Літва абнавіла план абароны ў выпадку аварыі на БелАЭС
4- 31.10.2018, 21:50
- 8,662
У папераджальную зону ўваходзіць Вільня, якая знаходзіцца за 50 кіламетраў ад станцыі, якая будуецца.
У сераду літоўскі ўрад зацвердзіў план эвакуацыі насельніцтва на выпадак аварыі на БелАЭС, якая будуецца ў Астраўцы, паведамляе «Литовский курьер».
У выпадку буйной аварыі на БелАЭС будуць эвакуіраваны 6 тысяч жыхароў Літвы, якія знаходзяцца ў трыццацікіламетровай зоне ад ядзернага аб'екта.
Гэтая так званая актыўная зона абароны ўключае тэрыторыі ў самакіраваннях Віленскага раёна і Швянчэнскага раёнаў.
МУС Літвы, якое падрыхтавала план, сцвярджае, што ён створаны з улікам найбольш неспрыяльных умоў інцыдэнту на АЭС - памеру аварыі і неспрыяльных умоў надвор'я.
У дакуменце таксама прадугледжаная стокіламетровая зона прэвентыўнай абароны БелАЭС, у якой у выпадку аварыі будуць весціся іншыя меры абароны.
План прадугледжвае палажэнні, якія вызначаюць арганізацыю і рэалізацыю абароны насельніцтва, функцыі прадстаўнікоў дзяржавы і мясцовых органаў улады, парадак папярэджання і інфармавання грамадскасці.
Эвакуацыя насельніцтва ў выпадку аварыі на БелАЭС будзе каштаваць да 20 млн еўраў.
Літва з'яўляецца асноўным крытыкам БелАЭС, якая будуецца за 50 кіламетраў ад Вільні, сцвярджаючы, што аб'ект будуюць без выканання ўсіх патрабаванняў бяспекі, без выканання міжнародных абавязанняў.