Балгарыя падчас старшынявання ў Еўразвязе не будзе дамагацца паслаблення санкцыяў супраць РФ
- 8.01.2018, 18:40
- 7,620
Масква не змяніла свае паводзіны, каб можна было казаць пра пошукі нармалізацыі стасункаў.
Балгарыя ў стасунках з Расеяй падчас свайго старшынявання ў Еўразвязе будзе прытрымлівацца прынцыпаў, прынятых Радай ЕЗ у дачыненні да санкцыяў. А умоваў для іх змякчэння пакуль няма.
Пра гэта сказаў сталы прадстаўнік Балгарыі амбасадар Дзіміцер Цанчаў, паведамляе УНІАН, дадаючы, што Сафія пачала старшыняванне ў арганізацыі.
"Мы будзем прытрымлівацца пяці прынцыпаў адносна стасункаў з Расеяй, якія былі ўхваленыя Радай у сакавіку 2016 года. Важнай умовай для змены стасункаў ЕЗ з Расеяй з'яўляецца поўнае выкананне Менскіх дамоўленасцяў усімі бакамі канфлікту. Цяпер гэтая ўмова не выкананая", – сказаў ён.
Цанчаў падкрэсліў, што ЕЗ настойвае на неабходнасці, каб Масква паважала міжнароднае права. І адвод цяжкага ўзбраення ад лініі судакранання застаецца "абсалютна неабходным". Балгарскі дыпламат запэўніў, што ягоная краіна падчас свайго прэзідэнцтва гатовая працаваць над паляпшэннем стасункаў з Расеяй пры ўмове, што сітуацыя зменіцца.
"Але цяпер для гэтага ўмоваў няма", – падкрэсліў Цанчаў.
Як паведамлялася, Балгарыя з 1 студзеня ўпершыню пасля ўступлення ў Еўрапейскі звяз прымае старшынство ў Радзе ЕЗ. Як вядома, цягам другой паловы 2017 года на чале Рады была Эстонія. Сваімі галоўнымі задачамі Балгарыя мяркуе падтрымку бяспечнай, стабільнай і салідарнай Еўропы.