26 красавiка 2024, Пятніца, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў Літве: хто прыйдзе на змену Грыбаўскайтэ?

3
Выбары ў Літве: хто прыйдзе на змену Грыбаўскайтэ?
ДАЛЯ ГРЫБАЎСКАЙТЭ

У Літве стартавала прэзідэнцкая перадвыбарчая кампанія.

12 лістапада ў Літве афіцыйна стартавала перадвыбарчая кампанія. На гэты момант пра сваё жаданне стаць прэзідэнтам аб'явіла сем чалавек. Партал Delfi разбіраўся, хто яны і чаго варта ад іх чакаць.

Літва - адзіная краіна Балтыі, дзе прэзідэнта выбіраюць прамым усенародным галасаваннем. Кандыдатам можа стаць грамадзянін Літвы старэйшы за сорак гадоў, які пражывае ў Літве на момант вылучэння не менш за тры гады. Тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта - пяць гадоў. Апошнія два тэрміны гэту пасаду займала Даля Грыбаўскайтэ.

Выбары кіраўніка краіны адбудуцца 12 траўня 2019 года, другі тур пройдзе 26 траўня. На гэты момант пра свой намер узяць удзел заявілі эканаміст Гітанас Наўседа, філосаф Арвідас Юазайціс, дэпутат Нагліс Путэйкіс, дэпутатка Аўшра Малдэйкене, еўрапарламентарый Валянцінас Мазуроніс. Кандыдатам ад кансерватараў была абраная Інгрыда Шымонітэ, Рух лібералаў вылучыў кандыдатуру еўрапарламентарыя Пятраса Аўштравічуса.

Лідары апытанняў - кандыдаты-эканамісты

Апытанні паказваюць, што большасць літоўцаў збіраецца галасаваць за 54-гадовага Гітанаса Наўседу. Паводле звестак кампаніі Vilmorus, якая праводзіла апытанне ў кастрычніку, за яго гатовы аддаць голас 23% удзельнікаў. Гітанас Наўседа - эканаміст, былы дарадца прэзідэнта банка SEB. Палітык уважае, што Літве патрэбны сярэдні клас, а значыць, трэба заахвочваць развіццё малога бізнэсу. «Краіна, у якой дабрабыт маюць ад 10-15% жыхароў, гэта не тая краіна, якую хацелі б бараніць 100% грамадзян», - казаў ён у нядаўнім інтэрв'ю.

На другім месцы - кандыдатка ад кансерватараў Інгрыда Шымонітэ. Паводле звестак Vilmorus, яе падтрымліваюць 18% апытаных, прычым рэйтынг расце вельмі хутка: у траўні ён складаў усяго 5%. 43-гадовая Шымонітэ ў 2009 - 2012 гадах была міністаркай фінансаў, працавала ў праўленні Банка Літвы (Цэнтрабанка), цяпер узначальвае парламенцкі Камітэт аўдыту. Падчас эканамічнага крызісу 2009-2012 г. Шымонітэ была ў тройцы самых папулярных асоб, пасля прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ і кардынала Аўдрыса-Юозаса Бачкіса.

Нягледзячы на тое, што Шымонітэ вылучаецца ад кансерватараў, яна актыўна выступае за інстытут грамадзянскага партнёрства. Як яна адзначае, ён патрэбны не толькі гомасэксуальным парам. «Толькі таму, што ў мяне няма мужа, але ёсць мама, якой я вельмі адданая, за якой даглядаю, за якую аддала бы ўсё, што ў мяне ёсць, я не лічу, што ў мяне няма сям'і», - уважае яна.

Іншыя кандыдаты

Пра сваё жаданне абірацца заявіў Арвідас Юазайціс, філосаф, пісьменнік, доктар гуманітарных навук, плывец і бронзавы прызёр Алімпіяды 1976 года. З 2009 да 2012 года ён жыў у Рызе. Юазайціс вядомы ў першую чаргу як адзін з заснавальнікаў руху Саюдзіс, які ў 1988-1990 гадах ініцыявала выхад Літвы з СССР.

Асноўнай праблемай Літвы філосаф уважае тое, што эліта далёкая ад народа і жыве сваім жыццём. «У Літве створаны два жыццёвыя ўзроўні, два лады і цяпер гэта ўжо два варожыя лагеры», - мяркуе ён.

Дэпутат Сейма Літвы Нагліс Путэйкіс вядомы сваёй апазіцыйнай дзейнасцю. У 2016 годзе ён збіраўся падаць у суд на ўрад Літвы праз павышэння коштаў. Актыўна выступаў супраць удзелу Літвы ў місіі NATO ў Аўганістане - сам ён пабываў там падчас службы ў Савецкай арміі і ўважае, што ўмяшанне ў справы гэтай краіны - вялікая памылка. Мяркуе, што Сейм Літвы павінен прыняць папраўкі, якія абцяжарваюць працэс канфіскацыі дзяцей з няшчасных сем'яў.

Аушра Малдэйкене галоўнымі праблемамі Літвы ўважае эміграцыю і самагубства, а сваёй галоўнай мэтай - барацьбу з любой няроўнасцю. «Пара ўспомніць, што Літву мы аднавілі для таго, каб у ёй было добра жыць не толькі абраным, не толькі тым, хто быў народжаны ў правільнай сям'і», - заяўляла яна. Малдэйкене ўважае, што Літва павінна працягваць цеснае супрацоўніцтва з Польшчай, уважае ЗША гарантам сваёй бяспекі і мяркуе, што трэба будаваць узаемаадносіны з Расеяй у рамках знешняй палітыкі ЕЗ. «У лік цывілізаваных краін Расея можа вярнуцца толькі пасля таго, як верне незаконна акупаваныя тэрыторыі», - мяркуе яна.

Валянцінас Мазуроніс мяркуе, што галоўнае - гэта нацыянальная ідэя. Яго лозунг - «Літва. Справядлівая. Квітнеючая». У перадвыбарнай праграме ён прапануе тры крокі: умацоўваць нацыянальную дзяржаву, адмовіцца ад залішніх забаронаў, знізіць сацыяльную няроўнасць. Мазуроніс быў міністрам навакольнага асяроддзя, цяпер з'яўляецца дэпутатам Еўрапарламента.

Літоўскі еўрапарламентар Пятрас Аўштравічус вядомы сваім непрымірымым стаўленнем не толькі да Расеі, але і да Лукашэнкі. Лукашэнка, мяркуе ён, гуляе ў камандзе Крамля, і Еўразвяз не павінен цешыць сябе ілюзіямі. У 2015 годзе еўрадэпутат абвясціў галадоўку ў якасці пратэсту супраць незаконнага, на яго думку, зняволення Надзеі Саўчанкі. Галадоўка не прынесла ніякіх вынікаў і неўзабаве была спыненая.

48-гадовы прэм'ер-міністр Літвы, юрыст Саўлюс Скверняліс паабяцаў прыняць пастанову аб удзеле ў выбарах у 2019 годзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках