22 траўня 2019, Серада, 7:07
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Аўтакефалія - гэта будучыня Беларусі

6
Андрэй Саннікаў

Сінод РПЦ у Менску дэ-факта праходзіць нелегальна.

Паколькі пасля пастановы экуменічнага патрыярха праваслаўныя цэрквы Беларусі больш не знаходзіцца пад уладай Масквы, пастанова сінода РПЦ у Менску будзе незаконнай, заявіў у інтэрв'ю "Польскаму радыё" лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", былы намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Андрэй Саннікаў.

Таксама ён папярэдзіў аб нарастанні пагроз для Беларусі з боку Расеі. Пуцін паставіў Лукашэнку ультыматум, а той спрабуе таргавацца, менавіта таму праходзяць штомесячныя сустрэчы, - адзначыў Андрэй Саннікаў.

Ён упэўнены, што Беларусь верне сваю незалежнасць, і тады паспрабуе атрымаць аўтакефалію. Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў адзначыў у размове з "Польскім радыё", што аўтакефалія для Украіны - гэта ўдар па імперскай палітыцы Крамля, а таксама патэнцыйна небяспечны момант для Беларусі, бо Крэмль можа захацець адыграцца менавіта тут.

- Мы знаходзімся ў небяспечнай сітуацыі. Рэйтынг Уладзіміра Пуціна падае, ён беспаваротна страчвае Украіну, а заўсёды, калі Расея несла паразы на імперскім полі, ахвярай была Беларусь, - кажа Саннікаў. - Лукашэнка спрабуе дагадзіць Пуціну, кажучы, што Магілёў “гэта больш расейскі горад, чым беларускі”. Гэта ганьба для нас.

Былы апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты заявіў, што яшчэ адным прыніжэннем з'яўляецца назіранне за беларускімі вернікамі, якое вядзецца амаральнымі імперыялістамі з Расеі, такімі, як мітрапаліт Павел.

Таксама сінод Расейскай Праваслаўнай Царквы, арганізаваны цяпер у Менску, з'яўляецца нелегальным, бо быў ануляваны дакумент 17 стагоддзя аб вяршэнстве Масквы над Кіеўскай мітраполіяй (тады ў яе склад уваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі). Дыпламат таксама падкрэслівае, што з гэтай прычыны з'яўляюцца незаконнымі і пастановы гэтага сінода.

- Апошнім часам кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаюцца штомесяц - мы назіраем гэта з вясны гэтага года. У пятніцу была сустрэча ў Магілёве, а да канца года будзе яшчэ дзве размовы. Што адбываецца ў Беларусі? Што гэта азначае? Якія перспектывы ўзаемадачыненняў паміж Беларуссю і Расеяй? Як вы бачыце сітуацыю як былы кандыдат у прэзідэнты і былы намеснік кіраўніка МЗС Беларусі?

- Лукашэнка знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі. Дайшло да таго, што эканоміка практычна не функцыянуе, а дыктатар адмаўляецца праводзіць рэформы. Менавіта з гэтай прычыны Міжнародны Валютны Фонд не дае настолькі патрэбныя яму крэдыты. Таму чарговым разам Лукашэнка спрабуе выратаваць сваю шкуру пры дапамозе Расеі. Чарговым разам ягоныя паводзіны паказваюць, што галоўнай мэтай для дыктатара з'яўляецца захаванне ўлады. Дапамогі ў гэтым ён шукае менавіта ў Крамлі.

Мноства аналітыкаў звяртала ўвагу на тое, што цяпер Лукашэнка нібыта падтрымлівае дзяржаўнасць Беларусі, нібыта звяртае ўвагу на нацыянальную культуру, самасвядомасць. А цяпер усё гэта абсалютна нязбытная мара. Я ніколі ў гэта не верыў і не ведаю таго, хто б верыў у гэта ў Беларусі, тым больш з апазіцыі і незалежных палітолагаў.

Для таго, каб падлашчыцца да Пуціна, Лукашэнка на Форуме рэгіёнаў пачаў казаць пра тое, што Магілёў, беларускі горад, з'яўляецца “больш расейскім”. Такія паводзіны "кіраўніка дзяржавы" - гэта ганьба.

Ягоныя словы пацвярджаюць тое, што ніякіх нармальных стасункаў з Захадам Лукашэнка не наладзіць, ніколі не наважыцца на якія-небудзь палітычныя рэформы і будзе гатовы распрадаць Беларусь Расеі па кавалачках да самага канца. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя для нас і для Еўропы. Вельмі шкада, што ў Брусэлі гэтага не разумеюць.

- Чаго нам чакаць найбліжэйшым часам? Як мы адзначалі, апошнім часм сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна праходзяць вельмі часта. З аднаго боку мы маем эканамічны ціск, бо Расея спыніла экспарт нафтапрадуктаў у Беларусь, з другога боку мы бачым “пернік”, бо была пералічаная крэдытная рата (200 мільёнаў даляраў), акрамя таго, больш за 260 мільёнаў даляраў са схемы разлікаў мыт і экспарту, агаворваецца крэдыт на рэфінансаванне крэдыту (630 мільёнаў даляраў).

