25 красавiка 2024, Чацвер, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Перад Калядамі робяць набыткі больш актыўна»

8
«Перад Калядамі робяць набыткі больш актыўна»
ФОТА: TUT.BY

Гісторыя чалавека, які з'ехаў з Менска ў вёску і разводзіць гусей.

Па злёгку размытай дажджом прасёлкавай дарозе мы заязджаем у вёску. У некаторых дамах вокны забітыя дошкамі і зразумела, што там ніхто не жыве. Паварочваем направа — насустрач нам ідзе гаспадар аграсядзібы «Гусі-Лебедзі» Андрэй Кізілевіч. Некалькі гадоў таму Андрэй з'ехаў з Менска ў вёску і заняўся бізнэсам. Адзін з іх — развядзенне гусей. Перад Калядамі, калі за традыцыйную страву на стале ўважаецца гусь, ён пагадзіўся паказаць, як правільна гатаваць птушку і распавёў tut.by аб тым, як памяняў сталіцу на ціхае жыццё.

АНДРЭЙ КІЗІЛЕВІЧ, 50 ГАДОЎ, ПЕРАЕХАЎ З МЕНСКА Ў ВЁСКУ НЕКАЛЬКІ ГАДОЎ ТАМУ І ПАЧАЎ РАЗВОДЗІЦЬ ГУСЕЙ, АДКРЫЎ АГРАСЯДЗІБУ «ГУСІ-ЛЕБЕДЗІ»
ФОТА: TUT.BY

«У лес каля вёскі заходзіш, а там дрэвы вялікія, мядзведзі водзяцца»

Андрэй па адукацыі аўдытар, да пераезду ў вёску Зорычы Барысаўскага раёна ён працаваў і жыў у Менску, здымаў там кватэру. Кажа, што быў абсалютна гарадскім жыхаром і нават не ўяўляў, як гэта — займацца сельскай гаспадаркай. Але ў 2009 годзе наважыў набыць дом у вёсцы.

— Здымаць кватэру ў Менску вельмі цяжка: ні пахварэць, на ўсім эканоміш. Паўстала пытанне, што патрэбны дах над галавой: ці мала што, а зямля і дах будуць, — распавядае ён.

АГРАСЯДЗІБА «ГУСІ-ЛЕБЕДЗІ», У ЯКОЙ ГАСПАДАР ПАСТАРАЎСЯ ЗАХАВАЦЬ ВЯСКОВЫ КАЛАРЫТ
ФОТА: TUT.BY

У той час стары дом і недагледжаная тэрыторыя каля яго абышліся ў эквіваленце блізу 1500 даляраў, ды і то давялося браць крэдыт. Да дома ў Андрэя было некалькі пажаданняў: каб знаходзіўся недалёка ад чыгуначнай станцыі і можна было па працы аўдытарам ездзіць у камандзіроўкі па Беларусі, каб побач былі лес і рэчка. Так і выйшла.

— У лес каля вёскі заходзіш, а там дрэвы такія вялікія, як у савецкім фільме «Навагоднія прыгоды Машы і Віці», мядзведзі водзяцца, казулі, зайцы па вёсцы ўначы скачуць. Неяк выходжу на ганак увечары — ваўкі выюць, — распавядае Андрэй, як кардынальна пасля пераезду з горада ў вёску змянілася яго жыццё.

ПЕРАД ТЫМ, ЯК ПРЫГАТАВАЦЬ КАЛЯДНУЮ ГУСКУ, ЯЕ ТРЭБА ЗЛАВІЦЬ
ФОТА: TUT.BY

У Зорычы Андрэй пераехаў у 2010 годзе і стаў рамантаваць дом: перакладаць падлогу, праводзіць электрычнасць.

— Вось гэта — самаробныя свяцільні, — паказвае ён на лямпы над сталом, — стол — з уваходных дзвярэй і ножак ад пуфіка, вельмі многае ў доме зроблена сваімі рукамі.

Свой пераезд ён тлумачыць у асноўным фінансавымі прычынамі: у горадзе за ўсё трэба плаціць, а ў вёсцы гародніна і садавіна са свайго падворка. У агародзе ў Андрэя летам раслі не толькі агуркі, памідоры, перац і зеляніна, а дыні і кавуны. Распавядае, што смакам апошнія не адрозніваліся ад пакупных, толькі памеры ў іх меншыя. Нават гарбату суразмоўца не набывае, а збірае скрыпень, яго і заварвае.

