26 красавiка 2024, Пятніца, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці адродзіцца ў Беларусі мастацкае шкло мануфактур князёў Радзівілаў?

4
Ці адродзіцца ў Беларусі мастацкае шкло мануфактур князёў Радзівілаў?

Майстры з Налібак засланялі нават знакамітых шкляроў з Багеміі.

Саксонскі курфюрст і вялікі князь літоўскі Аўгуст Моцны шмат сродкаў выдаткаваў для стварэння знакамітага майсэнскага фарфору. А вось князі Радзівілы наважылі ўразіць свет дзіўным мастацкім шклом. Пачатак здабычы быў пакладзены ў Налібаках, дзе з 1717 года стала працаваць шкляная мануфактура.

Вырабы гэтага княжацкага прадпрыемства дагэтуль здзіўляюць вытанчанай апрацоўкай і тонкім густам. З налібацкімі графінамі, куфлямі, кубкамі часам не маглі раўняцца ў якасці і прыгажосці аздаблення вырабы шкляроў з Багеміі. Княжая мануфактура пастаўляла посуд не толькі да стала літвінскіх магнатаў, што раскошай спаборнічалі з французскімі каралямі, але і вывозілася ў Нямеччыну, Галандыю, Англію. Там, вядома, было ў дастатку мясцовай шкляной прадукцыі, але ўсё адно ліцвінскае мастацкае шкло паспяхова вытрымлівала канкурэнцыю ў Еўропе.

Шкляная вытворчасць у літвінскіх землях мела настолькі ўстойлівы попыт, што праз два дзесяцігоддзі была пабудаваная яшчэ адна мануфактура ва Урэччы (цяпер Любанскі раён Менскай вобласці Беларусі). Як і ў Налібаках, майстры ўрэцкай гуты шырока ўжывалі гравіроўку па шкле, выкарыстоўвалі арнаменты з расліннымі матывамі.

Для атрымання шкла высокай якасці майстры Радзівілаў выкарыстоўвалі багатыя мясцовыя рэсурсы. Асновай для промыслу стала Налібацкая пушча, у якой паспяхова развівалася вытворчасць паташу. Сяляне наймаліся на выпальванне лясных абшараў, атрымліваючы сотні тон попелу (з яго і рабілі паташ).

Патрабаваўся досвед спрактыкаваных у шкляной справе знаўцаў. І такіх людзей агенты Радзівілаў завербавалі ў Нямеччыне і Чэхіі. Дарэчы, літвінскія князі тут арыентаваліся на метады курфюрста Аўгуста Моцнага. Той купляў сакрэты фарфору ўсюды, дзе толькі мог. Часам агенты Аўгуста нават выкрадалі спецыялістаў, якіх хавалі потым у фартэцыях паблізу ад Дрэздэна.

Так і ў Налібацкую мануфактуру Радзівілы залучылі майстроў з еўрапейскімі імёнамі. Знаўца варэння багемскага шкла Канстанцін Фрэмэль забяспечыў празрыстасць шкла. Ён адхіліў мясцовы пясок, які пасаваў толькі для варэння зялёнага бутэлечнага шкла. Пясок даводзілася завозіць з Францыі і Чэхіі.

Тэхналагічны працэс вырабу налібацкага шкла хаваў багата сакрэтаў. Патрабавалася сапраўды выконваць прапорцыі змешвання паташу, пяску і фарбавальнікаў. Майстар рыхтаваў сумесь паводле вядомых і спраўджаных ім рэцэптаў. Для варэння існавалі велічэзныя тыгелі. Дамагаліся дзіўнай празрыстасці шкла, у якім не мелася быць ніводнай, нават самага маленечкай бурбалкі паветра.

Майстры ўпрыгожвалі ружовыя, рубінавыя і празрыстыя келіхі, графіны і кубкі накладкамі з каштоўных металаў, асаджвалі шкло ў слановую косць або рэдкія пароды дрэва. Замежны досвед служыў для налібацкіх майстроў зыходным пунктам, а поспех шмат у чым забяспечваўся ўласнымі распрацоўкамі, якія захоўвалі ў вялікай таямніцы.

Знаўцы дэкарацыйна-ужытковага мастацтва пачатку 18 стагоддзя адзначалі, што ліцвінскае мастацкае шкло не капіявала слепа французскія і чэшскія аналагі. Налібацкая мануфактура стварыла сваю школу выдатных малявальшчыкаў, якія аздаблялі посуд выдатна выкананымі сцэнамі з жыцця шляхты, надпісамі з павучаннямі і парадамі. Падтрымліваючы найвышэйшую якасць вырабаў шкляных мануфактур, князі Радзівілы пераследвалі не толькі камерцыйны інтарэс. Яны разглядалі развіццё промыслу ў Налібаках яшчэ і як спосаб заявіць пра сваю магутнасць ва ўсім свеце. Гэта была нібы адна з формаў барацьбы за станоўчую грамадскую думку. Славу ж можна было здабыць не толькі на полі бою, але дасягненнямі мастацтваў і рамёстваў.

Падзел Рэчы Паспалітай і палітычныя ўзрушэнні канца 18-га стагоддзя нанеслі магутны ўдар па шкляным промысле Радзівілаў. Іхнія мануфактуры ў сярэдзіне 19-га стагоддзя сталі страчваць былую вядомасць, не вытрымліваючы цэнавай барацьбы на рынку. Усё менш вырабаў стала прадавацца ў Расейскай імперыі, у Еўропе. Гэтаму спрыяла эканамічная палітыка царскіх улад, якая накіроўвалася на падтрымку расейскага прыватнага капіталу. Расейскім гутам не патрэбныя былі канкурэнты ў заходніх губернях, дзе з прыходам каланіяльных улад эканоміка ўсё больш і больш занепадала.

Сёння ад велічэзнай колькасці вырабленага радзівілаўскімі заводамі мастацкага шкла засталіся лічаныя адзінкі. Рарытэты захоўваюцца ў музеях Львова, Пецярбурга, Варшавы, Кракава. А вось у Менску ды іншых гарадах Беларусі, як адзначаюць знаўцы, палюбавацца налібацкім шклом наўрад выпадзе.

На жаль, былыя традыцыі шкляной вытворчасці майстроў з Налібак сёння трывала страчаныя. Іх аднавіць практычна немагчыма. У гэтым сэнсе саксонцам з Майсэну пашанцавала значна больш, бо мясцовы фарфор і дагэтуль высока шануецца на сусветным фарфоравым рынку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках