Закрыццё аэрапортаў: што будзе з авіязносінамі ў Расіі
3- 16.10.2026, 22:51
- 1,234
Маскоўскія аэрапорты ўсё часцей прыпыняюць адпраўку і прыём самалётаў.
У ноч на 16 кастрычніка маскоўскія аэрапорты ізноў часова спынялі прыём і адпраўку рэйсаў з-за пагрозы ўкраінскіх БПЛА. На 7 гадзін працу прыпыніў аэрапорт Дамадзедава, на 6,5 — Жукоўскі, на 5,5 — Внукава і Шарамеццева, піша «Нямецкая хваля».
Як падлічылі «Асцярожна, навіны», толькі за гэтую ноч было затрымана або адменена больш як дзвесце рэйсаў. Акрамя таго, часовыя абмежаванні ўводзілі ў аэрапортах Санкт-Пецярбурга, Пензы, Саратова, Саранска, Уфы, Геленджыка, Калугі, Ніжняга Ноўгарада, Тамбова, Пермі, Пскова, Калінінграда, Чарапавца, Казані, Яраслаўля, Ульянаўска, Чабаксараў, Кірава, Самары, Екацерынбурга, Цюмені, Ніжнекамска і Іжэўска, вынікае з паведамленняў Расавіяцыі.
Збоі ў працы маскоўскіх аэрапортаў у апошнія месяцы і тыдні здараюцца ўсё часцей. Так, выданне «Агенцтва» падлічыла, што з 9 кастрычніка Дамадзедава, Шарамеццева і Жукоўскі штодня, акрамя аднаго, прыпынялі прыём і адпраўку рэйсаў; Внукава — усе дні без выключэння. У асобныя дні паветраныя гавані закрываліся нават на 7–9 гадзін.
Яшчэ 1 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў пра намер закрыць неба над Расіяй:
- Сёння мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая выкарыстоўвае расійскую паветраную прастору, кожнага страхоўшчыка, усіх, хто па-ранейшаму карыстаецца ключавымі расійскімі аэрапортамі: расійскае неба становіцца цалкам небяспечным.
На наступны дзень Кіеў накіраваў адпаведнае афіцыйнае паведамленне ў Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі (ІКАО). Неба над Украінай пры гэтым закрыта з пачатку вайны ў лютым 2022 года.
Ці зможа Украіна «закрыць» маскоўскія аэрапорты
Рэжым «Кавёр», пры якім самалётам загадваюць неадкладна здзейсніць пасадку або пакінуць раён, дзе ён дзейнічае, уводзіцца органамі супрацьпаветранай абароны пры парушэнні паветранай прасторы РФ суднам, ужыванні па ім зброі або з’яўленні ў паветры «неапазнаных паветраных суднаў і іншых матэрыяльных аб’ектаў».
«Калі ёсць ваенная пагроза, то пэўны квадрат паветранай прасторы зачыняецца і абвяшчаецца той самы «Кавёр» <…>. І, у прынцыпе, ваенная пагроза — гэта любы дрон», — тлумачыць авіяэксперт Аляксандр Ланецкі.
Ён нагадвае, што ў іншым узброеным супрацьстаянні — паміж еменскімі ісламістамі-хусітамі і Саудаўскай Аравіяй — першым удалося паралізаваць другіх: «І мне здаецца, што ваенныя магчымасці Украіны значна перавышаюць ваенныя магчымасці хусітаў». Ён мяркуе, што ў выпадку пераходу супрацьстаяння Масквы і Кіева да «татальнай вайны» «украінцам не складзе вялікай цяжкасці, калі не паралізаваць, дык вельмі-вельмі ўскладніць працу ўсяго маскоўскага авіявузла — і не толькі яго».
Ваенны эксперт Ян Матвееў прытрымліваецца падобнай думкі. Нягледзячы на тое, што пакуль абяцанне Уладзіміра Зяленскага пра поўнае закрыццё аэрапортаў не збылося, украінскія вайскоўцы «не пакідаюць гэтай ідэі», кажа ён. «Улічваючы, што для імітацыі атакі — каб проста закрыць паветраную прастору, каб запусціць у дзеянне той самы план «Кавёр», <…> патрэбныя даволі танныя і простыя беспілотнікі: без баявой часткі і не такія далёкабійныя», — працягвае эксперт. Ён нагадвае, што толькі баявых БПЛА далёкага дзеяння ўкраінская прамысловасць выпускае дзясяткі або нават сотні ў дзень. А значыць, яны могуць мець неабходныя рэсурсы для выканання задачы па закрыцці паветраных гаваняў.
15 кастрычніка журналіст выдання The Atlantic Сайман Шустэр са спасылкай на інфармаваныя крыніцы напісаў, што аперацыя Украіны з мэтай паралізаваць працу аэрапортаў у РФ «толькі пачынаецца».
Ян Матвееў лічыць, што расійская СПА не зможа цалкам вырашыць праблему ўкраінскіх беспілотнікаў, якія залятаюць у сталічны рэгіён. «Калі б была магчымасць іх збіваць, іх бы ўжо збівалі», — канстатуе ён. На яго думку, калі б у ЗС РФ быў нейкі дадатковы рэзерв, з дапамогай якога яны маглі б узмацніць СПА і не дапускаць увядзення рэжыму «Кавёр», яны б выкарысталі яго ўжо цяпер.
Аляксандр Ланецкі кажа пра магчымасць змянення палажэнняў, якія рэгулююць увядзенне плана «Кавёр», але гэта, у сваю чаргу, створыць дадатковыя пагрозы. Так, напрыклад, рэзка ўзрасце рызыка паўтарэння авіякатастрофы, якая адбылася з самалётам азербайджанскай авіякампаніі AZAL: ён пацярпеў крушэнне ў снежні 2024 года ў выніку працы расійскай СПА.
Ці існуюць рызыкі для грамадзянскай авіяцыі ў Расіі
На рызыку працы СПА па грамадзянскім борце замест ваеннай мэты звяртае ўвагу і Матвееў. З канца 2024 года, калі быў збіты лайнер AZAL, расійская супрацьпаветраная абарона, кажа ён, прынцыпова не змянілася. Для збіцця цэляў ён бачыць два сцэнары. Першы — работа па беспілотніку на нізкай вышыні пры візуальным кантакце з кулямётнай устаноўкі. Пры ім небяспека для самалётаў мінімальная — толькі калі яны не пралятаюць побач.
Але ў выпадку з ракетнымі сістэмамі СПА рызыкі для грамадзянскай авіяцыі істотна ўзрастаюць. Ракета можа аказацца няспраўнай, што практычна непазбежна пры іх масавым выкарыстанні, або «нават перанацэліцца на самалёт, які будзе пралятаць побач». Ваенны эксперт звяртае ўвагу, што ўвядзенне рэжыму «Кавёр» пры любой паветранай пагрозе — нармальная практыка ва ўсім свеце, бо ў такім сцэнары СПА нідзе не можа гарантаваць бяспеку грамадзянскіх суднаў.
Больш за тое, нягледзячы на тое што дроны, якія выклікаюць збоі ў авіязносінах, не абавязкова павінны несці выбухоўку, простае сутыкненне самалёта з імі можа прывесці да вельмі цяжкіх наступстваў. «Калі мы кажам пра дрон, які далятае з Украіны да Масквы, то гэта дастаткова буйная машына. Гэта не маленькі квадракоптар. Яна будзе важыць дзясяткі кілаграмаў», — тлумачыць Ян Матвееў.
Акрамя таго, у жніўні 2023 года ЗСУ атакавалі аэрапорт Пскова, дзе былі размешчаны як ваенныя, так і грамадзянскія самалёты. А 11 кастрычніка 2026-га фрагменты БПЛА ўпалі на тэрыторыі аэрапорта ў Сочы. ЗС РФ таксама наносяць удары па ўкраінскіх аэрапортах. Так, у ноч на 5 верасня Зяленскі заявіў пра атакі на сталічныя аэравакзалы «Кіеў» і «Барыспаль».