«Самае вялікае ўражанне: як за 30 дзён з вадзяністай масы выходзіць гусяня»

Гусі ў жыцці Андрэя з'явіліся пару гадоў таму, калі ў вёсцы знаёмыя далі паспрабаваць мяса гэтай птушкі.

ФОТА: TUT.BY

— Як гэта смачна! Потым пачытаў пра іх і даведаўся, што гусей нескладана разводзіць, гэта птушка непатрабавальная і яна хутка набірае вагу. Спецыяльна паехаў у Лагойск, каб набыць яйкі пародзістых шэрых гусей. Паклаў іх у інкубатар, і за 30 дзён, з іх вылупіліся гусяняты. За многія гады самае вялікае ўражанне, якое ў мяне было, гэта як за 30 дзён з гэтай вадзяністай масы выходзіць птушаня, — кажа ён.

Цяпер у хатняй гаспадарцы ў Андрэя прыблізна 80 шэрых гусей і пяць халмагорскіх. Вага апошніх можа быць блізу 15 кг, у той час, як у шэрых гусей яна даходзіць толькі да пяці кілаграм. Суразмоўца адзначае, што набыць пародзістых гусей на развядзенне, напрыклад, такіх як халмагорскія, у Беларусі не так ужо і проста.

ФОТА: TUT.BY

Вялікага попыту на гусей з асабістай падсобнай гаспадаркі Андрэя, з ягоных слоў, пакуль няма. Але да Свята нараджэння Хрыстовага колькасць званкоў ад пакупнікоў вырасла: людзі хочуць запекчы і падаць да стала традыцыйную калядную страву. Толькі за гадзіну нашай размовы яму патэлефанавалі некалькі чалавек.

— Перад Калядамі пакупнікі пачалі тэлефанаваць больш актыўна, але бывае цяжка прадаць, бо людзі не хочуць замарожанай гусяціны. Хоць смакам яна нічым не адрозніваецца ад не замарожанай. Ды і не ўсе могуць дазволіць сабе яе купіць, — тлумачыць ён.

«Аграсядзібы з еўрарамонтам — гэта, як «палацы ў полі»

Летам мінулага года Андрэй адкрыў у вёсцы аграсядзібу «Гусі-Лебедзі», набыўшы ў суседзяў дом. Умовы пражывання там — максімальна набліжаныя да сельскіх. Туалет акуратны і новы, але на вуліцы, абстаноўку ў доме практычна не мянялі, пакінуўшы на кухні нават расейскую печ.

ФОТА: TUT.BY

— Для мяне вясковы адпачынак — вясковы дом, прыбіральня на вуліцы, а аграсядзібы з еўрарамонтам, якія я называю «палацамі ў полі», не разумею. Яшчэ бывае, людзі тэлефануюць і пытаюцца, якія тут ёсць забавы. Але ж самае вялікае задавальненне, не забавы, а тое, што чалавек можа схадзіць у лес, убачыць, як яго нага тоне ў дыване моху, пазбіраць грыбы і ягады.

Пакуль мы размаўляем і п'ем гарбату са скрыпеню, у духоўцы запякаецца гусь з яблыкамі. Водар стаіць такі, што сыходзіць з кухні не хочацца. Андрэя гэтым стравай не здзівіш: гусь на яго святочным стале — частая з'ява. І асабліва смачнай яна атрымаецца, калі напярэдадні тушку на дзень замачыць у падсоленай вадзе, затым на гадзіну паставіць адпарвацца ў разагрэтую да 160 градусаў духоўку, затым дастаць, нафаршаваць яблыкамі і нацерці соллю са спецыямі. Ну, а ўжо затым — на тры гадзіны паставіць у духоўку запякацца пры тэмпературы 180 градусаў. Пры гэтым перыядычна трэба зазіраць у духоўку і паліваць тлушчам гусака, які ўтварыўся на блясе, тады скарыначка ў птушкі атрымаецца румянай.

ФОТА: TUT.BY

Развітваючыся Андрэй кажа, што ні за што на свеце цяпер бы не вярнуўся ў горад і не адмовіўся ад свайго спакойнага жыцця сярод прыроды.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках