20 красавiка 2024, Субота, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: «Касманаўтаў» з Драздоў вяртаюць на зямлю

51
Яўген Афнагель: «Касманаўтаў» з Драздоў вяртаюць на зямлю

Стыхійныя пратэсты ўспыхваюць ва ўсёй краіне.

У Беларусі адначасова праходзіць некалькі экалагічных пратэстаў. Жыхары вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна выходзяць з 25 снежня на мітынгі праз пабудаваны кітайцамі завод у вытворчасці цэлюлозы. Пад Берасцем таксама патрабуюць спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода «АйПаўэр». У Калодзішчах пад Менскам людзі выходзяць на акцыі праз высечку лесу пад завод «Амкадор».

Ці адсочвае Беларускі Нацыянальны Кангрэс сітуацыю са стыхійнымі экалагічнымі пратэстамі? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да аднаго з лідараў БНК, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля:

- Вядома, гэтыя акцыі – важныя сімптомы і мы сочым за імі і аналізуем іх. Па-першае, я хачу сказаць, што гэта не адзінкавыя выпадкі стыхійных пратэстаў, а толькі тыя, пра якія ўдалося даведацца незалежным журналістам. Я сам жыву ў Калодзішчах і бачу, што тут адбываецца: людзі былі незадаволеныя і пратэставалі задоўга да таго, як інфармацыя пра гэта трапіла ў СМІ.

Таму я раблю выснову, што такіх «гарачых» месцаў у Беларусі нашмат больш. Тыя, хто знаёмы з асаблівасцямі нашай прыроды, ведае: самы небяспечны пажар – гэта пажар на тарфяніку, калі быццам бы зверху нічога не відаць, але пад нагамі, пад мохам, напраўду зямля тлее.

Цягам усяго 2017 года была маса прыкладаў таго, як людзі падымаліся на стыхійныя пратэсты праз планы ўлады пабудаваць які-небудзь шкодны завод, правесці дарогу і гэтак далей.

- Чаму гэта адбываецца?

- Адказ просты: уладам з іх «касмічнымі» планамі напляваць на інтарэсы звычайных людзей. Сітуацыя ў краіне такая, што Лукашэнку і ягонаму атачэнню банальна патрэбныя грошы. І гэты «кэш» улады гатовыя зарабляць на чым заўгодна. Іх не хвалюе ні дабрабыт людзей, ні іх здароўе, жыццё і будучыні іх дзяцей.

Мы бачылі шмат прыкладаў, як на загад кагосьці пачынаюць зносіць дамы, перасяляць іх уладальнікаў з абжытых месцаў. Толькі вядомых прыкладаў назапасіліся ўжо дзясяткі. Але яны – толькі вяршыня айсберга. Стыхійныя пратэсты апошніх тыдняў – у Берасці, Светлагорску і Калодзішчах – невялікія месцы, якія сталі прыкметнымі. У тым ліку і з «космасу» саманадзейнасці, у якім знаходзіцца ўлада.

Напраўду геаграфія незадаволенасці значна шырэйшая. Калі б мы склалі яе дакладную мапу стыхійных пратэстаў, то ўбачылі б перад сабой сфагнум, які цьмее шматлікімі іскрамі. Гэта ўражвае, калі ўмець яго бачыць.

Улада згубіла нейкі тонкі нюанс, не адчула ледзь улоўны імпульс. Сігнал, які цяпер зыходзіць са шматлікіх ачагоў стыхійнай незадаволенасці, чытаецца проста: людзі ўжо не тыя, яны гатовыя змагацца і вяртаць «касманаўтаў» з Драздоў на зямлю.

- Калісьці Чарнобыльскі шлях згуртаваў беларусаў: марш 1996 года быў адным з самых масавых у гісторыі незалежнай Беларусі. Ці можа цяпер тэма абароны навакольнага асяроддзя аб'яднаць людзей для выстаўлення палітычных патрабаванняў?

- Справа ў тым, што людзі ўжо агулам аб'яднаныя на ідэі непрымання таго, што робяць улады. Гэта паказалі пратэсты 2017 года. Не трэба думаць, што дух тых пратэстаў кудысьці «знік».

Сітуацыя такая, што аб'яднанне людзей у імя пратэсту можа выліцца раптоўна, як «Бог з машыны», праз усякую дробязь. Лакальная праблема якога-небудзь горада ці нават вёскі можа стаць імпульсам, які зменіць Беларусь.

Як паказвае практыка, і праз гэты досвед праходзіць усё больш людзей, на лакальным узроўні гэтыя праблемы эфектыўна развязаць нельга. Усё, што атрымаецца – гэта нейкія часовыя саступкі, а насамрэч – пустыя абяцанкі людзям, як некалі падманвалі індзейцаў, каб у выніку падпісаць нявыгадныя для іх дамовы і адабраць усё.

У 2017 годзе я быў на некалькіх сустрэчах ініцыятыўных груп, створаных падчас пратэстаў супраць няўзгодненых з людзьмі забудоў, высечак лясных масіваў і гэтак далей. Хачу адзначыць такі момант: часам на гэтых сустрэчах гучалі прапановы збіраць подпісы, звяртацца да чыноўнікаў... Але, як паказала практыка, на гэтыя подпісы-звароты ўлады проста плявалі. А вось стыхійныя мітынгі з перацінаннем дарогі для тэхнікі заўсёды былі для іх «халодным душам» - вярталі на зямлю. І нават тыя, хто тады не разумеў значэння вулічных акцый, потым згаджаліся: нашы патрабаванні чуюць толькі тады, калі іх шматкроць узмацняе вуліца. Вуліца – адзіны «перакладчык», які нашы словы ператварае ў форму, зразумелую для Лукашэнкі і ягоных людзей.

Важна разумець: улада будзе нас слухаць толькі тады, калі мы будзем яе абіраць. Таму ключ да развязання ўсякай праблемы ў Беларусі – лакальнай або глабальнай – крыецца ў вяртанні сумленных і свабодных выбараў пад міжнародным кантролем, за што паслядоўна змагаецца Беларускі Нацыянальны Кангрэс.

А вярнуць прынцып выбарнасці ўлады можна толькі адным шляхам: гэта дэманстрацыя волі народа на вулічных акцыях і пратэстах. Таму мая парада ўсім незадаволеным – прыязджайце ў Менск 25 сакавіка і будзем разам дамагацца развязання хвалюючых нас праблем.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках