Міліцыя зноў затрымала праціўніка акумулятарнага завода ў Берасці
4- 5.10.2018, 18:56
- 9,083
Мужчына правядзе выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання.
Пра сваё затрыманне Канстанцін Астапук паведаміў «Белсату» з Ленінскага РАУС Берасця. Мужчына правядзе выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання.
На мінулым тыдні Канстанціна Астапука разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным ужо затрымлівалі – пасля акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў цэнтры Берасця. Астапук сцвярджае, што падчас затрымання міліцыя яго збіла.
У РАУСе Астапука аштрафавалі на Br73,5 3 за парушэнне ПДР: падчас затрымання праціўнік будаўніцтва заводу выйшаў на праезджую частку.
У пастарунку мужчыне стала кепска, для яго выклікалі хуткую дапамогу.
Ноч з 30-га верасня на 1-га кастрычніка ён правёў у ізалятары.
Пасля выхаду Астапук звярнуўся ў Следчы камітэт з нагоды збіцця, яго скіравалі для правядзення судовай медычнай экспертызы.
4 кастрычніка суддзя суда Ленінскага раёну Берасця Святаслаў Каліна аштрафаваў Астапука на 14 базавых за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, усе абвінавачанні былі пабудаваныя на сведчаннях міліцыянта Аляксандра Букаты.
Учора Канстанцін заявіў «Белсату», што ў нядзелю плануе прыйсці на плошчу Леніна карміць галубоў, і распавёў пра пагрозы з боку міліцэйскага кіраўніцтва за актыўнасць у такіх сходах.
Адразу пасля суду Канстанціну Астапуку ўручылі новую позву ў міліцыю на 5 кастрычніка – «за супраціў супрацоўнікам міліцыі».
Калі мужчына з’явіўся ў пятніцу ў Ленінскім РАУСе, яго затрымалі і адвезлі ў ізалятар. Імаверна суд адбудзецца ў панядзелак.
Са студзеня 2018 года ў Берасці праходзяць акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу «iPower», які будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Мясцовыя жыхары ўважаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне. Пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі супраць будаўніцтва заводу падпісаліся амаль 40 тысяч чалавек.