- Расея цісне на Менск. Крэмль хоча цалкам кантраляваць Беларусь. Ужо цяпер ён кантралюе большую частку стратэгічных рэсурсаў. Праз пастаўкі сырой нафты Масква кантралюе энэргетычную сферу Беларусі, Расеі належаць і газаправоды.

Крэмль хоча прыбраць да рук іншыя прадпрыемствы - яго цікавіць сектар калійных угнаенняў, Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), адзіны завод, які вырабляе цягачы для такіх міжкантынентальных ракет, як «Топаль» і «Ярс». Цікавіць Крэмль і хімічная прамысловасць.

Чаго б Расея сёння не патрабавала - Лукашэнка на гэта не пагаджаецца. Магчыма, ультыматум быў пастаўлены ў Сочы, дзе сустрэча доўжылася асабліва доўга. Цяпер Пуцін не надае яму столькі часу, іх сустрэчы доўжацца 20-30 хвілін.

Відавочна, што Лукашэнка спрабуе з ім таргавацца. Думаю, што гаворка ідзе пра захоп беларускага нацыянальнага багацця, каб цалкам кантраляваць і Лукашэнку, і Беларусь. Пуцін вядзе вайну ва Украіне, таму для яго выдаткі на Лукашэнку вельмі вялікія, хоць, агулам, ён будзе далей яму дапамагаць.

На жаль, і пагроза страты незалежнасці таксама вельмі сур'ёзная, у тым ліку з той прычыны, што ў Расеі ўжо ёсць досвед Крыма, Данбаса, а таксама існуе пагадненне аб так званай “саюзнай дзяржаве”. Ні Еўропа, ні ЗША не разумеюць гэтай сітуацыі.

- Апошнім часам у Расеі ўпаў рэйтынг Уладзіміра Пуціна. Чутныя размовы пра тое, што цяпер ён будзе старацца пераламаць гэтую тэндэнцыю, раней у такія моманты Крэмль звяртаўся да вайсковых канфліктаў. Іншае меркаванне, якое агучвае цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў - патэнцыйная мабілізацыя расейцаў на глебе праваслаўя і яго абароны. Спроба засяродзіць увагу на аўтакефаліі. Як вы глядзіце на гэтае пытанне?

- Падзеі, якія адбываюцца вакол украінскай царквы, маюць вельмі важны характар. Для незалежнасці Украіны яны нясуць вельмі важнае значэнне. Сказаў бы, што гэта падзея дзяржаваўтваральная, якая стварае дзяржаву. Калі Украіна атрымае аўтакефалію, гэта будзе азначаць, што ўжо няма вяртання да постсавецкай прасторы, кантраляванай Крамлём.

Гэта надзвычай важна і для нас. Бо гэта дарога, па якой у будучыні пойдзе і незалежная Беларусь.

Але пры гэтым - гэта сапраўды вельмі небяспечная сітуацыя. Не беспадстаўна расейская праваслаўная царква праводзіць свой сінод менавіта ў Менску.

Трэба памятаць аб тым, што калі становішча Расеі ў імперскім аспекце ўскладняецца, то ахвярай становіцца Беларусь. Гэта адбываецца не першым разам і не толькі за час кіравання Пуціна.

Я ўвесь час успамінаю, калі ў 1996 годзе прэзідэнт Барыс Ельцын хацеў перад выбарамі падвысіць свой рэйтынг і прыехаў у Беларусь, каб пачаць з Лукашэнкам размову аб стварэнні так званай "саюзнай дзяржавы".

Гэта праўда, што Пуцін можа паспрабаваць выкарыстаць Беларусь, каб падвысіць сваю папулярнасць. Аднак, калі ён надумае пайсці шляхам знішчэння незалежнасці нашай дзяржавы, то патрапіць у такую ж пастку, як і ў Крыме. Мы бачым, што Крым прынёс вельмі кароткачасовы эфект. Спачатку людзі радаваліся, аднак Пуцін падставіў цэлую краіну пад удар санкцый.

Дадам, што Лукашэнка ў Беларусі ўжо шмат гадоў не мае ніякай падтрымкі.

- Сінод РПЦ у Менску вельмі сімвалічны. Як гэта разумець? Расейцы хочуць выразна заявіць, што “мы ў сябе дома"?

- Патрыярхам праваслаўнай царквы ў Беларусі з’яўляецца мітрапаліт Павел. Гэта вялікая абраза для беларусаў. Бо ён - расеец, якога прыслалі сюды з Разані. Ён імперыяліст і пагарджае беларусамі.

Вялікі рэзананс атрымалі ягоныя словы, калі ён знаходзіўся яшчэ ў Расеі, аб тым, што калі Захад і далей будзе ціснуць на Крэмль, то можна “адкрыць чарнобыльскі кранік”. Такім чынам ён заклікаў выкарыстоўваць ядзерную зброю, таксама казаў пра тое, што жыцці расейцаў шмат для іх не значаць. Мітрапаліт Павел вельмі цынічны, імперскі поп, што пацвярджаецца ягонымі словамі ў іншых заявах.

І гэта абражае пачуцці беларусаў. Беларуская Праваслаўная Царква знаходзіцца не толькі пад уладай амаральных расейскіх патрыярхаў з Масквы, але і амаральнага расейскага мітрапаліта ў Менску.

Калі паглядзець, дзе ў нядзелю праходзяць набажэнствы, то гэта не праваслаўныя, а каталіцкія і пратэстанцкія цэрквы. Такім чынам людзі паказваюць сваё стаўленне да патрыярха Кірыла і мітрапаліта Паўла.

Сінод у Менску павінен паказаць не тое, што Беларусь усё яшчэ знаходзіцца пад кантролем расейскага патрыярхату. Яны ў гэтым не сумняваюцца. Расея хоча паказаць, што ў яе ёсць хаўруснікі ў вайне з Украінай.

Такое прыніжэнне магчымае толькі з той прычыны, што ў Беларусі існуе рэжым Лукашэнкі.

- Адзначаецца, што калі Сусветны патрыярх адклікаў дакумент канца 17 стагоддзя, які даваў права Маскве на кіраванне Кіеўскай мітраполіяй, а таксама цэркваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то гэта азначае, што Беларусь ужо не з'яўляецца тэрыторыяй маскоўскага патрыярхату. "Маскоўскі патрыярхат арганізоўвае свой сінод у Менску, каб прадэманстраваць яшчэ раз, што ён надалей тут кіруе", - так ацэньвае сітуацыю журналіст "Радыё Свабода" Валер Каліноўскі.

Гэта выпушчаная магчымасць для Беларусі? Ці можа яна цяпер падаць заяўку на аўтакефалію? Ці ёсць шанец для аўтакефаліі ў Беларусі?

- Сапраўды, пра гэта казаў дыякан Андрэй Кураеў: калі быў адкліканы патрыяршы дакумент 1868 года аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад уладу Масквы, то гэта тычыцца таксама і Беларусі, бо ў 17 стагоддзі Рэч Паспалітая і Кіеўская мітраполія ўключалі ў сябе і тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Фактычна, нават месца правядзення сінода РПЦ з'яўляецца нелегальным. Гэта азначае, што яго пастановы будуць неправамерныя ў святле свецкага і царкоўнага права.

Беларусь не страціла шанец на аўтакефалію. Сёння яна знаходзіцца пад акупацыяй пракрамлёўскага рэжыму ў свецкай сферы і маскоўскага патрыярхату, калі казаць пра царкоўную сферу.

Пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, на жаль, размовы аб аўтакефаліі для праваслаўных Беларусі не маюць сэнсу. Бо ён абараняе інтарэсы Крамля. Пасля Лукашэнкі мы пойдзем дарогай Украіны, якой шчыра зычым выстаяць і перамагчы.

- Апошнім часам праблемы існуюць у сайтa Charter97.org. У пачатку года пачалася блакаванне партала на тэрыторыі Беларусі. Да гэтых праблем дадаліся праблемы фінансавання і дапамогі з Захаду.

А сайт Charter97.org выконвае вельмі важную ролю - гэта адзіная з нешматлікіх крыніц інфармацыі, якая падае беларусам праўдзівую інфармацыю не толькі пра сітуацыю ў Беларусі, але і ў Расеі, Украіне, з'яўляецца проціяддзем ад расейскай прапаганды. Адкуль такія праблемы з прызнаннем на Захадзе?

- Апошнім часам заходнія фонды не могуць справіцца з супрацьстаяннем расейскай прапаганды, дэзінфармацыі, раскрыццём фэйкаў. Сродкі з фондаў, якія павінны супрацьстаяць прапагандзе Крамля, дзякуючы працы спецслужбаў Беларусі і Расеі, часцяком трапляюць у рукі тых жа спецслужбаў, альбо іх фарпостаў.

У сайта Charter97.org вельмі шмат чытачоў, магчыма, таму, што выданне пільнуецца прынцыповай пазіцыі. Менавіта з гэтай прычыны заданнем расейскіх і беларускіх спецслужбаў з'яўляецца знішчэнне сайта Charter97.org. Мне здаецца, што менавіта з гэтай прычыны ў гэтага папулярнага партала ўзнікаюць праблемы больш шырокага плана.

Нагадаем, 3 верасня галоўная рэдактарка Наталля Радзіна заявіла пра пагрозу працы сайта «Хартыя-97» праз рэзкае скарачэнне фінансавання і заклікала чытачоў да салідарнасці. Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com