24 красавiка 2024, Серада, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея «абагнала» Лацінскую Амерыку ва ўзроўні няроўнасці

2
Расея «абагнала» Лацінскую Амерыку ва ўзроўні няроўнасці

У краіне ўзмацняецца сацыяльны кантраст.

Расея блізкая да таго, каб упершыню ў сучаснай гісторыі стаць сусветным лідарам у няроўнасці дабрабыту, піша finanz.ru.

На сярэдзіну 2018 года 1% найбагацейшых расейцаў кантралявалі 57% усяго багацця ў краіне, падлічыў швэйцарскі банк Credit Suisse ў штогадовым World Wealth Report.

У канцэнтрацыі багацця ў вузкай праслойкі элітаў Расея ўтрая абагнала Японію і Францыю (дзе 1% валодае 19% і 20% дабрабыту), больш чым удвая - Італію, Вялікую Брытанію і Канаду (там 1% валодае 25% багаццяў) і ў 1,7 разы ЗША і Кітай, дзе доля 1% у сумарным дабрабыце вагаецца ад 33% да 35%.

Узровень няроўнасці ў Расеі высокі нават паводле мерак Лацінскай Амерыкі і Азіі. Так, у Бразіліі 1% насельніцтва належыць толькі 43% актываў, а ў Індыі - 51%.

У сусветным рэйтынгу канцэнтрацыі багацця Расея патрапіла на другое месца пасля Тайланда. На долю 10% самых забяспечаных людзей Расеі прыпадае 82% усяго асабістага багацця краіны супраць 76% у ЗША і 62% - у Кітаі.

Сукупнае асабістае багацце расейцаў Credit Suisse ацаніў на 2,2 трлн даляраў, або амаль 20 тысяч даляраў у сярэднім на душу дарослага насельніцтва.

Пры гэтым у кожнага другога назапашаны капітал не перавышае 2739 даляраў (медыянны ўзровень багацця). У гэтым паказчыку Расея ў 6 разоў адстае ад Кітая (16333 даляра), у 23 разы - ад ЗША (61667 даляраў), у 13 разоў - ад Нямеччыны (35169 даляраў) і амаль у 9 разоў - ад Чылі (23812 даляраў), хоць і апярэджвае Інданезію і Румынію (менш за 2 тысячы даляраў).

Высокая канцэнтрацыя багацця ў Расеі знаходзіць сваё адлюстраванне і ў тым, што, нягледзячы на сціплы ўзровень багацця на душу дарослага насельніцтва, у краіне, паводле ацэнак, налічваецца 74 дарослых даляравыя мільярдэры і 172 тысячы даляравых мільянераў, канстатуе Credit Suisse.

Колькасць апошніх за мінулы год вырасла на 30%. Пры гэтым колькасць расейцаў, якія ўваходзяць у 10% самых багатых людзей свету, павялічылася на 21,5%, да 2,47 млн чалавек, а колькасць тых, хто трапіў у 1% найбагацейшых на планеце, павялічылася на 5%, да 201 тысячы чалавек.

Паводле звестак Расстата, нагадаем, толькі 8,5% грамадзян РФ маюць штомесячны даход, вышэйшы за 60 тысяч рублёў.

Амаль дзве траціны (61%) жывуць на суму, якая не перавышае 27 тысяч рублёў на месяц.

42,1% атрымліваюць менш за 19 тысяч рублёў, што эквівалентна суме 633 рублі, або 9,9 даляра на дзень. Кожны чацвёрты - 26,9% - мае месячны даход, ніжэйшы за 15 тысяч рублёў, або 8 даляраў на дзень, а кожны сёмы знаходзіцца за рысай афіцыйнай беднасці, атрымліваючы не больш за 10 тысяч рублёў на месяц.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках