны дом і 1 000 рублёў за «квадрат»

Яркі трохпад'езны дом на 160 кватэр у мікрараёне «Крыніцы» знаходзіцца проста на ўездзе ў горад-спадарожнік. Шматпавярховік здалі ў канцы сакавіка 2017 года. ПМК №190 разам з субпадрадчыкамі з іншых рэгіёнаў пабудавала яго за год. Дом сацыяльны. Квадратны метр каштаваў блізу тысячы рублёў.

Жыхарам распавялі, што дом экспэрыментальны і энэргазахавальны. Паабяцалі, што тэмпература батарэй будзе падладжвацца пад тую, што на вуліцы.

Людзі сталі сюды засяляцца ўвосень і выявілі першыя недапрацоўкі. Спачатку дом залівала — у пад'езды праз швы трапляла вільгаць. Звонку стыкі заладзілі, але іншыя праблемы засталіся.

Мы прыязджаем на Ціхую, 11 і сутыкаемся з адным з першых неразвязаных пытанняў дома — ў пад'езд нас пускаюць праз код, бо дамафон не працуе.

Ды і наогул, незадаволенасці працай будаўнікоў шмат. Жыхары кажуць, што стаміліся абіваць парогі і прасіць кожны раз штосьці выправіць або перарабіць. Як толькі генпадрадчык ПМК-190 бярэцца за адну праблему, так усплывае іншая.

Па дарозе ў першы пад'езд старэйшая па пад'езду Анастасія паказвае, як ля ўваходных дзвярэй працякаюць стыкі.

Але калі мы заходзім унутр, то замест звыклага паху будаўнічых матэрыялаў у новым доме ў нос б'е пах каналізацыйных сцёкаў.

— Каналізацыю жудасна прарывае — увесь час у пад'ездзе і кватэрах стаіць непрыемны пах. Гэта ўсё ўжо адпампоўвалі. Але тыя, хто быў у склепе падчас якіх-небудзь работ, бачыў, што гэты патоп проста застыў у лёд. Але наогул нікому з жыхароў ключы ад склепа не даюць, каб мы там чаго не ўбачылі.

«Гарачай вады не стала, а замест халоднай цякла вада колеру гарбаты»

Але праблема, якая найперш цяпер хвалюе жыхароў, — адсутнасць гарачай вады.

— Гарачая вада ў доме бывае 1-2 гадзіны на дзень. Цяпер яна ёсць толькі ў другім пад'ездзе. У дыспетчарскай ЖЭСа нас ужо пазнаюць на голас. А днямі з крана замест гарачай вады проста паветра пыхкала, а з халоднага крана цякла вада колеру гарбаты.

ТАКІМІ ФОТА Ў АГУЛЬНЫМ ЧАЦЕ АБМЕНЬВАЮЦЦА ЖЫХАРЫ ДОМА НА ЦІХАЙ, 11, КАЛІ ЗЛІВАЮЦЬ ВАДУ

Праз такую ваду ў жыхароў ламаюцца пралкі. Некаторыя кажуць, што ўжо выклікалі майстроў па два разы.

— Мы жывем са снежня месяца без гарачай вады, а за падагрэў жа бяруць і мы плацім за камунальныя па 100 рублёў. За што?, — абураецца мясцовы жыхар Яўген.

«У адным пакоі будзе цёпла, а ў іншым — халодныя батарэі»

Адная з жыхарак дома Вольга кажа, што яны з мужам не сталі чакаць, калі падрадчык выправіць усе недаробкі паводле гарантыі. Яны ўсё перараблялі самі, бо хутчэй хацелася пераехаць у новую кватэру.

— Але, напрыклад, у ванну мы доўга не маглі паставіць дзверы, таму што трэба было выроўніваць сцены. Толькі на ванну і прыбіральню мы выдаткавалі 10 мяшкоў раствору.

А вось многія іншыя жыхары не гатовыя зноў укладвацца ў рамонт і дарабляць тое, што неабходна было здаць у нармальным стане.

Жыхарка дома Анастасія звяртае ўвагу на эркерныя вокны ў пакоях. На стыках такіх вокнаў запасіцца вільгаць і наледзь. З падаконнікаў дзьме. Месцамі праз вільгаць ужо пайшла цвіль.

НА ЭРКЕРНЫХ ВОКНАХ ЗАПАСІЦЦА ВІЛЬГАЦЬ
А Ў КУТАХ ПАДАКОННІКАЎ З'ЯЎЛЯЕЦЦА ЦВІЛЬ

— Калі ставім дзіцячыя цацкі, яны прымярзаюць да акна. Нам сказалі, што раней вясны няма сэнсу звяртацца. Ніхто нічога не зробіць, пакуль не будзе нармальнага надвор'я, — кажа нам адна з гаспадынь кватэры на Ціхай.

Такая ж бяда і з прыгожымі гаўбцамі. Яны зашклёныя ва ўсім доме, але моцна працякаюць знутры і ў выніку на вокнах з'яўляецца лёд.

У балконаў ёсць і іншая праблема: ніхто не тлумачыць жыхарам, хто будзе рамантаваць шклопакеты. Памяняць самім іх нельга — прасядзе ўвесь шэраг, бо шклопакеты суцэльныя.

З ацяпленнем у доме таксама праблемы. Ва ўсіх кватэрах жыльцы могуць самі рэгуляваць цяпло. Але ацяпленне размяркоўваецца па кватэры нераўнамерна.

— Калі ўсе вентылі стаяць на максімальнай адзнацы, то ў адным пакоі можа быць цяпло, а ў іншы ў гэты час батарэі будуць зусім халоднымі нават з максімальнай адзнакай.

НАВАТ ПРЫ ТАКОЙ ВЫСОКАЙ АДЗНАЦЫ ЗУСІМ ХАЛОДНЫЯ БАТАРЭІ

Акрамя таго, за кошт вентыляцыі, якая не ўцягвае паветра, а, наадварот, дзьме, пакоі прамарожвае. Многія вентыляцыю проста заштукавалі або малярным скотчам заклеілі.

Пры гэтым, за ацяпленне людзі плацяць не паводле індывідуальных лічыльнікаў, якія паставілі ў кожнай кватэры ў пад'ездзе, а паводле агульнага — ён знаходзіцца ў падвале.

— Чаму мы павінны цяпер наймаць нейкіх людзей і плаціць ім грошы, калі ў нас дом на гарантыі. Няхай ліквідуюць. Мы плацім немалыя крэдыты і кватэры нам не падарылі, — кажа Вольга.

Напрыканцы жыхары пералічваюць астатняе, на чым будаўнікі эканомілі: у прыбіральнях паставілі бракаваныя трубкі, у людзей у дзвярах упадалі ўнутр замкі, на вокнах або няма або адклейваюцца гумкі. А сцены некаторыя жыхары перад засяленнем тынкавалі зноўку.

ТАК ЛЮДЗІ РАТУЮЦЦА АД НАЛЕДЗІ НА ВОКНАХ

— Яны (падрадчыкі. — Заўв. TUT.BY) самі нам сказалі, што дом пабудаваны з таннага матэрыялу. Выправіць асноўныя недаробкі абяцаюць вясной, калі будзе добрае надвор'е. А як нам жыць цяпер?

Жыхары нас праводзяць і перадаюць словы, якія ім увесь час кажуць начальнікі ЖКГ і ПМК на сходах: «А што вы хацелі? Кватэры ў вас льготныя, зробленыя яны таксама льготна».

— Гэта значыць, прэзідэнт стараецца, падпісвае гэтыя крэдыты, а на месцы кажуць: «Што вам будаваць нармальна, вы ж льготнікі!», — абураецца Вольга.

Падрадчык: «Адразу як звяртаюцца людзі выязджаюць спецыялісты»

Дырэктар генпадрадчыка ПМК № 190 Дзяніс Вайтовіч распавядае, што аб праблемах жыхароў яны ведаюць і рэагуюць на ўсе заяўкі нават па званку.

— Мы адразу рэагуем, калі есць нейкія пытанні. Адразу як звяртаюцца людзі практычна на наступны дзень выязджаюць спецыялісты і ліквідуюць недаробкі. Каб не было цвілі на сценах і наледзі на вокнах, трэба ставіць вокны на мікраправетрыванне. Мы ж выдавалі ўсім памяткі, як карыстацца вокнамі і ўсёй вентыляцыяй. Там жа ідуць вільготныя працэсы.

Вайтовіч кажа, што ён асабіста сутыкнуўся з такімі ж праблемамі, калі сам атрымаў кватэру. Тры гады чакаў, калі ў новабудоўлі знікне вільготнасць.

Што да бракаваных шлангаў, якія далучаюцца да бачкоў унітазаў, то іх, са слоў дырэктара, жыхарам замянілі. А праз надвор'е звонку не могуць толькі афарбаваць швы.

Патопы ж, якія адразу былі ў кватэрах, як кажа Вайтовіч, здарыліся з віны жыхароў. Хтосьці няправільна памяняў змеявік і ў іншых прарвала пасля самаробных работ.

— Ірванула і затапіла восем паверхаў так, што з вентыляцыі вада ішла. А ва ўсім, як звычайна, абвінавачваюць будаўнікоў.

Па каментар звярнуліся таксама да намесніцы гендырэктара Дзяржынскага ЖКГ Таццяны Шашок. Пачуўшы тэму нашага пытання, начальніца спачатку спаслалася на занятасць, а пасля не адказвала на званкі цягам двух дзён. Да генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксея Малахава аператыўна дазваніцца не ўдалося.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках