Сяргей Верамко падпісаў кантракт з «Менскам»
- 8.01.2018, 16:25
- 8,425
Былы брамнік БАТЭ будзе абараняць колеры сталічнага клуба.
Сяргей Верамко выхаванец клубнай СДЮШАР "Мінска" (трэнер - Заруцкі Уладзімір Ільіч). Прафесійную кар'еру Сяргей Верамко пачаў у структуры менскага "Дынама", выступаў за "Дынама-Юні", "Дынама-2" і дубль "бела-блакітных". Затым з'ехаў ва Украіну, дзе некалькі сезонаў правёў у Харкаўскім "Арсенале", піша "Прессбол".
У 2006 годзе галкіпер вярнуўся ў Беларусь і два гады выступаў за гарадзенскі "Нёман". У 2008 годзе перайшоў у БАТЭ. У сезоне-2010/11 зноў з'ехаў ва Украіну, дзе выступаў за "Севастопаль", затым тры гады правёў у самарскіх "Крылах Саветаў". У сезоне 2014/2015 выступаў за "Уфу", у сезоне-2015/16 за грэцкі "Левадыякас". У 2016 годзе Сяргей вярнуўся ў БАТЭ. З барысаўскім клубам Сяргей сабраў вялікую калекцыю ўзнагарод. Пяць разоў здабываў золата чэмпіянату Беларусі, два разы перамагаў у Суперкубку і адзін раз у Кубку краіны. У 2007, 2009 і 2010 гадах станавіўся "Найлепшым брамнікам чэмпіянату Беларусі".
Сяргей Верамко выступаў за нацыянальную каманду Беларусі з 2008 да 2014 і правёў за каманду 26 гульняў.